Незалежны беларускі тэатр HomoCosmos анансаваў выхад сацыяльнага лічбавага праекта Red Cap Must Cry

Культура
Фрагмент вокладкі да праекта Red Cap Must Cry. Аўтарка ілюстрацый - Саша Канакова. Фота: facebook.com/homcosmos.

Незалежная тэатральная кампанія HomoCosmos анансавала выхад новага праекта. Тэатр зрабіў стаўку на лічбавы фармат і прэзентуе рэліз мабільнай гульні, якая па форме нагадвае тэатральнае анлайн-прадстаўленне.

Мабільная гульня пад назвай Red Cap Must Cry створана па матывах рамана нямецкай аўтаркі Беяты Тэрэзы Ханікі «Чырвоны Каптурок павінна раўці». У творы распавядаецца гісторыя дзяўчынкі Мальвіны — «у яе ёсць маленькая таямніца з водарам дрэнна пахкага сыра і куфлем чырвонага напою на стале», — інтрыгуюць стваральнікі.

«Ідэя [гульні] ўзнікла ў той момант, калі свет накрыла пандэмія, і наш тэатр, як і шмат іншых паўсюль, быў вымушаны шукаць выйсце ў дзіджыталізацыі — то бок распрацоўку мы пачалі ў 2020 годзе, — распавялі пра ініцыятыву Reform.by менеджэры праекта. — Потым змяніліся абставіны і мы на пэўны час адклалі гэты праект, але зараз з’явілася магчымасць яго рэалізаваць.

Незалежны беларускі тэатр HomoCosmos анансаваў выхад сацыяльнага лічбавага праекта Red Cap Must Cry
Аўтарка ілюстрацый — Саша Канакова. Выява прадастаўлена аўтарамі.

Мы ствараем гульню з элементамі AR (augmented reality), якая па форме нагадвае тэатральнае анлайн-прадстаўленне, з выкарыстаннем розных сучасных інструментаў, не зусім звыклых для звычайнага сторытэлінгу, — дзеляцца падрабязнасцямі аўтары гульні. — Галоўная гераіня гісторыі — дзяўчынка Мальвіна. Ёй трынаццаць гадоў, і яна, як усе яе равесніцы, ходзіць у школу, любіць балбатаць з лепшай сяброўкай Ліззі, займаецца музыкай, ваюе з хлапчукамі на віле, катаецца на ровары, сварыцца са старэйшай сястрой, наведвае дзядулю, нібы Чырвоны Каптурок. .. Але за бачным дабрабытам хаваецца дзікая і страшная таямніца, якую Мальвіна баіцца расказаць нават сабе».

Аўдыторыя Red Cap Must Cry — перш за ўсё падлеткі, удакладняюць стваральнікі.

«Мы арыентаваліся на падлеткаў 12-16 год. Гэта складаны і абсалютна нетэатральны ўзрост. Таму мы абралі форму ўзаемадзеяння праз гульню», — адзначаюць яны.

Таксама аўтары разлічвалі на цікавасць актыўных карыстальнікаў інтэрнэту, ды, вядома, бацькоў.

«Мяркую, што наша гульня мусіць быць таксама цікава людзям, якія трапляюць у пастку бацькоўскага ўсёведання ў перыяд пубертата сваіх дзяцей, і максімальна не абароненыя ад разрыву камунікацыі з імі», — апісваюць яны сваю аўдыторыю.

Незалежны беларускі тэатр HomoCosmos анансаваў выхад сацыяльнага лічбавага праекта Red Cap Must Cry
Аўтарка ілюстрацый — Саша Канакова. Выява прадастаўлена аўтарамі.

HomoCosmos пазіцыянуе гульню як сацыяльны лічбавы праект. Над Red Cap Must Cry працавала міжнародная каманда.

Аўтар ідэі і арт-дырэктар праекта — Алег Хрысталюбскі.

«Гульня, як і сам раман — пранізлівы, светлы, дасціпны, паэтычны — дапаможа падабраць ключы да рашэння праблемы, дапаможа зразумець, як дзейнічаць, як ставіцца да сябе ці як камунікаваць з дзіцем (калі вы з боку бацькоў), як не вінаваціць сябе ці ахвяру, калі вы аказаліся ў такой страшнай сітуацыі, як гвалт у сям’і», — крыху раскрываюць карты нашыя візаві.

Незалежны беларускі тэатр HomoCosmos анансаваў выхад сацыяльнага лічбавага праекта Red Cap Must Cry
Аўтарка ілюстрацый — Саша Канакова. Выява прадастаўлена аўтарамі.

Red Cap Must Cry мусіць з’явіцца ў крамах Google Play і App Store напрыканцы траўня.

Беларуская тэатральная кампанія HomoCosmos вядомая ў Беларусі пастаноўкамі «Камера, якую дала мне маці», «Раскрыццё», «Дора», «Убачыць ружовага слана», іншымі спектаклямі, якія спрабуюць новыя формы ўзаемадзеяння з гледачом. З 2021 года тэатр працаваў у анлайн-фармаце, потым спыніў сваю дзейнасць. Новым праектам HomoCosmos пазначае сваё вяртанне ў публічнае поле.

Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.by у Telegram

Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.

🔥 Поддержите Reform.news донатом!
REFORM.news (ранее REFORM.by)

Последние новости




Сообщить об опечатке

Текст, который будет отправлен нашим редакторам: