Наталля Пінчук: Беларусь робяць тэрыторыяй без народа

Главное
Наталля Пінчук, фото: www.coe.int/

Жонка Нобелеўскага лаўрэата Алеся Бяляцкага Наталля Пінчук выступіла з прамовай на Сусветным форуме за дэмакратыю.

Сусветны форум за дэмакратыю праводзіцца штогод у французскім Страсбургу пад патранатам прэзідэнта Мануэля Макрона. Гэта пляцоўка, на якой актывісты і людзі, якія прымаюць рашэнні, абмяркоўваюць выклікі, што паўстаюць перад дэмакратыяй ва ўсім свеце. Сусветны форум за дэмакратыю-2023 праходзіць 6-8 лістапада, галоўнай тэмай заяўлена «Дэмакратыя=мір». Наталля Пінчук выступіла на першай сесіі форуму. Reform.by публікуе яе прамову.

«Дарагія сябры, адказаць на галоўнае пытанне тэмы форуму – ці звязаныя дэмакратыя і мір – мне не складана. Звязаныя. Бо дэмакратычны свет трымаецца на каштоўнасцях свабоды і шчасця людзей і не ініцыюе войнаў і агрэсіі. Таталітарныя краіны з’яўляюцца крыніцамі праблем і гора для людзей унутры і небяспекі для суседзяў. Найноўшая гісторыя маёй краіны дае ясны адказ на гэтае пытанне. У нас чорна-белая сітуацыя. Абсалютна ясна, дзе бок зла, а дзе бок дабра. Дыктатар Лукашэнка, растаптаўшы парэшткі свабоды ў Беларусі, стаў саўдзельнікам Пуціна ў ваенных злачынствах супраць Украіны і яе народа.

Так, з аднаго боку, рэжым, які на працягу 29 гадоў знішчыў дэмакратыю, зрабіў Беларусь плацдармам для расійскай агрэсіі і ўпусціў ядравую зброю ў краіну, а з іншага боку – беларускае грамадства. Беларусь – не Расія. Беларускі народ не хоча быць часткай расійскай імперыі і ваяваць за яе. Гэта галоўная прычына, па якой Лукашэнка не адважыўся направіць беларускае войска ва Украіну. Мільёны беларусаў у 2020 годзе выйшлі на масавы мірны пратэст супраць дыктатуры. Гэты пратэст уразіў увесь свет, але сёння ён адышоў на другі план на фоне расійскай агрэсіўнай вайны. Але хто ведае, калі б у 2020 годзе свет не пакінуў бы нас сам-насам з дыктатарам, за спінай якога стаяў Пуцін, Беларусь без дыктатуры не стала бы зямлёй, адкуль пачаўся расійскі напад на Украіну і адкуль ляцелі смертаносныя ракеты на нашую добрую суседку Украіну.

29 гадоў дыктатура знішчае свабоду беларусаў і саму беларускую ідэнтычнасць. З 2020 года гэтае знішчэнне набыло выразныя рысы вайны з беларускім народам. Удзельнікаў мірнага пратэсту адкрыта забівалі на вуліцах, а цяпер даводзяць да смерці палітычных вязняў у турмах. Паводле падлікаў праваабаронцаў, вядома пра паўтары тысячы палітвязняў, але насамрэч іх значна больш. Дзясяткі, і нават сотні тысячаў людзей пацярпелі ад рэпрэсій. Гэта найбольш адукаваныя людзі ў самым працавітым узросце. Найбольш свабодалюбных людзей выціскаюць з краіны, пазбаўляючы людзей будучыні. Беларусь робяць тэрыторыяй без народа, плацдармам для чужых агрэсіўных планаў.

Мой бацька – ветэран Другой сусветнай вайны, на якой ён адважна прайшоў цяжкія выпрабаванні. Ён ненавідзеў вайну, жыў у сваім часе і па інерцыі лічыў Савецкі Саюз гарантам стабільнасці. Але, будучы чалавекам прынцыпаў праўды і справядлівасці, ён прайшоў вялікую эвалюцыю і стаў у шэрагі тых, хто змагаўся супраць дыктатуры за свабоду і дэмакратыю, бо толькі яны могуць забяспечыць сапраўдны мір. Майго мужа — лаўрэата Нобелеўскай прэміі міру Алеся Бяляцкага — ворагі свабоды, тыя, хто гатовыя распальваць вайну, кінулі ў турму. Калонія у Горках, дзе ён знаходзіцца, мае жахлівую рэпутацыю канвеера здзекаў з палітычных вязняў.

Больш за тое, чалавека, які мае шэраг хранічных захворванняў, перавялі ў больш жорсткі рэжым у межах той жа калоніі. Адваката да яго не пускаюць, і гэта цягнецца ўжо даволі працяглы час. Тым часам лукашэнкаўскае міністэрства ўнутраных справаў абвясціла створаны Алесем праваабарончы цэнтр «Вясна» і яго інфармацыйныя рэсурсы экстрэмісцкім фармаваннем. Дыктатар лічыць экстрэмізмам абарону правоў чалавека. Сёння дамагацца свабоды для Алеся Бяляцкага і ўсіх палітычных вязняў – гэта дамагацца свабоды Беларусі і адстойваць мірную будучыню Беларусі, Украіны, нашага рэгіёна і ўсяго свету ў цэлым. Свабода – гэта мір», — сказала яна.

Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.

🔥 Поддержите Reform.news донатом!
REFORM.news (ранее REFORM.by)

Последние новости




Сообщить об опечатке

Текст, который будет отправлен нашим редакторам: