У першай палове 2022 года пісьменніца Ганна Янкута жыла на пятым паверсе даваеннага дома ў варшаўскім раёне Макотаў. Адольваючы доўгія лесвічныя пралёты, яна набірала на тэлефоне нататкі. Фіксавала свае думкі і назіранні на чэках з крамы, кавалачках паперы, у польскіх і беларускіх гарадах, у варшаўскім геалагічным музеі.
Пасля ў вэрхале запісанага пачала вымалёўвацца гісторыя. Ніткі, якімі Ганна сшывала свае фрагменты ў адно, таксама былі рознага паходжання – адна дагістарычная, з геалагічнага музея, другая – геаграфічная, з вандровак па Беларусі і Польшчы, трэцяя – казачная, натхнёная нябачным суседам…
Так атрымалася кніга «Час пустазелля» – раман, напісаны на аснове дзённіка. Ці можна сфармуляваць інакш: сканструяваны дзённік.
На сустрэчы з чытачамі Ганна Янкута расказала пра сюжэты рамана, які вырас непасрэдна з яе жыцця. Памяць і час – яго галоўныя героі.
Дзённік
Гэтую кнігу я не планавала. Як бывае нечаканае каханне ці незапланаваныя дзеці, так было і з «Часам пустазелля». Гэта мая незапланаваная кніга.
Я і раней шмат займалася раманамі – але толькі як перакладчыца і як даследчыца літаратуры. У нейкі момант у мяне з’явілася і свая гісторыя, з якой, як мне здавалася, можа вырасці мой уласны раман. І ўвесь 2021 год я над ім працавала.
Але пачалася вайна і ўсё змянілася – і мы, і Варшава. Думаю, усе памятаюць атмасферу тых дзён: было шмат жаху, хаосу, неразумення, як жыць далей.
І яшчэ ў Варшаве з’явіліся ўцекачы. Шмат дзе былі патрэбныя валанцёры. Я добра ведаю мовы, таму пачала працаваць перакладчыцай у розных валанцёрскіх цэнтрах.
Таксама ездзіла перакладаць на мяжу паміж Украінай і Польшчай.
Менавіта тады я пачала рабіць тое, чаго дагэтуль ніколі не рабіла, – весці дзённік. У кожную вольную хвіліну я запісвала ўсё, што адбывалася вакол. З таго часу ў мяне ляжыць ці не сотня старонак з гісторыямі ўцекачоў і валанцёраў, апісаннямі праблемных сітуацый. Я запісвала і тое, што прыходзіла ў галаву, нават непрывабныя і сумнеўныя думкі.
Эсэ на выпадак арышту
А пасля я сабралася ехаць у Беларусь. І за нейкі час да ад’езду зразумела, як моцна баюся гэтай паездкі.
Не толькі магчымых рэпрэсій, але і таго, што беларускае войска далучыцца да вайны супраць Украіны.
Тады я села і за дзень вельмі канцэнтравана напісала эсэ. Вырашыла, што загадзя папрашу сяброў апублікаваць гэты тэкст, калі ў Беларусі мяне пасадзяць у турму. Гэта была б мая маленькая перамога. Я сяджу ў турме, а тэкст недзе існуе, нягледзячы на тое, што я ўжо не магу ні на што паўплываць. Гэта быў мой спосаб здабыць кантроль над сітуацый, над якой я не магла мець кантролю.
Са мной нічога не здарылася: я з’ездзіла ў Беларусь і вярнулася. Але эсэ ўжо было. Потым яно ўвайшло ў кнігу як асобны раздзел, які называецца «Два тыдні».
У Беларусі я таксама ўсё запісвала. За паўгода, што мяне не было ў краіне, шмат чаго змянілася, і я пастаралася зафіксаваць і змены, і тое, што я адчуваю з нагоды гэтых змен. Так з’явілася эсэ «Мінскія канікулы», якое надрукаваў Reform.by, яго дагэтуль можна прачытаць на сайце.
Калі я вярнулася з Беларусі, у мяне былі гэтыя два тэксты, адзін апублікаваны, другі – не.
Турма на Макотаве
Вокны кватэры на Макотаве, у якой я жыла, выходзілі проста на падворак колішняй турмы. Пасля Другой сусветнай вайны, калі Польшча зрабілася часткай Савецкага блоку, у гэтай турме трымалі палітычных зняволеных, і яшчэ там адбываліся расстрэлы. Фактычна я нібы жыла каля Валадаркі, але гэта была Валадарка будучыні, калі там размяшчаецца не турма, а музей.
Можна сказаць, што турма – адзін са скразных вобразаў «Часу пустазелля».
Нябачны сусед
У суседняй кватэры, літаральна за сцяной, жыў сусед, якога я ніколі не бачыла, толькі чула, як ён кашляе, выдае нейкія іншыя гукі, глядзіць тэлевізар. Часам у калідоры я сустракала яго ката. А калі пачалася вайна, на дзвярах нашага паверха нехта пачаў вешаць аркушы з тэкстамі, малюнкамі і калажамі, нешта накшталт насценгазеты. У ёй дзіўнай польскай мовай былі напісаныя прароцтвы пра падзенне дзяржаў, пра нейкія страшныя рэчы, якія нас чакаюць. Аркушы з’яўляліся на дзвярах прыкладна да сярэдзіны лета.
І я адразу вырашыла, што гэтую насценгазету робіць мой нябачны сусед.
У нейкі момант у мяне з’явілася адчуванне, што я ўжо нешта пра яго ведаю, што паміж намі ёсць нейкая сувязь, хоць я нават не ўяўляла, як ён выглядае. Ён ператварыўся для мяне ў казачнага персанажа і зрабіўся яшчэ адным героем кнігі.
Геалагічны музей
Я зарабляю на жыццё, перакладаючы тэксты. У траўні-чэрвені 2022 года мне замаўлялі шмат перакладаў на беларускую мову, пераважна з англійскай. Пераклады тычыліся таго, што адбываецца ва Украіне. Вялікія матэрыялы пра забойствы ў Кіеўскай вобласці ці пра бамбаванне Марыупальскага тэатра, перад якім быў надпіс «Дзеці». У тым ліку былі тэксты пра зброю, якая выкарыстоўваецца падчас вайны, а я раней ніколі не перакладала тэкстаў пра зброю, пра выбухі і пра забойствы. Крывавых падрабязнасцяў там не было, хутчэй, гісторыі людзей, якія загінулі ці выжылі, сведак, якія бачылі чужыя смерці.
Таксама я перакладала тэксты пра тое, што адбываецца ў Беларусі, пра рэпрэсіі і палітвязняў.
Некалькі месяцаў я жыла ў гэтых тэкстах і ўвесь час думала пра несупадзенне паміж тым, што я перакладаю, і тым, што бачу навокал. Гэта здавалася нейкай найвышэйшай формай несправядлівасці, геаграфічнай няроўнасці. У Варшаве было прыгожае лета, квітнелі дрэвы і кветкі на клумбах. І гэтае несупадзенне адчувалася як нешта вар’яцкае.
І тады я знайшла свой спосаб уцякаць ад рэальнасці. Побач з маім домам на Макотаве, літаральна праз дарогу, знаходзіўся геалагічны музей. Я хадзіла ў гэты музей і разглядала каменьчыкі, якім было па 300-500 мільёнаў гадоў. Калі да таго мне здавалася, што мы жывём у хаосе ўжо занадта доўга, то там я разумела, што гэта не так. 500 мільёнаў гадоў – вось гэта сапраўды вельмі доўга. Таму нічога не зробіш: трэба проста ўзяць сябе ў рукі і рабіць што можаш.
Вакол каменьчыкаў у музеі таксама разгортвалася свая гісторыя. Напрыклад, можна было назіраць, што ў такім досыць дзіўным месцы робяць людзі. Бо геалагічныя музеі – не вельмі папулярныя, звычайна да іх мала хто даходзіць. Але аднойчы я нават пачула там беларускую мову.
У выніку я досыць добра вывучыла экспазіцыю, прачытала колькі кніг па геалагічнай гісторыі Зямлі і прысвяціла ёй адну з ліній кнігі. Таксама я запісвала ўсе свае думкі і рэфлексіі з нагоды сутыкнення з такой сапраўды неўяўляльнай прорвай часу – і з іншымі людзьмі, якіх яна таксама з нейкіх прычын цікавіла.
Падарожжы
Потым я пачала выязджаць на выходныя з Варшавы ў адна-двухдзённыя паездкі. У Польшчы ёсць цікавыя і не надта вядомыя мясціны, звязаныя з геалогіяй. Напрыклад, пад Кельцамі знаходзяцца Свентакшыскія горы – зусім невысокія і нечувана старажытныя, з кембрыйскага перыяду, калі з’явілася шматклетачнае жыццё, пра якое мы нешта больш-менш ведаем. Гэта самы даўні час, з якога да нас дайшлі дастаткова выразныя сляды.
Ці, напрыклад, Сандомеж, дзе знаходзіцца маё месца сілы – Перцавыя горы. Гэта незвычайныя чорныя пагоркі, пакрытыя зараснікамі шыпшыны.
Дзівоснае спалучэнне – камяні, якім 500 мільёнаў гадоў, і шыпшына.
І сярод усёй гэтай прыгажосці трэба было ўвесь час памятаць, што так спакойна і бяспечна цяпер не ўсюды, што зусім побач ідзе вайна ці людзі цярпяць у турмах.
Яшчэ ў Сандомежы я люблю вельмі прыгожы касцёл Святога Якуба, адзін з самых старых раманскіх касцёлаў у Польшчы. Там у сецэсійнай капліцы ёсць выява сэрца, працятага сямю мячамі. Ідэальны вобраз таго, што я тады адчувала (і адчуваю дагэтуль).
Знакі
У гэтых паездках я пачала збіраць калекцыю знакаў, ці пасланняў, якія людзі пакідаюць у розных месцах. Напрыклад, шмат графіці з розных часоў можна пабачыць у вежы касцёла Святога Якуба.
Самым кранальным мне здаецца надпіс па-беларуску, які я ўбачыла ў Познані на паштовай скрынцы: «Як ты без мяне?» Ён моцна запаў мне ў душу.
Тады я пачала ўспрымаць рэальнасць як нешта шматслойнае. У ёй можна ўбачыць сляды безлічы гісторый, якія адбываліся ў розныя часы. І гэтую шматслойнасць мне хацелася адлюстраваць у сваёй кнізе. Надпісы і графіці ў гарадской прасторы – гэта адзін са слаёў.
Але ў сучасным горадзе можна знайсці нават знакі вельмі даўніх, дагістарычных часоў, геалагічнай гісторыі.
Аднойчы я ішла па Варшаве і ўбачыла надпіс: «Студня алігацэнскай вады». Тады я паглядзела ў інтэрнэце: алігацэн – гэта эпоха палеагену, якая пачалася амаль 34 мільёны гадоў таму і скончылася 23 мільёны гадоў таму. Такія студні – дадатковыя рэзервуары вады, калі раптам з Віслай (бо Варшава выкарыстоўвае пераважна ваду з Віслы) нешта здарыцца.
У гэтым пункце тэма геалогіі сутыкаецца для мяне з тэмай памяці. І з тым, ці магчыма яе знішчыць.
Я нарадзілася і першыя 18 гадоў свайго жыцця пражыла ў Гародні. Яшчэ ў дзяцінстве я ведала, што ў Гародні ёсць палякі, што горад неяк звязаны з Польшчай. Але ў рэальнасці гэта нічога не значыла, я не бачыла ў горадзе ніякіх польскіх слядоў, нідзе не чула польскай мовы – толькі на польскім тэлебачанні, якое ў 1990-х цягнула ў Гародні не горш за беларускае ці расійскае, або ў касцёле, куды мяне зрэдчас вадзіла бабуля. Толькі нашмат пазней я ўсвядоміла, што Гародня сапраўды мае сваю польскую гісторыю, часам складаную, часам супярэчлівую, часам трагічную. Напрыклад, у інтэрв’ю з гарадзенскімі старажыламі, якія рабіў журналіст Руслан Кулевіч, можна знайсці гісторыі ў тым ліку і польскай супольнасці. Гэтыя інтэрв’ю склалі кнігу «Горад адзін, успаміны розныя», яна ёсць на «Камунікаце».
Так я зразумела, што за савецкім часам было зроблена шмат намаганняў, каб гэтая частка гісторыі не захавалася.
І ў сваім гарадзенскім атачэнні, ды і ў самім горадзе ніякіх згадак пра гэтую частку гісторыі я ў дзяцінстве не бачыла.
Пасля пратэстаў пачаўся разгром незалежных медыя, быў, сярод іншага, цалкам знішчаны архіў tut.by. У наступныя гады шмат якая інфармацыя знікала з публічнага доступу, у тым ліку з меркаванняў бяспекі, але таксама ўлады спрабавалі знішчыць згадкі пра тое, што дзеілася ў першыя дні пасля выбараў. Аказалася, што знішчэнне памяці – гэта не толькі пра мінулае, але і пра тое, што адбываецца цяпер. Што можна проста ўзяць і знішчыць архіў СМІ, вялізны масіў інфармацыі, якая збіралася доўгія гады.
Так што мае эскапісцкія спробы ўцячы ад рэальнасці – гэта ў тым ліку яшчэ і даследаванне таго, наколькі даўнія сляды могуць захоўвацца ў прасторы. Аказалася, што нават зусім старажытныя часы нікуды не знікаюць. Тое, што здарылася шмат мільёнаў гадоў таму, дагэтуль прысутнічае вакол, трэба толькі ўмець гэта разгледзець.
Можа, тады і ў тых, хто знішчае памяць цяпер, таксама няма шанцаў?
Ацэнка свету у GoogleMaps
Калі ездзіла па розных польскіх мясцінах, я карысталася GoogleMaps, і ў нейкі момант заўважыла, што людзі ставяць балы не толькі рэстаранам і тэатрам, але і самым нечаканым месцам – напрыклад, возеру ці агляднай пляцоўцы з прыгожым відам.
Таксама я пачала чытаць каментары, якія людзі пакідаюць у GoogleMaps, і самыя цікавыя з іх брала ў кнігу.
Напрыклад, каментар, у якім ацэньваецца Страшны Суд.
Тое, як мы бачым і ацэньваем свет вакол сябе, таксама зрабілася адной са скразных ліній «Часу пустазелля».
Мовы
Яшчэ адзін персанаж кнігі – гэта варшаўскае шматмоўе. У Варшаве і раней можна было пачуць розныя мовы, а пасля пачатку вайны гэта зрабілася асабліва заўважным. У тыя часы на вуліцах часцей гучала ўкраінская і руская мовы, чым польская. А часам я чула і беларускую.
Мне здаецца, што ніводная краіна ў сучасным свеце не можа быць аднамоўнай. І калі ў Беларусі цяпер усё імкнецца да ўніфікацыі ў межах рускай мовы – гэта вялікая трагедыя.
Смерць кнігі
У «Часе пустазелля» ўсё пачынаецца з самага пачатку – са з’яўлення на Зямлі жыцця. І таму я не магу тут не згадаць і пра смерць, якая, як мне здаецца, – таксама дзейная асоба гэтай гісторыі.
Але цяпер я не пра смерць увогуле, а пра смерць кнігі. Я лічу, што кніга памірае, як толькі яе выпусцілі ў свет. Бо яна фіксуе пэўны стан – гісторыю, сітуацыю, мову, якія застаюцца ў ёй застылымі, сам жа свет ідзе наперад.
І на сённяшні момант у ёй ужо ёсць некалькі недакладнасцяў, бо ўсё рухаецца, навука не стаіць на месцы, а гэтая кніга напісаная ў тым ліку з апорай на пэўныя крыніцы. Ужо зробленыя адкрыцці ці адбыліся падзеі, якія нешта ў ёй абвяргаюць.
«Час пустазелля» фіксуе тую атмасферу, у якой я жыла і якую спрабавала ўхапіць у 2022 годзе. І свет, і я – ужо іншыя.
І ўсё ж, насуперак смерці, у тым ліку смерці кнігі, штосьці застаецца нязменным.
І я спадзяюся, што нешта з гэтага мне таксама ўдалося ўхапіць.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.by у Telegram
Сообщить об опечатке
Текст, который будет отправлен нашим редакторам: