Не менш за 146 дзеячаў культуры ў няволі — Беларускі ПЭН

Культура
Фота ілюстрацыйнае.

Беларускі ПЭН выклаў хроніку парушэнняў правоў чалавека ў сферы культуры за перыяд з 15 па 30 лістапада 2023 года.

На 30 лістапада 2023 года: людзей слова ў няволі – не менш за 32, дзеячаў культуры ў няволі – не менш за 146.

Крымінальныя палітычна матываваныя справы ў дачыненні да дзеячаў культуры, аўтараў і выканаўцаў

1. 22 лістапада Вярхоўны суд разгледзеў апеляцыйны скаргі відэааператара Вячаслава Лазарава і яго жонкі, настаўніцы рускай мовы, маці траіх дзяцей Таццяны Пыцько. Вярхоўны суд перакваліфікаваў склад злачынства, паводле якога асудзілі сужэнцаў, новы прысуд ім вынесены паводле ч. 3 арт. 361.1 Крымінальнага кодэкса («Удзел у экстрэмісцкім фарміраванні»). Цяпер Вячаслаў Лазараў мусіць адбыць 5 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму, раней ён быў асуджаны абласным судом на 5,5 года пазбаўлення волі. Таццяну Пыцько абласны суд асудзіў паводле ч. 1 арт. 361.4 Крымінальнага кодэкса («Садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці»), а Вярхоўны суд прысудзіў 3 гады пазбаўлення волі з адтэрміноўкай выканання пакарання на 3 гады. Вынікам апеляцыйнай скаргі стала вызваленне з-пад варты Таццяны Пыцько, а тэрмін Вячаслава Лазарава скараціўся на паўгода.

2. Вярхоўны суд пакінуў без змен прысуд менеджару культурных праектаў Эдуарду Бабарыку – 8 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму.

Палітычна матываваныя адміністрацыйныя затрыманні і арышты дзеячаў культуры

1. 30 лістапада стала вядома, што Васіль Палякоў выйшаў на волю з ізалятара часовага ўтрымання ў Гомелі. Васіля Палякова асудзілі на 15 сутак адміністрацыйнага арышту. А 11 лістапада суд Савецкага раёна Гомеля паўторна асудзіў Васіля Палякова за «распаўсюджанне экстрэмісцкіх матэрыялаў». Васіль Палякоў – былы настаўнік гісторыі, звольнены з палітычных матываў.

2. У Карэлічах затрымалі экскурсавода Юрыя Красоўскага ў яго доме. Суд пастанавіў арыштаваць Юрыя Красоўскага на 15 сутак паводле арт. 19.11 Кодэкса аб адміністрацыйных парушэннях (Распаўсюджанне, выраб, захоўванне, перавозка інфармацыйнай прадукцыі, якая ўтрымлівае заклікі да экстрэмісцкай дзейнасці або прапагандуе такую дзейнасць).

Суды і арышты за беларускую і ўкраінскую нацыянальную сімволіку

1. У Мінску затрымана магістарка педагагічных навук Святлана Яскевіч за тое, што «размяшчала ў сацсетках пратэсную сімволіку, абмяркоўвала ў дваравых чатах магчымасць удзелу ў несанкцыянаваных мерапрыемствах».

2. У Ваўкавыску з выкарыстаннем гвалту затрымалі мужчыну, які на відэа, знятым супрацоўнікамі міліцыі, кажа, што прычынай затрымання была апублікаваная ім у інтэрнэце нацыянальная бел-чырвона-белая сімволіка.

3. У Гомелі затрыманы дырэктар IT‑кампаніі «Элітсофт» Юры Баль, які выкарыстоўваў бел-чырвона-белую нацыянальную сімволіку.

Умовы ў месцах пазбаўлення волі, катаванні зняволеных

1. Зняволены актывіст, аўтар турэмнай літаратуры Ігар Аліневіч пазбаўлены прадуктовых перадач, спатканняў з роднымі, тэлефонных званкоў. Прыйшла назад і медыцынская бандэроль, якую даслала Ігару Аліневічу яго маці, Валянціна Аліневіч. У 2013 годзе Ігар Аліневіч атрымаў галоўную ўзнагароду за найлепшы твор, напісаны ў зняволенні, і стаў першым лаўрэатам прэміі імя Францішка Аляхновіча, заснаванай Беларускім ПЭНам і «Радыё Свабода» за кнігу «Еду ў Магадан». 22 снежня 2021 года Ігару Аліневічу прысудзілі 20 гадоў зняволення.

2. Грамадскага дзеяча і аўтара турэмнай літаратуры Аляксандра Францкевіча ўтрымліваюць у адзіночнай камеры (памяшканні камернага тыпу) у калоніі № 5 у Івацэвічах. 6 верасня 2022 года Аляксандру Францкевічу быў вынесены прысуд – 17 гадоў калоніі ва ўмовах строгага рэжыму і штраф на 700 базавых велічынь (22 400 беларускіх рублёў, або больш за 8800 долараў). Гэта другі раз, калі Аляксандр Францкевіч стаў палітвязнем (першы раз гэты было ў 2011 годзе). У 2013 годзе Аляксандр Францкевіч за апавяданне «Обними меня крепче» стаў лаўрэатам прэміі Францішка Аляхновіча, заснаванай Беларускім ПЭНам і «Радыё Свабода» за найлепшы твор, напісаны ў зняволенні.

3. Блогер, інтэрнэт-аўтар, грамадскі актывіст Павел Вінаградаў паўгода ўтрымліваўся ў штрафным ізалятары калоніі № 11 у Ваўкавыску. Пра гэта паведаміла на сваёй Facebook-старонцы яго жонка Святлана. «Апошнія амаль 6 месяцаў з 7 правёў у ШІЗА з дробнымі перапынкамі. Цяпер атрымаў 2 месяцы ПКТ [памяшканне камернага тыпу]. Свядомасць ясная, малады, прыгожы, разумны – гэта мне павукі ў ШІЗА нашапталі. Гэта строгі рэжым, тут не пякуць бульбу, тут пякуць людзей». 16 сакавіка 2022 года Паўла Вінаградава асудзілі на 5 гадоў пазбаўлення волі.

4. Зняволенага літаратара, праваабаронцу, лаўрэата Нобелеўскай прэміі міру за 2022 год Алеся Бяляцкага па-ранейшаму абмяжоўваюць у ліставанні і не дазваляюць перадач.

Рэпрэсіі ў дачыненні да сем’яў дзеячаў культуры

У Наваполацку ў бацькоў даследчыка, папулярызатара беларускай гісторыі і культуры Аляксея Трубкіна адбыўся ператрус. Аляксей Трубкін выехаў з Беларусі ў 2006 годзе ў выніку пераследу з палітычных матываў.

Рэпрэсіі ў дачыненні да дзеячаў культуры, якія выехалі з Беларусі

Накладзены арышт на маёмасць былога ўладальніка крамы беларускіх сувеніраў «Цудоўная крама», рэдактара аршанскага незалежнага інфармацыйнага партала orsha.eu Ігара Казмерчака, які з 2021 года не жыве ў Беларусі.

Цэнзура і самацэнзура

26 лістапада ў дзень народзінаў класіка беларускай літаратуры Уладзіміра Караткевіча ў Оршы не было чытання вершаў каля помніка пісьменніку ў парку «Казачная Краіна». Чытанні традыцыйна ладзіліся грамадскімі актывістамі і прыхільнікамі творчасці пісьменніка. Значная колькасць удзельнікаў ранейшых чытанняў з 2020 года трапіла пад рэпрэсіі за грамадскую актыўнасць.

Рэпрэсіі ў моўнай сферы

На дарогах Беларусі на ўказальніках прыбіраюць назвы гарадоў, зробленыя лацінскімі літарамі па-беларуску. Улады ўспрымаюць беларускую лацінку як уплыў заходняй культуры і небяспеку для цяперашняй ідэалогіі, якая знаходзіцца пад вялікім уплывам ідэй «рускага свету».

Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.by у Telegram

Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.

Последние новости


REFORM.news (ранее REFORM.by)


Сообщить об опечатке

Текст, который будет отправлен нашим редакторам: