Не менш за 132 дзеячы культуры ў няволі – Беларускі ПЭН

Беларускі ПЭН апублікаваў хроніку парушэнняў правоў чалавека ў сферы культуры за другую палову траўня 2023 года.

На 31 траўня 2023 года: людзей слова ў няволі – не менш за 31, дзеячаў культуры ў няволі – не менш за 132.

I. Крымінальныя палітычна матываваныя справы ў дачыненні да дзеячаў культуры, аўтараў і выканаўцаў

22 траўня пачаўся суд над менеджарам культуры, кіраўніком платформаў «Ulej» і «MolaMola» Эдуардам Бабарыкам, які быў арыштаваны 18 чэрвеня 2020 года разам з бацькам Віктарам Бабарыкам (прэтэндэнтам у кандыдаты на прэзідэнцтва), калі ішоў у Цэнтральную выбарчую камісію здаваць сабраныя подпісы за Віктара Бабарыку.

Доктар сацыялогіі, былы загадчык кафедры гуманітарных дысцыплін Беларускага ўніверсітэта харчовых і хімічных тэхналогій Юрый Бубноў асуджаны на 2 гады пазбаўлення волі. Падставай для крымінальнай справы стала навуковая публікацыя пра пратэсты 2020 года ў Беларусі – артыкул «Предпосылки белорусского протеста в 2020 году» ў навуковым альманаху «Молодежная галактика». У артыкуле Юрый Бубноў напісаў, што беларусаў, якія пратэставалі ў 2020 годзе, аб’яднаў не «нейкі лялькавод ці рэвалюцыянер-харызматык, а Аляксандар Лукашэнка». «Я выконваў прафесійны абавязак сацыёлага. Сацыялогію часта асацыююць з люстэркам. А люстэрка мусіць адлюстроўваць аб’ектыўную рэальнасць, а не скажаць яе», – сказаў на судзе ў апошнім слове Юрый Бубноў.

Вярхоўны суд не задаволіў апеляцыйнай скаргі журналіста, эсэіста і паэта Андрэя (Анджэя) Пачобута, прысуд застаўся ў сіле – 8 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму.

Менеджар культуры Уладзімір Булаўскі быў асуджаны на 2 гады пазбаўлення волі ў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму

На 4 гады пазбаўлення волі ў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму асуджаны Яўген Меркіс – гісторык, журналіст, краязнаўца, папулярызатар беларускай культуры і гісторыі.

30 траўня ў Гомелі ў суд перададзена крымінальная справа Ларысы Шчыраковай – рэжысёркі-дакументалісткі, папулярызатаркі гісторыі і этнаграфіі, выканаўцы народных песень, рэканструктаркі народных абрадаў, каардынатаркі праекта ўшанавання памяці рэпрэсаваных «Забітыя і забытыя», выканаўцы ролі рэпрэсаванай і расстралянай беларускай палітычнай дзяячкі Палуты Бадуновай у фільме «Палута Бадунова: успомніць і не забыць».

31 траўня была перададзена ў суд крымінальная справа Паўла Мажэйкі, пра гэта сваякам паведаміў следчы. Павел Мажэйка – кіраўнік культурніцкай прасторы «Цэнтр гарадскога жыцця» ў Гродне, журналіст, каардынатар выдавецкай ініцыятывы «Гарадзенская бібліятэка», спецыялізаванай на выданні кніг аўтараў з Гродна і пра Гродна.

На 2 гады абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу («хатняй хіміі») была асуджана Яна Цэгла – літаратарка, аўтарка казак, працавала журналісткай у газеце «Літаратура і мастацтва», заснавальніца часопіса маладога беларускага мастацтва «Маскарад».

II. Палітычна матываваныя адміністрацыйныя затрыманні і арышты дзеячаў культуры, аўтараў і выканаўцаў

17 траўня на працоўным месцы ў Інстытуце мовазнаўства імя Якуба Коласа Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі арыштавалі мовазнаўцу, былую старшыню ліквідаванага ўладамі Таварыства беларускай мовы, палітыка і грамадскую дзяячку Алену Анісім.

Затрымалі спявачку Патрыцыю Свіціну, якая ў 2020 годзе адмовілася ад стыпендыі Лукашэнкі. На знятым сілавымі органамі відэа дзяўчына расказвае, што была лаўрэаткаю стыпендыі для падтрымкі таленавітай моладзі. Яна кажа, што ў 2020 годзе «ўдзельнічала ў пратэстах», «выходзіла на дарогі» і ў складзе калоны «перакрывала рух транспарту».

Затрымалі ўдзельнікаў гурта «faceOFF» – братоў Дзяніса Петуха і Дзмітрыя Петуха. Ім прысудзілі па 15 сутак адміністрацыйнага арышту. 23 траўня быў затрыманы і гітарыст гурта – Аляксей. Яго асудзілі на 13 сутак.

У Полацку быў затрыманы і асуджаны на 15 сутак адміністрацыйнага арышту выкладчык Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта, гісторык, даследчык гісторыі паўстання 1863 года ў Беларусі, дацэнт кафедры канстытуцыйнага права і дзяржаўнага кіравання Сяргей Глазырын.

У Полацку затрымана і асуджана на 10 сутак адміністрацыйнага арышту Алена Храмцова, выкладчыца кафедры сусветнай літаратуры і замежных моў Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта.

У Полацку затрыманы і асуджаны на 15 сутак адміністрацыйнага арышту археолаг, гісторык, дацэнт кафедры гісторыі і турызму Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта Віктар Чараўко.

У Мінску ў Інстытуце сацыялогіі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі на месцы працы затрыманы Андрэй Баханаў – магістр сацыялогіі, навуковы супрацоўнік аддзелу сацыяльнай тэорыі і метадалогіі. У 2020 годзе ён быў адным з тых, хто падпісаў адкрыты ліст навукоўцаў супраць рэпрэсій, калі ішла хваля звальненняў супрацоўнікаў інстытутаў Акадэміі навук.

У Наваполацку затрымана Галіна Захаркіна, дацэнтка, кандыдатка навук, былая загадчыца кафедры архітэктуры Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта. Суд Наваполацка прызнаў яе вінаватай у несанкцыянаваным пікетаванні і распаўсюдзе «экстрэмісцкіх матэрыялаў» і прысудзіў 80 базавых велічынь штрафу (2960 беларускіх рублёў – 1173 долары).

III. Суды і арышты за беларускую і ўкраінскую нацыянальную сімволіку

У Лідзе Гродзенскай вобласці затрымалі 8 чалавек. На відэа, распаўсюджаным праз праўладныя тэлеграм-каналы, затрыманых прымусілі спальваць бел-чырвона-белы сцяг. На затрыманых склалі пратаколы паводле арт. 19.11 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях (распаўсюджанне інфармацыйнай прадукцыі, якая ўтрымлівае заклікі да экстрэмісцкай дзейнасці), а на дваіх заведзены крымінальныя справы за ўдзел у акцыях пратэсту 2020 года.

28 траўня ў г. Глыбокае Віцебскай вобласці адбыліся ператрусы і затрыманні за бел-чырвона-белы сцяг, знойдзены ў возеры Кагальнае.

IV. Умовы ў месцах пазбаўлення волі, катаванні зняволеных

У турмах і калоніях блакуецца ліставанне зняволеных дзеячаў культуры, такім чынам адміністрацыя месцаў зняволення аказвае на іх маральна-псіхалагічны ціск, спрабуе давесці, што «на волі іх усе забылі».

V. Рэпрэсіі ў кніжнай сферы

25 траўня ў так званы Рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў рашэннем суда Баранавічаў унеслі кнігу «Гісторыя Польшчы са старажытных часоў да нашых дзён», выдадзеную ў 1995 годзе па-польску і па-руску, і зборнік «Polskie pieśni patriotyczne», выдадзены ў Варшаве ў 2007 годзе.

Незалежнага выдаўца Змітра Коласа абавязалі аплаціць выдаткі, панесеныя Міністэрствам інфармацыі падчас працэдуры ліквідацыі выдавецтва. Эканамічны суд Мінска на падставе позвы ведамства ануляваў пасведчанне аб рэгістрацыі прадпрымальніка і абавязаў яго заплаціць амаль 800 рублёў судовых выдаткаў.

VI. Дзяржаўны вандалізм у дачыненні да мясцінаў памяці

Ва ўрочышчы Курапаты, месцы сталінскіх расстрэлаў, супрацоўнікі лясгаса спілоўвалі дрэвы і незваротна нішчылі крыжы, усталяваныя на месцы масавых пахаванняў. Акты вандалізму ў Курапатах адбываюцца з дазволу ўладаў з сярэдзіны 1990-х гадоў.

Цалкам хроніку можна паглядзець тут.

Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.by у Telegram

Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.

🔥 Поддержите Reform.news донатом!