Шэфрэдактарка сайта «Суспільне Культура» Кацярына Якавенка падвяла «суб’ектыўныя», як яна піша, вынікі года ва ўкраінскай культуры. Многія з гэтых высноў актуальныя і для нас у нашай культурнай вайне.
Адна з ключавых праблем сучаснага ўкраінскага мастацтва — забыццё. З забыццём можна працаваць не толькі з дапамогай медыя, але і ўзмацняючы магчымасці той нязначнай колькасці мастацкіх інстытутаў, якія ёсць.
Аўтарка пачынае свой агляд з пазначэння праблемы бачнасці таго, што адбываецца ў літаратуры, музыцы, крытыцы і іншых сферах мастацтва: многія працэсы знаходзяцца па-за полем зроку медыя, і гэта тычыцца нават значных і ўплывовых праектаў, калі яны адбываюцца за мяжой ці на перыферыі.
Напрыклад, прадстаўніцтва Украіны на біенале архітэктуры: праект Украіны называлі адным з самых цікавых, яго згадвалі ўсе вядучыя выданні, якія асвятляюць тэму архітэктуры. Ва Украіне пра гэта пісалі значна менш, а калі пісалі, то ў інфармацыйным ключы, не закранаючы паднятыя гэтым праектам тэмы аднаўлення і камемарыяцыі: што і як цяпер павінна адбудоўвацца ў першую чаргу, якія імёны і падзеі павінны ўшаноўвацца? У мастацкай супольнасці гэтыя пытанні — адны з ключавых.
Няпэўным застаецца і ўдзел Украіны ў мастацкай біенале ў Венецыі. Куратары будучай выставы выступілі з заявай, што з боку Міністэрства культуры і інфармацыйнай палітыкі няма ніякай камунікацыі адносна далейшага лёсу праекта. Міністэрства пасля гэтай заявы некаторы час маўчала, але пасля на сайце ведамства з’явіўся адказ, што грошы ёсць і нацыянальны павільён будзе рэалізаваны.
Павільён будзе, але як і з многімі іншымі праектамі, якія шукаюць донараў і падтрымку, шлях да рэалізацыі будзе няпростым. У адрозненне ад архітэктурнай біенале, мастацкая мае прапісаную працэдуру, і міністэрства ўжо не раз сутыкалася з гэтым на практыцы. І заўсёды пачыналіся скандалы і канфлікты.
«Ці магчыма інакш?» — пытаецца Кацярына Якавенка.
Шэфрэдактарка выдання задае пытанне: як будзе ўспрымацца мастацтва, якое з’яўляецца сёння, наступнымі пакаленнямі? Будзе ўражваць гісторыямі супраціву і стварэння «нягледзячы ні на што»? Гісторыямі аб узаемападтрымцы і дапамозе?
Якім бы было ўкраінскае мастацтва, калі б яно перастала ўражваць сваёй барацьбой, пошукам магчымасцяў і засяродзілася менавіта на тым, каб проста быць, а не шукаць выйсця з безвыходнасці?
Вітальная і хтанічная энергія, прысутная ў многіх творах, усё роўна знойдзе выхад і будзе ўвасоблена ў многіх рашэннях — але гэта дакладна не будзе тычыцца барацьбы за ўласнае выжыванне.
Чаму так важна не засяроджвацца на барацьбе за ўласнае выжыванне? — пытае Кацярына Якавенка. Таму што краіна, якая знаходзіцца ў генацыднай вайне, накіраванай найперш супраць культуры, павінна паказваць гэтую культуру свету так, каб свет убачыў гэтую культуру і палюбіў яе. Каб ён прывык да яе і не лічыў чужой, дзікай, экзатычнай. А навошта камусьці абараняць культуру, якая не можа разабрацца з уласнымі ўнутранымі працэдурамі і працэсамі?
Аўтарку радуе, што з’явілася шмат кватэрных выстаў, прастор, створаных мастакамі, падзей, якія адбываюцца ў майстэрнях, па-за межамі буйных інстытуцый. Гэта таксама дае мастацтву свабоду, якая абмяжоўваецца ў вялікіх музеях. Але захаванне гэтага балансу паміж свабодай і патрэбай у абароне сёння мае вырашальнае значэнне. Таму што менавіта інстытут надзяляе працы вагой, абаронай, клопатам і выводзіць іх з забыцця.
Аднак і самі інстытуты таксама павінны мяняцца. Напрыклад, быць даступным для людзей з абмежаванымі магчымасцямі: мець адпаведную інфраструктуру і арганізаваную прастору з улікам погляду на экспазіцыю з іншага пункту гледжання.
«Таму гэты год — яшчэ адзін год, які быў няпростым, які прынёс шмат перамог і страт, але наша задача — не губляць больш, чым забірае вайна. І гэта таксама не новая задача», — падсумоўвае свае разважанні Кацярына Якавенка.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.by у Telegram