Лявон Вольскі адрэагаваў на затрыманне музыкаў «Бі-2» у Тайландзе допісам у сацсетках.
Беларускіх музыкаў заўжды прываблівала Расея, — пачынае свае разважанні музыка. Бо там быў рынак і шоў-бізнэс з «чалавекападобным» тварам, вялікія ганарары.
А ў Беларусі — дзяржаўная эстрада, чорныя спісы і татальны кантроль. І ў параўнанні з Расіяй — невялікая колькасць публікі. Да таго ж расійскі поспех спрыяў папулярнасці ў Беларусі. Бо тут глядзелі на «старэйшага брата».
«Найлепей было ў 90-я, — працягвае Вольскі. — Тады ў Расеі актыўна канцэртавалі і нават здавалася, «прапісаліся» гурты з Украіны, Малдовы, Беларусі, Казахстану. Яны выдавалі альбомы на расейскіх лэйблах, гралі на фэстывалях і карпаратывах, ладзілі гастрольныя туры.
І быццым бы ўсё так вясёлкава й бязвоблачна, але ўкраінскі гурт «ВВ» прадусары мякка й настойліва папрасілі ўключыць у альбом песьні на расейскай мове — маўляў, пашырым аўдыторыю. І ўключылі. Тое самае адбывалася з малдаўскімі «Zdob şi Zdub». Ну, а што рабіць? Як там гучыць расейская прымаўка пра чужы манастыр і свой статут? Будзьце ласкавыя выконваць патрабаваньні (не, безумоўна, не патрабаваньні — настойлівыя рэкамэндацыі!) тэрыторыі, на якой вы збіраецеся зарабляць грошы.
Беларускую «Краму» паступова выціснулі з рынку, бо, відаць, нашыя музыкі занадта добра гралі ў параўнаньні з расейскімі блюз-гуртамі. Стваралі нездаровую канкурэнцыю. Напачатку таксама прапанавалі частку рэпэртуару выконваць па-расейску, потым — «разбавіць» уласную праграму блюзавымі стандартамі, урэшце ўсё зьвялося да рэдкіх клюбных канцэртаў і паступова расейская кар’ера «Крамы» завяршылася.
Тым часам набіраў абароты «Ляпіс Трубяцкі» са свам новаствораным жанрам самаіранічных тыпу-дваровых сьпеваў. Уся Расея сьпявала «Ау» і «Ты кінула», пачаўся бясконцы расейскі тур «Ляпісаў», калі ты мусіш у любую гадзіну дня і начы быць напагатове, бо могуць раптоўна патэлефанаваць і запрасіць ужо заўтра граць у Ніжнявартаўску.
Іншы беларускі гурт — «Бі-2» зрабіў галавакружную кар’еру ў Расеі напрыканцы 90-х-напачатку 2000-х. Два лідэры гурту прайшлі праз усе колы эміграцыі, праз Ізраіль ды Аўстралію, каб урэшце скарыць расейскую публіку…»
Аднак які вынік гэтых расійскіх ваяжаў? — пытае музыка. І згадвае, што гурт «Ляпіс Трубяцкі» змяніў некалькі складаў, бо музыкі не вытрымлівалі канцэртнай гонкі і сыходзілі з дыстанцыі. Гурт збіраў арэны гледачоў, але пасля ўварвання Расеі ва Украіну назаўсёды пакінуў калісьці перспектыўную тэрыторыю.
«Уяўляю сабе, як гэта цяжка, як балюча — ламаць напрацаваныя схемы, рваць трывалыя сувязі, адмяняць дзесяцігоддзямі наежджаныя маршруты, — піша Вольскі. — Але па-іншаму не выпадае, калі толькі ты ня хочаш паўтарыць подзьвіг Сукачова ці яшчэ якога былога расейскага рок-музыкі, а цяпер — прапагандыста «рускага міра».
А якое расчаравеньне было ў нашых музыкаў, якія да вайны «паігрывалі» ў маскоўскіх ды піцерскіх клюбах і спадзяваліся, што іх ўсё ж такі заўважыць уплывовы прадусар і пачнецца новае зорнае жыцьцё! А такія беларускія музыкі былі, і нямала, паверце.
Але што ўсе гэтыя расчараваньні ў параўнаньні з пачуцьцямі музыкаў гурту «Бі-2», якія зараз (я спадзяюся, калі вы будзеце чытаць гэтыя радкі, усё ўжо станоўча вырашыцца) сядзяць у вязьніцы ў Бангкоку!
Гэта людзі, якія неаднаразова былі на вяршынях музычнага Алімпу (ой, даруйце мне гэты шаблённы выраз!), якія аб’езьдзілі з канцэртамі ўвесь сьвет, якіх любяць па ўсім гэтым сьвеце мільёны прыхільнікаў! І вось яны праз падступныя дзеяньні расейскага консула ў Тайляндзе мусяць зараз сядзець у 80-мяйсцовай клетцы разам зь іншымі вязьнямі. Пад адкрытым сонцам. Пры тэмпэратуры 35-40 градусаў.
Такі час. Не падтрымліваеш вайну Расеі супраць Украіны — значыцца, ты вораг гэтае Расеі.
Але пры чым тут час? За расейскім стырном цяпер — тыя ж людзі, што і дваццаць гадоў таму. Яны ўсё вырашаюць, усім кіруюць, усё кантралююць. Проста тады не было магчымасьцяў паказаць свой сапраўдны твар.
Трэба было маскавацца, мімікраваць. Тады яны хадзілі на канцэрт «Бі-2» і рабілі выгляд, што ім падабаецца. Па-іншаму тады не выпадала.
А цяпер ужо можна ўсё. Вось яны й карыстаюцца гэтым. І зь нецярплівасьцю чакаюць, пакуль музыкаў з Тайлянду вышлюць усё ж такі (расейскія дыпляматы ў Бангкоку робяць усё, каб гэта здарылася. А яны, як высьвятляецца, маюць там уплыў!) да іх, у іхныя лапы, у іхныя кіпці, у Расею. Яшчэ б! Такая буйная здабыча! Так і мроіцца: паказальны працэс, народныя масы — працоўныя, сяляне ды інтэлігенцыя — патрабуюць суворага пакараньня для здраднікаў!
І што, ніхто зь мільёнаў расейскіх фанаў гурту ня выйдзе на Красную плошчу з транспарантам «Бі-2 — Be Free!»?
Каюся, некалькі разоў граў там. Даўно ўжо. Але ніколі ня меў да гэтае тэрыторыі сантымэнту ды нейкіх там спадзяваньняў. Ведаў, што ўсё адно не складзецца. І дзякуй Богу!»
Нагадаем, што 24 студзеня гурт «Бі-2» быў затрыманы пасля канцэрта ў Тайландзе нібыта з-за некарэктна аформленых дакументаў. Яны ўтрымліваліся ў міграцыйнай турме Тайланда. Паводле апошніх даных, усе музыкі «Бі-2» вылецелі ў Ізраіль.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.by у Telegram