У 65% прадэмакратычных беларусаў падзеі 2020-2021 гадоў выклікаюць гонар і павагу за пратэстоўцаў. Зрэзам настрояў і меркаванняў беларусаў у адмысловым сацыялагічным даследаванні за апошнія тры гады падзяліўся Цэнтр новых ідэй сумесна з ініцыятывай «Народнае апытанне». Можна заўважыць, што ў параўнанні з апытаннем у 2023 годзе на некалькі працэнтаў выраслі паказчыкі пачуцця гонару і павагі да пратэстоўцаў у 2020-м, але таксама пачуццё злосці, лютасці, абурэння ў дачыненні да сілавікоў.
Таксама рэспандэнты адзначаюць гора і боль, расчараванне, сум і крыўду праз тое, што пратэсты 2020-га года не дамагліся сваіх мэтаў, адзначаецца ў даследаванні.
У адказ на пытанне, калі б у рэспандэнтаў была магчымасць вярнуцца ў 2020 год, як бы яны дзейнічалі, пераважная большасць — 51% — адказалі, што дзейнічалі гэтакжа як і тады. Ды 43% апытаных беларусаў прызналіся, што дзейнічалі б нават больш актыўна.
Калі параўноўваць адказы рэспандэнтаў па розныя бакі беларускай мяжы, то можна заўважыць, што неабходнасць у большай актыўнасці ў 2020-ым годзе часцей адзначаюць апытаныя па-за межамі Беларусі (46% у параўнанні з 38% рэспандэнтаў у Беларусі), заўважаюць даследчыкі.
Сярод прычынаў чаму ў 2020 годзе пратэстнаму руху не ўдалося перамагчы 79% рэспандэнтаў называе падтрымку Пуціна Лукашэнкі. 56% апытаных таксама лічыць, што сыграў сваю ролю моцны сілавы апарат уладаў. Цікава, што ў параўнанні з тым жа 2022 годам ўжо 44% (а ў 2022 годзе было 33%) прадэмакратычных беларусаў выказвае думку, што ў мірных пратэстах трэба было пераходзіць да сілавога супраціву.
«Пры ацэнцы дынамікі звяртае на сябе ўвагу паслядоўны рост выбару такіх пазіцый, як недахопы ў арганізацыі і каардынацыі пратэсных дзеянняў, а таксама рост крыўды на краіны Еўропы і ЗША за адсутнасць падтрымкі пратэстоўцаў», – заўважаюць сацыёлагі.
Ці атрымаў пратэстны рух паразу? 35% апытаных «хутчэй НЕ згодныя» з гэтай тэзай. 15% — «зусім НЕ згодныя». І важна заўважыць, што колькасць тых, хто быў зусім ці цалкам не згодны з тэзісам пра паразу, з цягам часу пакрысе зніжаецца. Калі ў 2022-ім годзе такіх рэспандэнтаў было 58%, у 2023-ім – 55%, то ў 2024-ым – ужо роўна 50%. Як і раней, доля адмоўнікаў паразы вышэйшая сярод тых, хто дасюль застаецца ў Беларусі.
У апытанцы таксама беларусы назвалі галоўныя сэнсы падзей 2020-га года.
Так, 71% апытаных выбралі адказ на гэта пытанне «мы ўбачылі, што нас шмат». Таксама ў папулярных адказах тэзы «беларусы ўбачылі, якой насамрэч ёсць улада Лукашэнкі» — 61% апытаных, «з’явілася надзея, вера ў магчымасць зменаў» — 60%.
Цікава, што ў параўнанні з 2023 годам узрасла колькасць тых, хто лічыць, што 2020 год — гэта быў найважнейшы этап, пераломны момант у гісторыі (у 2023 годзе так лічылі 43% апытаных, у 2024 — 49%).
Разам з тым па выніках даследавання ў 2024 годзе павялічылася і частка тых, хто мяркуе, што шанец на перамены згублены (у 2023 годзе іх было 30%, у 2024 — 36% рэспандэнтаў).
Аднак 2024 год выявіў і больш станоўчую дынаміку ў дачыненні да высновы, што грамадства ў 2020 годзе перайшло ў новы стан (так лічыла 47% у 2023 годзе, у 2024-м пагадзілася з гэтай думкай ужо 53%).
Агулам у апытанні Цэнтр новых ідэй узялі ўдзел 1015 чалавек, з якіх 318 былі ў Беларусі, 701 – у іншых краінах. Традыцыйна ў якасці метаду выкарыстоўваўся CAWI (інтэрнэт-апытанне праз мэссэнджэры Viber I Telegram).
Больш падрабязнай пазнаёміцца з вынікамі даследавання можна тут.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram