«Яшчэ адзін маленькі крок на шляху вяртання спадчыны» — беларус Дзяніс Баранаў падтрымаў кампанію Беларускай Рады культуры #art_born_Belarus, распачатую ў 2023 годзе з мэтай «вяртання» Беларусі ў сусветны мастацкі кантэкст. Падчас наведвання Нацыянальнай галерэі мастацтва ў Вашынгтоне ён заўважыў на шыльдзе пад карцінай Хаіма Суціна «Партрэт хлопчыка» подпіс «рускі [мастак]». Дзяніс Баранаў зрэагаваў на гэта і пакінуў водгук у інстытуцыі.
«Я быў у Нацыянальнай галерэі мастацтва ў пачатку лютага на шыкоўнай выставе Марка Ротка і паглядзеў адзіную карціну мастака, народжанага ў Беларусі — «Партрэт хлопчыка» Хаіма Суціна, — падзяліўся сваёй гісторыяй суайчыннік у сацсетках. — Нягледзячы на інфармацыйную працу Беларускай Рады культуры, шыльда да твора Суціна па-ранейшаму сцвярджала, што ён рускі жывапісец — нарадзіўся ў Расійскай імперыі, але працаваў пераважна ў Францыі, як і Марк Шагал. Я пакінуў заўвагу аб гэтым у пункце абслугоўвання гасцей, не думаючы, што гэта будзе мець значэнне. Вы можаце толькі ўявіць маё здзіўленне, калі адна з куратарак адказала праз тыдзень і сказала мне, што яна будзе сачыць за тым, каб шыльда была адноўлена ў адпаведнасці з бягучым каталогам. Сёння я быў у тым раёне і вырашыў праверыць. Адзін маленькі крок у шляху вяртання спадчыны выяўленчага мастацтва Літвакоў зроблены», — напісаў Дзяніс Баранаў.
Нагадаем, што кампанія адвакацыі #art_born_Belarus была разгорнута Беларускай Радай культуры, каб пазначыць у калекцыях сусветных мастацкіх музеяў мастакоў-ураджэнцаў Беларусі. Арганізацыі ўжо ўдалося cкарэктаваць месца паходжання аўтараў на этыкетажы на карысць Беларусі ў буйных арт-інстытуцыях. Ды сёння па хэштэгу #art_born_Belarus можна адшукаць шаблоны і аргументацыю, датычную вядомых беларускіх мастакоў — Марка Шагала, Надзі Лежэ, Яна Хруцкага, Фердынанда Рушчыца, Хаіма Суціна, Пітэра Блума — чаму гэтыя імёны маюць дачыненне да Беларусі.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.by у Telegram