Учора, 15 верасня, у лонданскім «Barbican» адбылася прэм’ера оперы «Дзікае паляванне караля Стаха» Беларускага Свабоднага тэатра — доўгачаканай прэм’еры паводле аднайменнага рамана Уладзіміра Караткевіча. Сёння а 20.40 (па мінскім часе) тэлеканал «Белсат» робіць трансляцыю паўторнага паказа чаканай пастаноўкі Мікалая Халезіна — беларускія гледачы атрымаюць магчымасць убачыць нашумелую прэм’еру ўвечары не толькі ў эфіры тэлеканала, а і на YouTube.
Згодна з ліцэнзійнымі патрабаваннямі, трансляцыя на YouTube будзе дасяжная выключна на тэрыторыі Беларусі, Украіны, Грузіі, Арменіі, Расеі, Азербайджана, Казахстана, Кыргызстана, Малдовы, Таджыкістана, Туркменістана і Узбекістана, паведамляе тэлеканал.
Без тэрытарыяльных абмежаванняў трансляцыя будзе весціся ў спадарожнікавым эфіры «Белсата» ды кабельных сетках. Уладальнікам смартфонаў і тэлевізараў з функцыяй «Smart» раяць усталяваць аплікацыю «Belsat Smart».
Спектакль ідзе на беларускай мове з англійскімі субтытрамі.
Па словах рэжысёра і арт-дырэктара Беларускага Свабоднага тэатра Мікалая Халезіна, тэатру важна, каб пастаноўку пабачылі не толькі ў Лондане, але і ў Беларусі.
«Дзікае паляванне караля Стаха» – сінтэз оперы, драматычнага тэатра, мультымедыя і жывой музыкі, пазначаны жанрам «гатычны нуар». У спектаклі прымаюць удзел артысты з Беларусі і Украіны.
Музыку напісала кампазітарка Вольга Падгайская, лібрэта стварылі Мікалай Халезін і Андрэй Хадановіч, рэжысёры – Мікалай Халезін і Наталля Каляда, дырыжор – Віталь Алексяёнак, харэографка – Марыя Сазонава.
На жаль, беларускі спявак Ілля Сільчукоў не здолее выступіць на прэм’ерным паказе, але, магчыма, далучыцца да праекта пазней.
Глядзець трансляцыю можна тут.
Сообщить об опечатке
Текст, который будет отправлен нашим редакторам: