Труна пад чырвоным покрывам, папяровыя кветкі, што вісяць на столі, і свечка на разбітым сподку — так выглядае інсталяцыя беларускай мастачкі Разаліны Бусел, у якой метафарычнай мовай творца адлюстроўвае досвед эмігранта, які пакінуў радзіму і пакутліва адкрыў сябе ў новай якасці. У Цэнтры мастацтва ў Быдгашчы працуе выстава «Жыццё ў падвешаным стане».
Беларуская мастачка Разаліна Бусел жыве ў Польшчы з 2022 года, а з тэмай межаў і эміграцыі працуе ўжо каля трох гадоў. Гэтым разам аўтарка вырашыла падсумаваць свой досвед і тысячы іншых людзей у смелым праекце, дзе яна прапануе паглядзець на працэс эміграцыі як на пахавальны рытуал.
«Перасячэнне жыцця і смерці, фізічнай мяжы краін… Мы бачым сімвалічную мову мастачкі, дзе трансфер — гэта труна, кветкі — праязныя квіткі, а свечка — памежны слуп. Ніхто не хоча вымушана пакідаць радзіму, нікто не хоча паміраць. Але нам прыходзіцца пераадольваць гэтыя межы, і тады ўсё, што мы можам зрабіць, гэта здзейсніць рытуальны пераход. У гэтым сэнсе экспазіцыя і з’яўляецца сімвалам персанальнага перажывання перамяшчэння», — адзначаецца ў анатацыі да выказвання.
«Для людзей працэс эміграцыі дастаткова складаны, нават калі выбар змяніць краіну пражывання з’яўляецца свядомым. Для тых, для каго эміграцыя з’яўляецца вымушаным дзеяннем, яна даецца ў разы цяжэй. Момант прыняцця культуры, паўсядзённасці, рэальнасці іншай краіны і ўсведамленне немагчымасці застацца на радзіме расцягваецца ў вялікі прамежак часу, які доўжыцца гадамі і пераўтвараецца ў стан «паміж» («in between», «suspense»). У гэтым стане людзі вымушаны жыць, і кожны/ая па-рознаму дае рады сваім цяжкасцям».
Праект будзе працаваць да 25 ліпеня. Месца сустрэчы: Bydgoskie Centrum Sztuki (Jagiellońska, 47).
Праект створаны ў межах арт-рэзідэнцыі PerspAKTIV, якая рэалізуецца ініцыятывамі RAZAM, Амбасадай культуры і муніцыпальнай галерэяй Arsenał у Познані пры фінансавай падтрымцы Федэральнага міністэрства замежных спраў Германіі.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram
Сообщить об опечатке
Текст, который будет отправлен нашим редакторам: