Ганна Янкута — беларуская пісьменніца і перакладчыца, якая зараз жыве ў Польшчы. Яна з’ехала з Беларусі ў 2021 годзе на творчую стыпендыю і пакуль застаецца ў Варшаве. У адзін са сваіх кароткіх прыездаў у Мінск яна напісала эсэ «Мінскія канікулы», дзе расказала пра досвед сустрэчы з такім родным, і ў той жа час чужым горадам.
Пісьменніца збірае словы, выразы, гукі, відарысы і адчуванні Мінска і Беларусі як лавец сноў. Жыццё паміж, жыццё на дзве краіны, жыццё ў прасторы болю і пяшчоты — тое, што адбываецца з многімі з беларусаў.
Менавіта таму Reform.by палічыў важным апублікаваць эсэ аўтаркі ў сваёй культурнай рубрыцы.
Даведка. Ганна Янкута – пісьменніца, перакладчыца і літаратуразнаўца, аўтарка паэтычнага праекта «Геалогія»/«Канстытуцыя» (2022), шэрагу твораў для дзяцей (у тым ліку серыі пра ката Шпрота і аповесці «Марта і яе мара пра снег») і шматлікіх артыкулаў і эсэ. Перакладае прозу і паэзію з польскай і англійскай моў.
***
Руская мова заспявае мяне знянацку. За апошнія паўгода я прывыкла жыць у прасторы толькі дзвюх моў – польскай і беларускай. Калі, вядома, не лічыць шматмоўя на варшаўскіх вуліцах. І вось цяпер сяджу ў маршрутцы, якая едзе ў Гародню. Мне здавалася, што да рускай мовы – яшчэ як мінімум чатыры гадзіны дарогі, але я памылілася. Руская мова – вось яна, варта падняць вочы на расклееныя па салоне абвесткі ці прыслухацца да размоў. Яна афарбоўвае рэальнасць у новы колер. Раней я гэтага не заўважала – была прызвычаеная. Нешта ўнутры мяне аўтаматычна пераключаецца на іншы рэжым. Дастаю з торбы тэлефон і стаўлю пароль. Адусюль вылагіньваюся, адключаю навігацыю, адпісваюся ад усіх суполак і каналаў.
Маршрутка спазнілася, але я не ў крыўдзе: у Польшчы такое здараецца на кожным кроку. Да таго ж, краем вуха чую, што па дарозе сюды яна доўга стаяла на мяжы. Затрымка з’ела і адпачынак кіроўцы, і 40 хвілін нашага рэйсу.
– Когда будем в Гродно? – пытае нехта.
Кіроўца хмыкае і адказвае:
– Я же не Ванга.
Мы едзем на ўсход, і я з хваляваннем думаю пра мяжу. У салоне гучаць размовы – лёгкія, быццам ні пра што. Яны раствараюцца ўвушшу, як зумканне пчол ці ненавязлівае цурчанне ручая. Раптам нехта з задніх сядзенняў выкрыквае:
– На Бобровники едем?
– Только так, – весела адказвае кіроўца.
– Когда уже Кузницу откроют?
У гэтай размове няма двайнога дна, словы значаць толькі тое, што значаць. Прынамсі я ніякіх іншых сэнсаў не лаўлю. Кіроўца не адказвае, ды і пытанне, здаецца, адказу не патрабуе. На Баброўнікі дык на Баброўнікі. Лішні час у дарозе.
***
Сусветы, мяжу паміж якімі я перасякаю, занадта далёкія адзін ад аднаго, каб падарожжа не рыхтавала выпрабаванняў. Далёкія – гэта не пра адлегласць. Хутчэй, пра тое, наколькі «там» (у іншасвеце?) хочуць, каб нехта шастаў туды-сюды. Колькі часу майго жыцця скрала стаянне на мяжы, колькі гадзін сну адабрала – ездзіцца ж часцей за ўсё ўночы, начных гадзін шкада менш, чым дзённых. Нават калі выбіраешся ў дарогу ранкам, усё адно захрасаеш да поўначы. Каб перасячы мяжу, трэба заплаціць даніну, адсыпаць богу ўсіх межаў каштоўных хвілін і гадзін. За тое, каб Харон прапусціў цябе, перавёз з гэтага на іншы бераг ракі Смуродзіны. Які з берагоў «гэты», а які «іншы»? Залежыць ад таго, з якога боку глядзець.
Аўтобусы ў чарзе рухаюцца павольна, а што ўжо казаць пра аўтамабілі – міма іх чаргі мы ехалі так доўга, што я губляюся ў часе. Хваляванне знікае. Памежнік, які заскоквае ў салон, палічыць пасажыраў, некалькі разоў блытаецца, збіваецца і пачынае нанова. «Вам бы отдохнуть», – спагадна, без цені ліслівасці зазначае кіроўца. Памежнік усміхаецца.
– Раньше тут было всего два автобуса в день, – тлумачыць кіроўца, калі дзверы зачыняюцца. – Остальные шли через Кузницу, напрямик. Не справляются они, переход для таких потоков не предназначен.
А вось маладая мытніца, якая мусіць праверыць нашы рэчы, стомленай не выглядае. Пакуль мы стаім у чарзе на праверку пашпартоў, яна праходжваецца па зале, сыплючы направа і налева з’едлівымі заўвагамі.
– Что вы тут сумки расставили. Не пройти.
Пасажыры абурана шэпчуцца.
– А где нам стоять? Места же нет.
Калі ўсе сямнаццаць чалавек нарэшце запакоўваюцца ў невялікае памяшканне, яна зачыняе дзверы, каб не дзьмула, і ідзе на свой пост. Па стужцы плывуць чамаданы тых, каго радзіма ўжо прыняла ў свае абдымкі. З іншага канца залы даносяцца папрокі і ўшчуванні.
– Запрещенное везете?
– Ага, всё нормальна.
– Так везёте или нормально?
Мне таксама перападае. Зазірнуўшы ў маю торбу, яна пачынае выпытваць, адкуль я еду і навошта, што рабіла за мяжой. Адказваю блытана – я не гатовая да такіх роспытаў. Ад яе вее самаўпэўненасцю, усведамленнем сваёй улады. Яна цалкам кантралюе сітуацыю, і нават хлопец, які займаецца дакументамі, у спрэчных выпадках азіраецца на яе: што скажа начальніца? Бо гэта яна вырашае, пусціць нас у краіну зараз ці пратрымаць яшчэ колькі гадзін. А зрэшты, нагрузка вялікая, каму патрэбныя дадатковыя складанасці?
Пасля мяжы я такая змучаная, што нічога не адчуваю. У гэтым няма нічога дзіўнага, звычайная гісторыя. Аднойчы пасля мяжы мы гадзіны ў тры ночы збілі зайца на брэсцкай трасе, І. нават не скінуў хуткасці. Бо за намі імчалі фуры, а іх тармазны шлях даўжэйшы за наш. Я помню, як тады не адразу зразумела, што адбылося, а калі зразумела, унутры была пустата. І ўсё ж варта выспацца, і доўгае стаянне забудзецца. Гадзіны на пераходзе знікнуць з памяці, быццам іх не было, быццам я трапіла ў часавую дзірку і прачнулася ў сваім ложку, не да канца разумеючы, як туды трапіла.
***
Як жа я рада прыехаць. Гэта я ўсведамляю ўжо ранкам, калі мы з бацькамі едзем на лецішча. Словы не перадаюць гэтага пачуцця, як заўважылі многія пакаленні да мяне. Можна было б спадзявацца, што прагрэс існуе і з часам мы нарэшце навучымся ўкладаць у словы самыя важныя пачуцці. Але прынамсі я не навучылася. Гаварыць пра настальгію – гэта пастка. А вось навукоўцы напэўна дарэшты яе вывучылі, як вывучылі, напрыклад, кліматычную дэпрэсію, якая нараджаецца з асэнсавання, што неўзабаве мы ўсе памром, бо выціскаем планету як лімон. Што ўжо казаць пра настальгію, нашмат старажытнейшае пачуццё. Яе дакладна расклалі па цаглінках. Цаглінка настальгіі – тое, што носіш у заплечніку, каб ён абцяжарваў цябе ў дарозе. «Чаму заплечнік такі цяжкі, там што, цэгла?» – кпілі з нас настаўнікі ў школе. Цэгла, анягож.
Маё сэрца спявае, па-іншаму апісаць свой стан не магу. Адчуваю гэта на фізіялагічным узроўні. Мы з бацькамі на лецішчы, надвор’е цудоўнае, і я бачу, упершыню заўважаю, якія прыгожыя калоны падтрымліваюць балкон на другім паверсе драўлянага дамка. Яны разныя, пафарбаваныя ў зялёны. Мама кажа, імі трэба заняцца, бо гніюць. Адна знізу зусім струхлела, давялося кавалак выразаць і падсунуць стос квадратных дошчачак. Я раблю некалькі здымкаў, бо не ведаю, калі пабачу дамок наступны раз.
Сядзім за сталом, мама прыгадвае вясковае дзяцінства ў нёманскіх ваколіцах. У іх там рачулка, дзе плаваюць дробныя рыбкі, калюшкі і іншы від – мама называе іх келбікамі. Спрабуем высветліць, што гэта за келбікі, урэшце вырашаем, што печкуры. Мне цікава, ці ведае гэтае слова хтосьці яшчэ, і я набіраю яго ў пашукавіку. Вынік толькі адзін: беларускі пераклад рамана Элізы Ажэшкі «Над Нёманам», які зрабіў Анатоль Бутэвіч.
Едзем з бацькам праз горад, мінаем ці то лес, ці то парк, у якім хаваюцца старыя габрэйскія могілкі. Мы вяртаемся з дома бабулі, якая памерла шэсць гадоў таму, і бацька расказвае, як гуляў тут некалі з сябрамі. З боку Нёмана могілкі тады агароджваў мур з пліт з надпісамі на незразумелай мове. Можа, іўрыт ці ідыш, гавару я – ва ўяўленні адразу ж вырастае сцяна са старых мацэваў. Бацька пярэчыць: на яго думку, мова была іншай. У дзяцінстве яны верылі, што надпісы падказваюць, дзе схаваны скарб.
– І што, вы шукалі яго? – пытаю я.
– Як яго шукаць – мова ж незразумелая.
Насамрэч мой бацька не гаворыць па-беларуску, ён рускамоўны. Але я не магу згадаць тут яго рэпліку па-руску, як рэплікі кіроўцы маршруткі ці памежніцы, бо гэта адразу створыць дыстанцыю. Таму раблю выгляд, што ён гаворыць па-беларуску, прыпісваю яму беларускія словы. Але мы і праўда размаўляем на адной мове, хаця так было не заўсёды.
Шкада, што цяпер няма часу пашукаць той мур і прачытаць надпісы, калі яны, вядома, захаваліся. Я разумею шмат моў і напэўна зразумею, пра што яны. Магчыма, сапраўды падказка, дзе хаваецца скарб. Наступным разам, суцяшаю я сябе.
***
Мне трэба праверыць зрок, у Беларусі гэта прасцей і танней. Неяк больш звычайна, і не трэба пасля перакладаць дыягназы. Заходжу ў медцэнтр, запаўняю паперы. Адміністратарка кажа надзець маску, а ў мяне і няма – я адвыкла заўсёды мець іх пры сабе. Яна лаецца: у медыцынскіх установах усе мусяць хадзіць у масцы, яна і па тэлефоне папярэджвала. Я паціскаю плячыма – ніхто мне такога не казаў. Прыгадваю мытніцу на мяжы: нешта ў Беларусі ўсе на мяне лаюцца. Званю бацьку, які прывёз мяне сюды і цяпер чакае на паркоўцы побач, ён прыносіць маску. Адміністратарка адразу робіцца больш ветлівай.
А вось медсястра на апаратах ветлівая адразу. Магчыма, таму, што я ў масцы. Ветлівасць па-беларуску: памяншальна-ласкальныя суфіксы. Ці па-руску, бо мы ж размаўляем па-руску. Я адчуваю, як паддаюся інерцыі і нават не спрабую адказваць ёй па-беларуску. Плыву па цячэнні, робячы як мага менш высілкаў, застаючыся як мага больш непрыкметнай. Учора ў размове мама прыгадала, што ў яе маладосці гаварыць па-беларуску было сорамна. Лічылася, што так размаўляе толькі вёска, таму ў горадзе пераходзілі на рускую. Пераязджаеш у іншае месца – і ўсё, мова таксама іншая. Як у мяне цяпер. Гэта наша першая размова такога кшталту. Бабуля расказвала тое самае – яна перавучвалася гаварыць па-руску, але так да канца жыцця беларускага вымаўлення не пазбылася. А вось у бацькоў і ў мяне вымаўленне чыстае, прынамсі па мясцовых мерках. Хаця І. кажа, што пасля доўгага перапынку мая руская гучыць дзіўна. Я заўсёды думала, што ў змаганні за беларускую мову значэнне мае толькі яна, варта толькі напісаць па-беларуску і перакласці на беларускую шмат кніг, зацікавіць людзей. Але цяпер разумею, што руская ў гэтай гісторыі таксама гулец. Важна не столькі тое, на якой мове ты размаўляеш, колькі тое, на якой не размаўляеш.
Мяне прымае доктар, кажа, што ўсё добра. Я чакаю ў вестыбюлі заключэння, пасля гадзіны працэдур мне зноў дазволілі карыстацца тэлефонам. Сяджу на канапе і пішу гэтыя нататкі, перад вачыма ўсё плыве. Чую, як адміністратарка прымае званкі, размаўляе з будучымі пацыентамі. Маскі згадваюцца толькі ў палове выпадкаў. «Ага!» – зларадна думаю я. Мне карціць падысці да яе і сказаць: вось бачыце. Але я застаюся на месцы, і калі доктар выносіць заключэнне, дзякую яму і без лішніх слоў пакідаю медцэнтр.
***
Мы з І. едзем у Мінск. Нешта здаецца дзіўным, і неўзабаве я разумею, што: на дарозе амаль няма фураў. Я гляджу ў акно, заўважаю, якія ў Беларусі прамыя рэкі. Выпрамленыя, пад лінейку. Апошнім часам было шмат дажджоў, усюды лужыны, вада. Уздоўж шашы мільгаюць плакаты. «Настоящие ценности: мир». «Солнце, люби Беларусь». Мне хочацца пакінуць тут як мага менш слядоў, таму я не ўключаю геалакацыю і набіраю сябрам паведамленні замест таго, каб пазваніць. І. кажа, што так цяжэй адсачыць наша месцазнаходжанне.
«Гэта пройдзе», – думаю я.
Як злачынцы нейкія, крадземся мы па беларускіх дарогах без GPS. Едзем па памяці, навобмацак. Гэта здаецца смешным і збыткоўным, але я скрупулёзна трымаюся нейкіх магічных пратаколаў. Бяспека – працэс, які трэба ўпісаць у сваю руціну. Лепш абмежаваць сябе адразу, чым пасля гадзінамі чысціць тэлефон.
***
Уязджаем у Мінск. Усюды чырвонае і зялёнае, больш, чым я памятаю з мінулага прыезду. Гэта таму, што неўзабаве 9 траўня, гаворыць І. Зрэшты, спалучэнне белага і чырвонага таксама часам сустракаецца. Хаця, магчыма, яно выпадковае. Я думаю пра тое, што калі рэжым дагэтуль існуе, значыць, ён эфектыўны і запатрабаваны, адпавядае запытам людзей і эпохі. Выжывае нават у такім крызісе, як вайна. А можа, мінула замала часу. Час здольны ўсё змяніць. Але і разбурыць. Разбурэнне – таксама перамена.
Я лічу шыльды па-беларуску. Адна на 30, у некаторых месцах, можа, на 20 рускамоўных. Мы рухаемся праз горад, і я перапісваю яго ў галаве. Што магло б мясціцца ў бясконцых адміністрацыйных будынках, палацах – адкрытыя для ўсіх прасторы, кропкі перасячэнняў. Як бы я ўсё перарабіла. У часы Другой сусветнай вайны адпачываць у варшаўскім Саксонскім садзе маглі толькі немцы, і аднойчы на браме з’явіўся надпіс: «Заапарк». Заапаркаў бы дакладна паменела.
Білборды выплываюць як кантэкстная рэклама, ці гэта вока бачыць тое, што хоча. Што я хачу пабачыць у Мінску? Пазласлівіць, пасумаваць? Спярша мне трапляецца адно сацыяльная рэклама, іншай амаль няма. З’яўляецца адчуванне, што дзяржава хоча перакласці на мяне свае абавязкі, нешта мне давесці. Шчыты ўздоўж вуліц – адна з пляцовак, дзе яна можа звярнуцца да мяне наўпрост. Пагаварыць са мной, але не камандным тонам, як звычайна, а быццам дамаўляючыся. Атрымліваецца дробны эмацыйны шантаж. «Не думай, что поможет кто-то другой». Гэта пра бяздомных жывёл. Дзяржава просіць мяне ўзяць з вуліцы ката ці прынамсі адмовіцца ад аборту. Антыабортнай рэкламы ўвогуле шмат, на кожным рагу. Цікава, наколькі гэта сведчыць пра рэальную сітуацыю ў краіне. Няўжо абортаў сапраўды паболела? Ці гэта проста любімы канёк дзяржавы, які яна да месца і не да месца выцягвае з кішэні? А можа, іншую рэкламу паздымалі, і давялося павесіць тое, што было пад рукой?
Раней я чытала кнігі пра дыктатуры. Мне карцела ведаць, як жылося пры розных рэжымах. Чытаеш – і сэрца сціскаецца, так страшна. Цяпер я спрабую зразумець, як жывецца тут, шукаю дыктатуру пад падкладкай знаёмых краявідаў. Ва ўшытых таемных кішэнях, якія так проста цікаўнаму воку не адкрываюцца. Грошай у іх дакладна няшмат, думаю я. На многіх вокнах абвесткі: «аренда». Шыльды на крамах намякаюць на дастатак пакупнікоў: «Грошык», «Копеечка», «Три цены». «Магазин низких цен». Дыскаўнтар за дыскаўнтарам. Побач – банкі, на кожным кроку, і цяпер сярод шчытоў з сацыяльным зместам я вычэпліваю рэкламу іх паслуг і, чамусьці, дэльфінарыя. «Банк с западноевропейским капиталом». Мы пакінулі гэты горад сам на сябе. І ён спраўляецца як можа.
Мінаем кавярню. На дзвярах ралеты – зачыненая. На магнітнай дошцы, дзе звычайна пішуць кошты ці прапановы з меню, яшчэ можна прачытаць напаўсцёрты надпіс: «У вас был лучший кофе. Спасибо вам».
***
На наступны дзень мы з І. і В. едзем на балота Ельня. Навігатар даводзіцца ўключыць – дарога незнаёмая, проста так не дабярэшся. Тут яшчэ не зусім вясна, прынамсі, не такая, як у іншых месцах. Стаіць высокая вада, месцамі яна пераплюхваецца цераз драўляную экасцежку. Сфагнум – як размоклыя мачаліны. Некалі я чула, як мокрыя месцы на такіх балотах называюць мачажынамі. Слова відавочна рускага паходжання, але ёсць і ў беларускім этымалагічным слоўніку з пазнакай «слуц.» Колеры: чорны, шэры і бледна-жоўты. Крыху зялёнага – сярод абшараў выбіваюцца маладыя яліны.
– Улетку тут прынамсі ўсё цвіце, – кажа І.
– Тут і так усё цвіце, – кажу я.
Непрыкметны балотны мірт – гэта і ёсць беларускае цвіценне. Касандра. Яна нешта прарочыць, гэтая раслінка, але ёй, як вядзецца ў міфе, ніхто не верыць. Дробныя званочкі губляюцца на фоне вакольнай жухласці. Ёсць такі колер – бялёсы. Ці, можа, гэта стан.
Пасля балота заязджаем у Міёры.
– Міёры ці Мёры? – кідаю я ў паветра.
– Вечнае пытанне, – адказвае паветра голасам В.
Надпісы на міёрскім касцёле – па-польску. Мне здаецца, што жанчыны ў царкоўным двары таксама гавораць па-польску. Але яны далёка, чуваць не надта добра.
Мы едзем уздоўж возера, натыкаемся на невялікі сквер. Дрэвы ў ім бязлітасна абрэзаныя – гэты цэлы парк камлёў, счарнелая ад часу зруйнаваная каланада. Дробныя галінкі, якія засталіся, падобныя на трэшчынкі ў небе. Ландшафтная архітэктарка Аліна Шольц, узнаўляючы ў Варшаве пасля Другой сусветнай вайны Саксонскі сад, з характэрнай для таго часу любоўю да ўсяго чалавечага імітавала ў ім каланаду знішчанага ўшчэнт палаца. Тут таксама, мабыць, нешта імітуецца. Сквер – вымерлы дэндраполіс.
Едучы на Ельню і назад, заўжды мінаеш Шаркаўшчыну. Менавіта мінаеш – дарога, трошкі ўклініўшыся ў горад, рэзка паварочвае і выцягвае цябе з яго, абводзіць па дузе. Я ні разу па-сапраўднаму ў Шаркаўшчыне не была. В. кажа, што паводле нейкіх рэйтынгаў гэта – самы дэпрэсіўны раённы цэнтр у Беларусі. Мы вырашаем, што сёння мусім выпіць там кавы. Ідэя падаецца вясёлай, але насамрэч у ёй больш ганарыстасці, чым нечага яшчэ. «Зараз мы будзем піць каву ў самым дэпрэсіўным горадзе краіны». Пагардлівае стаўленне да маленькага гарадка – гэта спадчына каланіялізму, у якім цэнтр свету – Масква, ці ўжо глабалізму, калі кава п’ецца выключна на вуліцах Берліна, Лондана і Нью-Ёрка? Здаецца, што мы едзем да Шаркаўшчыны цэлую вечнасць – і толькі аддаляемся ад яе.
На ўездзе ў горад навігатар паказвае, што побач вадзяны млын. Але як мы ні ўглядаемся ў хмызы на ўзбочыне, ніякага млына не ўбачылі. Млын-прывід. Ды і кавы адмянілася – сёння выходны, усё, апроч крам, зачыненае. Затое ў краме купляем вады, чыпсаў і кілбасы. Пасля ідзём прабегчыся па цэнтры. Зусім ненадоўга, бо ўжо стаміліся, а да дому яшчэ далёка. Глядзім касцёл, шыльда і абвесткі – па-беларуску.
– А якую мову ты думала тут убачыць? – адказвае на маё здзіўленне В.
Я хачу напісаць пра Шаркаўшчыну казку, загладзіць сваю віну. Для гэтага трэба прыехаць сюды на некалькі дзён, пахадзіць па вуліцах, пагаварыць з людзьмі. Знайсці нешта адметнае, мясцовы міф. Можа, пакорпацца ў гісторыі. На ўездзе стаіць памятны знак – Шаркаўшчына з’явілася ў 1503 годзе. Нешта з таго часу мусіла здарыцца. І рака прыгожая. Горад зусім не здаецца безнадзейным. Прынамсі як месца, дзе можа здарыцца цуд. Я раблю некалькі здымкаў – на выпадак, калі ў галаву прыйдзе сюжэт. У гэты час В. фатаграфуе мяне. Цяпер Шаркаўшчына застанецца са мной, а я – з ёй, як абяцанне на будучыню.
Глыбокае. Праязджаем «Снедь» – так называецца крама мясцовага мясакамбіната. Слова дарэшты рускае, і самой будовай сваёй, і гучаннем. Спрабую яго на язык, быццам гэта «мясное изделие», перакочваю ў роце. Ёсць у ім нешта замежнае; гаворачы па-руску, я б ніколі яго не ўжыла.
– Ты ўсё запісваеш, – заўважае І. – Ты прыехала сюды не проста так, а як пісьменніца.
Запісваць трэба адразу, бо потым усё забудзеш.
А вось рака Аржаніца – вельмі беларуская назва. На адной са сцежак Ельні, куды мы сёння не дабраліся, стаяць фігуркі балотных духаў, сярод іх ёсць і Аржавень. Аржаніца – яго вотчына, а можа, так завуць яго сястру ці каханую. Я б спынілася на сястры: рамантычныя гісторыі – не мой жанр. Адчуваю, што навык жыць у Беларусі вяртаецца. Міф – адзіны спосаб даваць рады гэтай рэчаіснасці.
Цяпер навокал палі. Шырокі прастор, агляд – як у Бога на далоні.
– Лета хутка скончыцца, – кажа І.
– Яно яшчэ не пачалося, – кажу я.
– Калі пачнецца, будзе ўжо запозна, – адказвае ён.
***
Я ў Мінску, заходжу ў метро. Не была тут некалькі гадоў, з пачатку эпідэміі. Тады мы баяліся карыстацца грамадскім транспартам, і я ўсюды дабіралася роварам, або І. падвозіў мяне на машыне. А пасля я з’ехала. Толькі цяпер разумею, як мне не хапала мінскага метро.
Атрымліваю асалоду ад паездкі, самавольнага перасоўвання па горадзе. Амаль забытае пачуццё – аўтаномны рух па Мінску. Увесь гэты час я ўяўляла горад у статыцы – і вось імчу праз яго стралой, перасякаю з усходу на захад. Гляджу на людзей: большасць у тэлефонах, нехта дагэтуль у масцы – іх так афіцыйна і не адмянілі. Спалучэння белага і чырвонага ні на кім няма. Ды і проста чырвонага таксама. Я думала, гэта немагчыма – цалкам выкрасліць нейкія колеры з жыцця, але гэтаму мы якраз навучыліся. Затое шыльды ў метро – жоўта-фіялетавыя, і ў гэтым спалучэнні я мімаволі бачу намёк на ўкраінскі сцяг. Невыпадковая выпадковасць. Мне здаецца, раней шыльды былі іншыя. Змагацца з колерамі цяжка, бо ўрэшце застанецца толькі чорны. Але і з ім могуць быць складанасці. Пасля паразы паўстання 1863 года жанчыны ў гарадах насілі жалобу, і менавіта чорны быў сімвалам супраціву. Традыцыя забараняць колеры на гэтых землях пачалася менавіта з чорнага.
Выбіраюся на паверхню – мне трэба ў банк, закрыць рахунак. Жанчына перада мной пытае ў кансультанткі, як папоўніць расійскую картку. Кансультантка строга (строгасць: яшчэ адзін беларускі варыянт ветлівасці) тлумачыць, што гэта немагчыма, банк – беларускі. Тады кліентка пытае, як у беларускім банку можа адкрыць рахунак расійская грамадзянка. Трэба дэпазіт у паўтары тысячы рублёў, адказвае кансультантка, і хаця б часовая рэгістрацыя. Кліентка яшчэ хвіліну разгублена стаіць перад ёй, быццам не разумеючы, што з гэтай інфармацыяй рабіць, як яе ператраўліваць, а пасля разварочваецца і сыходзіць.
Булачная «Сдобушка». Яшчэ адно слова з чужой мовы. У нас так па-руску не гавораць. Ніколі за ўсё сваё жыццё, пачынаючы з дзяцінства, я не чула, каб нехта так казаў – «сдобушка». Гэта слова не з маёй рэальнасці, і ўсё ж мы сутыкаемся тут, у Мінску.
Зноў метро – цяпер мне на «Кастрычніцкую». Выбіраю дарогу праз Аляксандраўскі сквер, хутчэй праз настальгію, чым з якіх іншых прычын. Менавіта так я дабіралася да філфака, калі вучылася ў аспірантуры. Думаю пра Купалаўскі тэатр, міма якога вось-вось прайду. Але сутыкаюся з ім раней, чым чакала, бо натрапляю ў падземным пераходзе на афішы. Я і забыла, што гэта іх звычайнае месца. «Гісторыя шакаладнага дрэва»: карычневы камель, на галіне – марыянеткі. Але тое, што гэта марыянеткі, я разумею, толькі прыглядзеўшыся. Спярша бачу ў іх шыбенікаў. Прэм’ера Морыса Паныча, «Чакана гучна і да болю блізка». Мне цікава: я перакладала для Купалаўскага тэатра Паныча, але яго не паспелі паставіць. Тая п’еса мусіла называцца «Бяссонне».
Ідучы праз сквер, краем вока выхопліваю між дрэў танк ля дома афіцэраў. Цяпер танк на вуліцы выклікае новыя асацыяцыі. Ці наадварот, старыя, урэшце адпаведныя рэчаіснасці. І рэзідэнцыя. Прыгадваю, як у студэнцкія часы мой сябар пад’ехаў да яе на машыне і нават паспрабаваў прыпаркавацца. Тады яму далі за гэта штраф. Памятаю, было нават смешна – трэба ж, студэнт дадумаўся пакінуць машыну ля рэзідэнцыі. У цэнтры горада, на пустой вуліцы. А вось бульвар на Леніна. Калісьці ў шэсць ранку, калі я ішла праз горад з цягніка, ён уразіў мяне сваёй пустатой і сюррэалістычнасцю – я нібы трапіла ў Залюстроўе і рухалася па шахматнай дошцы, адна. Цяпер уражанне было б такое ж, калі б не дзяўчына, якая сядзіць на лаўцы ля ўвахода, – больш тут нікога няма. І калі б не чырвона-зялёныя сцягі ў канцы алеі – такога ў Кэрала не было. Дзіўнае адчуванне: я ўсё тут ведаю, ногі самі нясуць мяне куды трэба. І ўсё ж горад быццам незнаёмы, ён глядзіць на мяне з недаверам, я тут толькі турыстка. Нават няёмка ісці па ім так упэўнена. Няўжо я праўда ўсё тут ведаю?
Да філфака не даходжу – паварочваю ў банк, закрыць яшчэ адзін рахунак. Па звычцы бяруся за дзверы рукавом, каб не падчапіць каронавірус. Падымаюся на другі паверх і ўпершыню заўважаю вітраж: праз шкельцы льецца карычневае, жоўтае і бледна-ліловае святло. У цэнтры – аточаная галубамі Дзева Марыя з Хрыстом, а можа, проста маці з дзіцем, аблямоўка – сонца і месяц, царква і касцёл, а таксама чатыры антычныя профілі. Тыя, што зверху, глядзяць налева, знізу – направа. Нікога не пазнаю, але на антычных профілях я і не знаюся. А можа, гэта евангелісты? Іншых версій у мяне няма. Набіраю ў пашукавіку: адрас банка і слова «витраж». Вядома, па-руску. Ніводнага выніку. Магчыма, ніякай гісторыка-культурнай каштоўнасці вітраж не мае. Раблю здымак – ніколі не ведаеш, што бачыш тут апошні раз.
Выходжу з банка, набываю ў пякарні побач багет. Жмуруся ад сонца – яно пасуе любому гораду. Думаю, ці не зазірнуць у «Цэнтральны» – раней там заўсёды прадаваліся журавіны ў цукровай пудры. «Пацалункі радзімы», бачылі мы рэкламу па дарозе з Ельні, па-беларуску. Але «Цэнтральнага» больш няма, я натыкаюся на шыльду «Еўраопт» і няўпэўнена праходжу міма. На ўваходзе ў метро ўрэшце секунду вагаюся – не адразу прыгадваю, якая мне лінія. Іду праз турнікет з багетам наперавес, хвалююся, ці не выглядаю падазрона. Багет у папяровым пакеце, збоку, мабыць, і не зразумееш, што гэта. Але ніхто не звяртае на мяне ўвагі. Самой смешна – быццам у Мінску людзі не заходзяць з багетамі ў метро.
У вагоне бачу дзяўчынку ў чырвоным спартыўным касцюмчыку і белай шапачцы. Ёй няма і дзесяці, і яна ціснецца да маці. На вагоне надпіс «9 мая»: чырвоныя літары на фоне белага пуху вішань, зялёнае лісце. Але гэта не кампраміс – кампрамісаў такога кшталту тут не бывае.
Вяртаюся праз Талбухіна. Ля «мармуровай пліты» – я сама яе так калісьці назвала, – нешта падобнае да экскурсіі. Пажылы гід, на яго грудзях – белая кветка з чырвона-зялёнай стужкай, знаёмае колеравае спалучэнне. Удзельнікаў мала, чалавек пяць. Адзін з іх трымае чырвона-зялёны сцяжок, жанчына – на інвалідным вазку. Поўная інклюзіўнасць. Мармуровая пліта абкладзеная пластыкавымі вянкамі, і яны не стракацяць імітацыямі ружаў і лілей, а выглядаюць як шчыты ці гербы пераможаных гарадоў: верхняя палова чырвоная, ніжняя – зялёная.
***
Яшчэ некалькі гадоў таму гісторыі не прыходзілі мне ў галаву, а цяпер я не ведаю, што рабіць з героямі і сюжэтамі, якія мяне перапаўняюць. Яны ўсе як жывыя і патрабуюць выпусціць іх вонкі. Часам хапае аднаго погляду на краявід, адной выпадковай сустрэчы. Шкада, што кнігі пішуцца так доўга, а выдаюцца – яшчэ даўжэй. Нават калі ў мяне будзе 10 жыццяў, я не паспею запісаць усе гісторыі, якія атабарыліся ў маёй галаве. Яны нараджаюцца з суму. А сумаваць я буду заўсёды, куды б ні паехала. Гэта асаблівасць мясцін, дзе я з’явілася на свет.
***
Што б я рабіла ў Мінску гэтым летам? Напэўна, тое самае, што трывожна-бесклапотным летам 2020-га, калі межы былі зачыненыя, дыстанцыі – усталяваныя, і заставалася толькі варыцца ва ўласным соку. Яно ці то скончылася тады ж, у жніўні, ці то час у ім закальцаваўся. Ступіш у гэтую пятлю – і застанешся там назаўсёды. Дзіўнае жыццё было ў нас раней. Мы часта ездзілі ў лес, на Нёман ці на Бярэзіну, рыбачылі, збіралі грыбы і ягады: маліны, суніцы, чарніцы, дурніцы. Мы ведаем цудоўныя месцы, дзе ў сезон – процьма лясных ягад. І ніякай радыяцыі – мы правяраем па радыяцыйных картах. Калі ёсць машына, улетку нават у Мінску можна жыць амаль па-вясковаму. Спеў птушак, шчаўе і бруснічны квас, гарбата са свежага чабору. Так выглядае ідэальная старасць. Краіна-лецішча. Ці магла б я пражыць так цэлае жыццё?
***
Займаюся клумбай пад акном. У маім дзяцінстве ў такіх палісадніках вырошчвалі нават гародніну, проста ў нашым гарадзенскім двары. Можа, таму, што гэта быў ускраек горада. Калі мы пераехалі сюды з І., я пачала паціху прыводзіць клумбу ў парадак, паступова, бо фанатычнай садоўніцай мяне не назавеш. Крок за крокам. Прывезла з лецішча бацькоў гартэнзію, самшыт. Здаецца, яны добра ў нас пачуваюцца. Цюльпаны былі тут ад пачатку, я іх не садзіла. А вось гіяцынтаў няма, нават таго, што цвіў летась. Я вырываю пустазелле: чыстацел, дзьмухаўцы, снітку і іншыя раслінкі, шкада, не магу назваць іх па імені. У чэрвені тут косяць, і калі зелля будзе шмат, то клумбу выгаляць падчыстую, як газон. Мае кветкі таксама не пашкадуюць. Тое, што я рву, нарасце зноў, але я спадзяюся, што не да чэрвеня. А потым ужо няважна, потым ніхто касіць не будзе.
На лаўцы побач сядзіць нецвярозы сусед.
– Без вас тут никто не ухаживает, – спрабуе ён пачаць размову. Ён яўна рады, што я прыехала. Мясцовая сябрына любіць нас з І., бо мы заўсёды з імі вітаемся, перакідваемся некалькімі сказамі. Нават калі яны імпрэзуюць і не здольныя звязаць двух слоў.
Я пярэчу: пасярод клумбы – дзве новыя расліны. Яны тут зусім нядаўна, гэта відаць па іх вяласці і яшчэ па тым, што зямля вакол свежаўскапаная. Пакуль не зразумела нават, ці прыжывуцца.
– А, это тётя Ира посадила, – кажа сусед.
Я не ведаю, хто гэта – цёця Іра, але радуюся, што яна таксама клапоціцца пра клумбу. Зрэшты, іншых слядоў яе дзейнасці няма.
Сусед працягвае знаёміць мяне з мясцовымі навінамі:
– На первом этаже бабушка умерла. Будут продавать квартиру.
– Значит, приедет кто-то новый, – адгукаюся я. На размову я не настроеная.
Мабыць, я ўяўляю, што гэта за «бабушка». Пару разоў размаўляла з яе дачкой – яна жыве ў суседнім двары, прыходзіла сюды даглядаць маці. Яна таксама звярталася да мяне, калі я калупалася ў зямлі і асабліва калі падразала ўвосень кусты: прасіла падрэзаць з яе боку таксама. «А то я всё никак не возьмусь». Я раблю гэта нажніцамі, бо секатар так і не купіла, ад іх пасля баляць пальцы. А аднойчы ў чэрвені яна папрасіла касца прыбраць усю папараць пад акном, «а то так разрослась». Зараснік у адно імгненне ператварыўся ў плех. Было шкада яго – ён ж трымаўся ў загончыку, знаў сваё месца. Палову маіх раслін таксама скасілі, бо я не парупілася выдраць пустазелле – мне здавалася, яно добра глядзіцца побач з цюльпанамі, гартэнзіяй і расходнікам. Я крыкнула з балкона касцу, каб не чапаў градкі, але той сказаў, што калі газоны застануцца зарослыя, ён атрымае вымову. Таму цяпер я знішчаю адны расліны дзеля таго, каб выжылі іншыя, і пасля збіраю падвялыя цельцы, каб аднесці іх за дом, дзе пустка і кусты, і рассыпаць па зямлі. Мне здаецца блюзнерствам выкідаць іх у сметніцу, я спадзяюся, што тут, у кустах, яны раскладуцца і самі зробяцца зямлёй. Неяк я паставіла эксперымент – цэлае лета выкідала ў кусты арганічныя адкіды: бульбяное лушпінне, агрызкі ад яблыкаў, яечныя шкарлупіны. Увосень, калі лісце сышло, ад іх не было і знаку.
На клумбе шмат дробнага смецця, бо побач лаўка, на якой балююць суседзі, і яшчэ сюды ляцяць бычкі з балконаў. Два гады таму я ўсіх праінструктавала, каб нічога на клумбу не кідалі, асабліва недакуркі, бо яны труцяць глебу. Старэйшы з сябрыны паабяцаў асабіста сачыць за парадкам. Можна было б зноў правесці выхаваўчую размову, нагадаць пра абяцанне, але цяпер у мяне няма сіл. Я думаю, што трэба паліць расліны – нядаўна былі дажджы, але зямля сухая. Падымаюся ў кватэру, набіраю ў вядро вады. Паю перадусім сваіх улюбёнцаў. Калі прыеду ў верасні, то яшчэ паспею на цвіценне гартэнзіі. Калі ў лістападзе, то абрэжу яе.
Неўзабаве зацвіце цюльпан. Я сфатаграфую яго і павешу ў сацыяльных сетках, калі вярнуся ў Варшаву. А пакуль не буду – каб не прыцягваць да сябе лішняй увагі.
***
У мяне запланавана некалькі сустрэч, у тым ліку літаратурных. Але пра іх я не напішу – не згадаю ніводнага імені, не назаву ніводнай пляцоўкі. Бо хто ведае, дзе хаваецца небяспека. Мінскія канікулы – час жорсткай самацэнзуры.
Набываю кнігі. У наступны мой прыезд іх, хутчэй за ўсё, у продажы больш не будзе, наклады маленькія. Калі хочаш нешта мець у сваёй бібліятэцы, трэба спяшацца. Кажуць, правезці кнігі праз мяжу не так і проста, іх могуць канфіскаваць. Альбо забраць на доўгатэрміновую экспертызу. Рыхтуюся да бою – я намераная прывезці К. зборнік беларускіх чарадзейных казак.
Іду на каву, у вітрыне – 10 відаў эклераў. Ніводнага подпісу, толькі кошт.
– З чым яны? – пытаю ў прадавачкі.
– Вам что, про все рассказывать? – хмурыцца яна.
Гуляю па парку, на камлях – свежыя белыя і чырвоныя плямы. Імі яшчэ не паспелі заняцца. А ў горадзе шмат замазаных графіці, дзе з-пад фарбы ўжо праступаюць пазнавальныя абрысы. Гэта час, які не стаіць на месцы: на вуліцы вяртаюцца прывіды таго, што некалі было жывым. Пазбавіцца ад іх складаней, чым ўяўлялася. Пасля парку на чаравіках жоўты пылок. Думаю, што гэта ад дзьмухаўцоў, а можа, ад чагосьці яшчэ.
Разумею, што паспею прачытаць толькі адну з набытых кніг. Выбіраю паміж «Падарожжамі Беньяміна ІІІ» Мендэле Мойхер-Сфорыма ў перакладзе Паўла Касцюкевіча і «У канцы лістапада» Тувэ Янсан у перакладзе Алесі Башарымавай. Апошняя – пра мумі-троляў, мая любімая дзіцячая серыя, і менавіта гэтай кнігі ў маім дзяцінстве не было. Мне крыху сорамна, што я накупляла кніг, за якія невядома калі вазьмуся. Наклад Тувэ Янсан – 99 асобнікаў. Магчыма, нехта зачытаў бы яе да дзірак, але я заняла яе, схавала пад замок. Было б правільна раздаць кнігі бібліятэкам, каб беларускія дзеці маглі чытаць па-беларуску. Але кнігі – мой скарб, яны мне патрэбныя. У выніку ўсё ж спыняюся на мумі-тролях. Рэшта пачакае лепшага часу. А зрэшты, чаго я сентыментальнічаю, – хіба я раней не рабіла гэтак жа?
***
Некалькі тыдняў таму я адправіла шмат паштовак за краты. На адказы асабліва не разлічваю і ўсё ж штодня правяраю пошту. У адзін дзень знаходжу ў скрыні канверт. Паштоўка письмо.бел вярнулася – адрасата перавялі з СІЗА ў калонію. Затое я цяпер ведаю, як тыя паштоўкі выглядаюць. Гэтая падпісаная 05.04.2022, сёння – 05.05.2022. Дадаю ўнізе некалькі слоў і запакоўваю паштоўку ў новы канверт. Паспрабую шчасця яшчэ раз.
Мне трэба ў душ, і я прыхопліваю з сабой тэлефон, бо прыгадваю, што забыла вылагініцца з сацыяльных сетак. У дзверы грукаюць. Я выразна чую гэты гук, бо санвузел у нас ля самага ўваходу. У першы момант сэрца падае, але пасля я думаю: не можа быць. І ўсё ж мокрай рукой цягнуся па тэлефон, вылагіньваюся. На экране выплывае надпіс: хочаце захаваць пароль? Не, дзякуй, я ў Беларусі. Шкада, няма такой опцыі: пазначыць у тэлефоне, што ты ў Беларусі, каб ён сам адусюль цябе вылагіньваў. І. падыходзіць да дзвярэй, пытае, хто там. Гэта дворнік, яму трэба набраць вады. І., не адчыняючы, адказвае, што санвузел заняты, набраць вады немагчыма. Больш нас ніхто не турбуе.
Вяртаюся да лістоў, выбіраю паштоўкі за краты. Зноў даводзіцца залагіньвацца ў сацыяльных сетках, шукаць адрасы. На іншых рэсурсах знайсці іх прасцей, але для гэтага трэба ўключыць VPN, а я лянуюся. Кідаю погляд за акно – дворнік мые анучу ў вядры з вадой. Значыць, нехта яго пусціў. З пачатку года я не атрымала ніводнага адказу. У мяне ёсць некалькі зялёных канвертаў, і я аднесла іх на пошту, каб наляпіць марак. Разам з маркамі на канверты лепяць чырвоную стужку – 1 клас. Зноў чырвона-зялёнае, на роўным месцы. Але я цешу сябе надзеяй, што спалучэнне спадабаецца цэнзарам, і лісты трапяць туды, куды мусяць. У адным з лістоў апісваю паездку на Ельню. Згадваю балотны мірт, толькі блытаю назву, замест касандры пішу: касіяпея. Як сузор’е, якое лёгка пазнаць у небе, нават нічога не ведаючы пра зоркі. Гляджу ў пашукавіку, ці існуе такая расліна. Аказваецца, існуе, прычым у тым жа сямействе верасовых, што і касандра. Прыгожы верас з падобнымі званочкамі, толькі на фоне цёмнага лісця яны здаюцца ярчэйшымі, амаль ззяюць. Як зоркі ў небе. Так, прынамсі, яны выглядаюць на здымках. Растуць у арктычным і альпійскім клімаце, у тым ліку ў Гімалаях. У нас іх няма, інакш я б пра іх чула. Але канверт ужо залеплены, таму я раскажу пра гэта ў наступным лісце. Калі гэты дойдзе. Адразу ж адношу лісты на пошту, бо ўвесь час прыгадваю грукат у дзверы. Хай у іх хаця б будзе шанец.
***
П’ю гарбату, пішу нататкі. На стале тры ружы з учарашняй імпрэзы, водар на ўсю кухню – іх прынесла мая калега-пісьменніца. Яны вельмі каштоўныя для мяне, гэтыя кветкі. Прыгадваю ружоўнік у Батанічным садзе, дзе можна гадзінамі глядзець на кветкі і не нагледзецца. Нюхаць кожную. Але гэта ў чэрвені, а пакуль у двары вось-вось пачне цвісці вішня. Калі мы былі ў Гародні, там вішні ўжо цвілі напоўніцу. А ў Варшаве адцвілі яшчэ да майго ад’езду. Падсумоўваю – сёлета буду тройчы сузіраць вішнёвую квецень.
На кухню прыходзіць кот Бык. У кожны мой прыезд яму даводзіцца нанова да мяне прывыкаць. Мы знайшлі яго тут жа, пад акном, праз пару месяцаў пасля таго, як памёр Шпрот, кот з чалавечым позіркам. Так мы пра яго казалі, быццам толькі ў чалавека позірк можа быць добры і пранізлівы. Хаця, можа, насамрэч гэта ў добрых людзей вочы кашэчыя. Тады мы думалі, што ніколі не возьмем іншага ката, але гэты шэры камяк памерам з далонь паміраў пад кустамі і так крычаў, што не пакінуў нам выбару. Ён выкараскаўся, хоць і застаўся сляпым.
Катоў у нашым раёне шмат. Вось і цяпер на клумбе грэецца чорны драпежнік. Я бачу гэта праз акно – сяджу пры ім, як на верандзе, і сузіраю, што дзеецца ў свеце. Якія машыны пад’язджаюць да дома. Гляджу на катоў, на клён, які цвіце зялёнымі гронкамі. Каты на дварэ – бяда, вынік чалавечай безадказнасці, у гэтым сацыяльная рэклама мае рацыю. Апрача таго, што пакутуюць самі, забіваюць птушак, часта – дзеля забавы. Аднаго шэрага бандыта мы неяк адвезлі бацькам К., цяпер ён меціць ім парог. Але яны, здаецца, любяць яго і на нас не крыўдуюць.
Дапіваю гарбату і прыгадваю: мама кажа, што заварка – добрае ўгнаенне. Калі б я тут жыла, то збірала б яе і выкідвала пад кусты. А так даводзіцца выкідаць ў сметніцу.
***
Іду з медцэнтра па Валгаградскай і п’ю каву. Каву даюць проста ў медцэнтры, калі здаеш аналізы нашча. Разам з чэкам уручаюць купон са штрыхкодам – апарат счытвае яго і плюхае табе ў пластыкавы кубак вадкасці на выбар. У яе па змоўчанні дадаецца цукар, ніяк не ўцямлю, як яго адключыць. Дзіўна піць салодкую каву, але цяпер гэта сама тое. У руках боўтаецца маска – я ўжо помню, што ў медцэнтрах яна патрэбная. У гэтым, што праўда, я ці не адзіная была ў масцы. Я там першы раз, і трэба было прыдумаць кодавае слова, рускае, каб мець доступ да сваіх звестак. Медсястра на рэцэпцыі так і сказала: «Любое русское слово». Я выбрала такое, каб супадала ў рускай і беларускай, запісала яго ў нататкі на тэлефоне. Адчуваю, як час цячэ між пальцаў, як пясок у вершы Эдгара По. Ужо пятніца, засталося ўсяго некалькі дзён. Думаю, што ў нядзелю трэба выпраць рэчы, каб паспелі высахнуць. Іду міма Леніна – у нас на Валгаградскай ёсць свой Ленін. Раней я не звяртала на яго ўвагі, быццам і няма яго, хоць помніла, што ён тут, стаіць на пляцоўцы перад дзяржаўнай установай накшталт суда. Лянуюся паглядзець, што ж гэта, і дарма – пасля на карце не магу яе знайсці. Карта дзіўным чынам не супадае з тым, што я бачу навокал. Спрабую адшукаць вачыма лаўку, каб сесці і дапісаць нататку. Але лаўкі няма, пляцоўка перад Леніным пустая. Пішу стоячы, на тэлефоне, проста пасярод тратуара. Мне карціць падысці да Леніна, урэшце прыгледзецца да яго, можа, сфатаграфаваць, але ўнутры ёсць адчуванне, што нельга – так там пуста. У выніку толькі гляджу здалёк. Пакуль пішу, пляцоўку перасякае жанчына. Яна яўна спяшаецца на працу, ні на секунду не запавольваецца. Рэшткі кавы стынуць.
Крочу праз двары дадому, разглядаю дрэвы, якія толькі зазелянелі. У нас тут шмат дрэў, ёсць нават лістоўніца, а ўзімку на ясені прылятаюць снегіры. Пустку ў суседнім двары засадзілі кволымі дрэўцамі, гэта яшчэ амаль пруткі. Здаецца, клёны. Раней тут выгульвалі сабак, і я баялася, каб нас не ўшчыльнілі. Хадзілі размовы, што ў раёне збіраюцца ўзводзіць новыя дамы. Больш нам гэта, відаць, не пагражае. Калі-небудзь тут будзе маленькі парк, і я насялю яго прывідамі ці яшчэ якімі-небудзь чароўнымі істотамі. А ў нашым двары сушаць бялізну. Я думаю, як добра сушыць бялізну ў двары: мабыць, тады яна пахне вясной і свежай зелянінай. Мне падабаюцца старыя двары, дзе людзі не баяцца выставіць на ўсеагульны агляд свае рэчы – прасціны, майкі, ручнікі. Кідаю позірк на сваіх прывілеяваных гадаванцаў. Саджанцы невядомай «тёти Иры», мабыць, не прыжывуцца, такія яны вялыя. Рэшта пачуваецца някепска.
Учора ў нас не было часу, таму посуд на кухні не памыты. Ля ракавіны – батарэя кубкаў. Я выгружаю з іх заварку ў асобную ёмкасць: трэба ўсё ж кінуць пад самшыт. А вось ружы, калі завянуць, давядзецца вынесці на сметніцу. Я б хацела, каб гэтыя пялёсткі спачылі на маіх градах, але ў кампост іх нельга: кветкі на продаж апрацоўваюць хіміяй, каб лепш захоўваліся.
***
Мама аддала мне кавалак штучнай парчы, якой 50 гадоў, – аддаць камусьці для рукадзелля. Ад такога лёгка пазбавіцца, варта напісаць аб’яву ў тэматычнай суполцы. Але я разумею, што не магу яе пазбыцца. Помню, якой дзівоснай здавалася мне гэтая парча ў дзяцінстве, як хацелася зрабіць з яе сукенку. Я, відаць, ніколі не казала пра гэта ўголас, інакш мама напэўна б аддала мне тканіну – наўрад ці яна была камусьці патрэбная. 50 гадоў, думаю я, гэта ж колькі часу. А зрэшты, яна ўсяго на 13 гадоў старэйшая за мяне. Аддаць такое немагчыма. Гэтая тканіна – гатовы тэкст. Я фатаграфую ўзор – упэўненая, што ён мне спатрэбіцца. Кладу парчу на верхнюю паліцу ў шафе.
У нашай кватэры з’яўляецца ўсё больш старых рэчаў. Пакрывала з махрой на ложку (хоць махру І. ужо адпароў), ГДРаўскі посуд з бабульчынага дому – з гэтых талерак мы ў дзяцінстве елі на святы, а цяпер я выкарыстоўваю іх штодня. Я не люблю купляць новыя рэчы для дома. І ў Варшаве нічога не купляю. Увесь час думаю, што мне нічога не трэба, усё ўжо ёсць у Мінску. У мяне ж тут дом, поўны рэчаў. Я раблюся сентыментальнай, калекцыяную старызну. Нават старыя фотаздымкі з людзьмі, якіх ужо ніхто не памятае. З іх нараджаюцца сюжэты.
Усё больш патрэбных рэчаў і ўсё больш непатрэбных. Перабіраю адзенне, шмат адкладаю, каб аднесці ў дабрачынную краму. Я збіралася насіць яго калі-небудзь потым, бо старое адзенне люблю таксама, але цяпер не ведаю, калі гэтае «потым» надыдзе. Яно ляжыць ужо год, а перад гэтым ляжала некалькі гадоў яшчэ. Хай яго носяць іншыя. Я думаю, што хачу гэтак жа перабраць рэчы ў пустым бабульчыным доме, яны ляжаць ужо шэсць гадоў. Нешта выкінуць, нешта ў добрым стане, калі такое яшчэ засталося, таксама аддаць. Спадзяюся зрабіць гэта ўвосень. Выкапаць яшчэ б цыбулінкі цюльпанаў і гіяцынтаў у яе зарослым пустазеллем двары і прывезці сюды, пад сваё акно. Зноў пустазелле! Відаць, цяпер – яго час.
Адбіраю тое, што вазьму з сабой. З’ехаць з дому ў адзін момант аказалася для мяне немагчымым. Можа, таму, што надоўга я з’язджаць не планавала. І цяпер не планую. І таму ў выніку з’язджаю паволі, раз на паўгода вяртаюся і прыхопліваю з сабой у Варшаву нешта са свайго старога жыцця – кавалак за кавалкам. А ад нечага пазбаўляюся. Думаю, што ў наступны прыезд усё ж раздам ахвочым ці адвязу ў бібліятэку шмат сваіх кніг. Я мяняюся, а рэчы – не.
Адчуваю сябе так, быццам нервы аголеныя. Кожны дотык робіць балюча. І яшчэ мяне быццам увесь час злёгку ванітуе.
***
Мы едзем на вадасховішча ў Раўбічах, І. хоча парыбачыць. Сёння субота, у Мінску хаваюць Станіслава Шушкевіча. Мы не пайшлі на развітанне, хаця маглі б – пабачыліся б там з усімі, як раней на вялікіх пахаваннях: Рыгора Барадуліна, Генадзя Бураўкіна, Васіля Сёмухі. Але мы не ведалі, што яно сёння. Я адпісалася ад навін, VPN адключаны, часу на сацыяльныя сеткі няма. Першы раз за апошнія некалькі дзён сутыкаюся цяпер з рэчаіснасцю – чытаю па дарозе вялікі артыкул пра забітых у Кіеўскай вобласці.
На пад’ездзе да Раўбіч заходзім у кавярню. Яна армянская – мяне гэта чамусьці радуе. Замаўляем хачапуры – І. кажа, яны тут смачныя. «Двадцать пять минут на заказ, подойдете позже или будете ждать?» – удакладняе афіцыянтка, і калі я адказваю па-беларуску, аўтаматычна пераводзячы мінуты ў хвіліны, на яе твары з’яўляецца здзіўленне.
– Дваццаць пяць хвілін, говорите… – яна быццам упершыню сутыкаецца з беларускімі словамі, асцярожна дакранаецца да іх кончыкам языка. – А мы тут совсем забыли…
Ад яе слоў мне робіцца няёмка. Я таксама гэта забыла – адчуванне, якое абуджаецца ўнутры, калі незнаёмыя людзі загаворваюць са мной па мову. Мы паспешліва пакідаем кавярню і едзем на бераг.
І. высаджвае мяне ля брамы, за ёй – нешта накшталт спартыўнага комплексу. Адсюль можна пешкі вярнуцца ў кавярню, я якраз хачу прагуляцца. Уключаю геалакацыю. Я не ведаю, што гэта і ці можна сюды, і карта нічога не тлумачыць. Гатэль, веладарожка, крыты лядовы комплекс. Брама адчыненая, таму, відаць, можна. Хоць я не веру мясцінам, якія хаваюцца за брамамі, – а іх у гэтых краях з гакам. Няўпэўнена ступаю на незнаёмую тэрыторыю. Мінаю спартыўную пляцоўку, гатэльныя карпусы – нікога. Ля аднаго з карпусоў – міліцэйская машына, і хоць саміх міліцыянераў не відаць, абыходжу яе па дузе. Зрэшты, радавацца рана, далей стаіць яшчэ адна. Ля будынка побач натыкаюся на рэшткі снегу. Ёсць такі выраз – «патрэбны як леташні снег». Цікава, каму ён тут спатрэбіўся? Можа, прывезлі з гарналыжных трас непадалёк?
Навокал ціха, чуваць толькі спеў шпакоў у галлі. У ім – асаблівыя ноты, яны быццам з самых глыбінь вясны выносяцца свету на суцяшэнне. De profundis спяваюць шпакі, і ў іх галасах адбіваецца гулкае рэха. Я ці не першы раз услухоўваюся ў шпачыныя песні. Шпачыныя – нават слова здаецца незвычайным. Некалькі разоў паўтараю яго, спрабуючы зразумець, у чым таямніца. Шпа-чыны. Кароткае, вымаўляецца на два выдыхі. Але вельмі выразнае. Як ёсць свая кранальнасць у словах з памяншальна-ласкальным суфіксам, такіх, як «павучок» (на жаль, яго не было ў рэпертуары гарадзенскай медсястры), так у слове «шпачыны» хаваецца ледзь улоўная пявучасць. Шпак. Шпачыны. Шпачына. Шпачына-павучына. Без спачыну.
Даходжу да кавярні, забіраю кардонку з хачапуры. Вяртаюся той жа дарогай. Ісці нязручна, і тэлефон амаль разрадзіўся. Са мной такое першы раз, нават нататніка пры сабе няма. Зусім я тут рассеяная, пастаянна нешта забываю. Думаю, што давядзецца пісаць на чэку ад хачапуры: ён вялікі, на некалькі сказаў хопіць. У комплексе гэтак жа пуста, і я ўсё больш адчуваю сябе чужаніцай, парушальніцай межаў. Быццам трапіла на рэжымны аб’ект – камеры на слупах узмацняюць гэтае адчуванне. Але рэжымныя аб’екты не завабліваюць нездагадлівых гасцей адчыненымі брамамі. Ды і сцягі тут рознакаляровыя. Мне няўтульна: не хочацца, каб нехта спыніў мяне, спытаў, што я тут раблю. Не хочацца гаварыць праўду: хадзіла па хачапуры, пакуль І. рыхтуе на беразе рыбалоўнае начынне.
Іду ў сонечных акулярах, хоць сонца знікла: яны адгароджваюць мяне ад свету. Але сёння ён спагадлівы і не чапае мяне. Выходжу за браму і іду да берага, сядаю проста на траву. Хаця не, насамрэч ўсё не так, гэта – мая фантазія, тое, чаго б мне хацелася. У рэальнасці ж да брамы далекавата, а хачапуры стыне. Таму я смялею настолькі, што сядаю на лаўку – буду есці тут. Апрацоўваю рукі антысептыкам. Толькі цяпер заўважаю, што на кардонцы – россып армянскіх літар. Думаю, як дзіўна выглядаю збоку: сяджу ў незразумелым агароджаным месцы з камерамі, якое нават на карце не пазначанае, жую сырную булку. Прыгадваю, што даўно варта выключыць геалакацыю. Калі я не дома, то дазваляю сабе такую легкадумнасць: па-за домам не так страшна. Устаю, азіраюся, ці нічога не забыла. Мой страх: забыць нешта і пасля вяртацца.
Я аддала І. рэшткі хачапуры і цяпер ляжу на дыванку і гляджу ў неба. Гэта не найлепшае месца для адпачынку: на іншым баку дамы, гатэлі, людзі, шум. Тут блізка да горада – і ўсё ж чуваць хор берасцянак, пячуравак, шпакоў, чаек, а далей уздоўж вадасховішча – яшчэ і маю любімую балотную чаротаўку, якая адна спявае як цэлы аркестр. У небе цёмная хмара, яна вісіць над намі, нібы вялікі бот. Кумкаюць жабы – у іх цяпер шлюбны час, – з неба ўпала некалькі кропель. Але я нават не здымаю акуляраў. Зона аблокаў над намі мае выразныя контуры, гэта дажджавы фронт, найлепшы з усіх франтоў у свеце. Голас бярэ жаба-салістка, рэшта замаўкае. Ёсць такі колер – колер закаханай жабы. Прыпадымаюся на локцях, спрабую знайсці яго ў наваколлі, але пакуль для густой зеляніны зарана.
Вечарэе, мы збіраемся дадому. Міма праходзяць жанчыны, абмяркоўваюць фарбу для валасоў, па-руску. У адной з іх выразнае беларускае «г». Нечакана чуць яго ў гэтым месцы: няўжо не перавучылася? Па дарозе бачым шыльду: «Территория приятных покупок» – зялёны хлявок з чырвона-зялёным сцягам. Мінаем краму «Парэчка», а ніжэй: «овощи, фрукты, ягоды». Беларуская мова як аздоба. Мне дзіўна, што я ўжо еду ў машыне, а не нясу праз бясконцы пусты комплекс кардонку з хачапуры, што момант сышоў. Усе моманты папярэдніх васьмі дзён сышлі, паслязаўтра я з’язджаю. Мінскія канікулы – маленькае жыццё. А што далей – маленькая смерць? У дзяцінстве я думала, што хутка – гэта калі час можна акрэсліць адным словам, не называючы колькасці дзён. Заўтра, паслязаўтра. Я з’язджаю хутка.
***
Калі я прачынаюся, на клёне параскрываліся лісты. Учора былі толькі кветкі, ажурныя ўпрыгожанні на кончыках галін. Клён расце ля самага акна, некалі мы нават думалі, што яго трэба ссячы, каб улетку ў пакоі не панаваў зялёны паўзмрок. «Не надо его рубить, – сказалі тады суседзі на лаўцы, з якімі мы падзяліся роздумамі. – Будете потом жалеть». У нашым двары – высокія старыя дрэвы, і І. баіцца, што аднойчы падчас навальніцы адно з іх паваліцца і разаб’е чыю-небудзь машыну. Магчыма, нашу.
Сёння мой апошні поўны дзень у Мінску. Я вырашаю, што час ісці па крамах – купіць тое, што прасілі прывезці, ды і проста на шпацыр. Крочу міма «Агата» і ўпершыню звяртаю ўвагу на скульптуру жанчыны з галубамі. Зноў галубы – няўжо ў гэтым горадзе жанчына не можа быць выяўленая іначай, як у іх таварыстве? У яе руках кніга і крыж, а доўгая сукня шчыльна аблягае калені, так што добра бачная ўся іх анатомія. Святая Еўфрасіння? Шукаю яе на картах і ў інтэрнэце, чарговы раз нічога не знаходжу. Затое натрапляю на каментар двухгадовай даўніны: «В агате всегда было хорошо и интересно работать, но потом пошли сокращения и…» Скульптура крыху адсунутая ад тратуара, завешаная ніцым бярозавым галлём. Улетку, мабыць, нічога, апроч кален, і не відаць. Неўзабаве пачнецца дождж, неба пахмурнае. У мяне няма парасона, і я ўяўляю, як буду ісці з мокрай галавой, уся мокрая. Ад гэтага настрой робіцца крыху гарэзлівым.
Адной нашай крамы больш няма. Калі я раблю ў тэлефоне нататку, спэлчэкер папраўляе: краіны. Бываюць дні, калі я сапраўды перастаю верыць у яе існаванне. Яна хоча зменшыцца да памеру кропкі на карце, растаць, каб ніхто яе не бачыў. Краіна ў доміку. На праспекце пуста: нядзеля. Роварная дарожка, аддзеленая белай лініяй ад тратуара і нічым ад яго, па сутнасці, не адрозная, зрываецца на сутыкненні з дарогай з высокага бардзюра і далей вядзе ў нікуды. Быццам мяркуецца, што ровар у гэтым месцы мусіць узляцець у неба, за лінію белых аблокаў.
«Дом кіно»: афіша чагосьці расійскага пад назвай «Ботан и супербаба». Пакуль іду, рызыкую зірнуць на кінасайце, што гэта. Рэйтынг: 3,2 з 10. У двары грэюцца адразу чатыры каты, сямейнае падабенства навідавоку. Урэшце зацвіла вішня.
Калі ўвечары не ўключаць святло і глядзець, як на двор апускаецца цемра, здаецца, што ты сярод дрэў, што сам дом – на дрэве. Цяпер цямнее позна – у 21.30 за акном яшчэ ўсё відаць. Я люблю сядзець у шарую гадзіну ля акна і глядзець на двор. Наперадзе – самыя светлыя месяцы года.
***
Мы на аўтавакзале. Аўтобус ад’язджае ў 19:00, але з 18:30 ён на платформе, гатовы прымаць пасажыраў. Гэта «Мінсктранс», ён так ж дысцыплінаваны, як і мы. Любоў да парадку – спрадвечная рыса беларусаў ці пабочны эфект ад жыцця пры дыктатуры? Перад тым, як сунуць маю торбу ў чэрава аўтобуса, кіроўца чапляе на яе нумарок: 7. З салона даносіцца рэзкі голас сцюарда: «Кто едет, давайте заходите, а то будете потом перед выездом толпиться». На гадзінніку – 18.35. Мы з І. пераглядаемся: беларускі аналаг ветлівасці. Раней мяне такое раздражняла, цяпер – не. У нейкім сэнсе гэта таксама клопат пра пасажыраў, бурклівы, але як умеем. Мы ігнаруем паўпросьбу-паўзагад, стаім яшчэ хвілін 20 вонкі, разглядаемся. Над платформамі – плакаты з відамі сталіцы і надпісамі на трох мовах: «Вітаем у Мінску» / «Приветствуем в Минске» / «Welcome in Minsk». Урэшце развітваемся, я заходжу ў салон. Ніхто не тоўпіцца, большасць ужо заняла месцы. Сцюард уважліва вывучае мае дакументы. Нехта пытае, ці можна выйсці, ён усё тым жа рэзкім голасам адразае: «Как хотите, но ждать никого не будем». На гадзінніку – 18.57.
Ад’язджаем ад платформы хвіліна ў хвіліну па раскладзе. Даўно я з такім не сутыкалася. Развітальны ашчэр Мінска: георгіеўская стужка на палотнішчах, якія ўпрыгожваюць вакзал. Нават не зусім стужка – намёк на яе пад чорна-белымі здымкамі, схаваны пад усюдыіснымі белымі кветкамі 9 мая. І я амаль веру, што гэта выпадковасць, якая нічога не значыць. Рухаемся праз горад, і крыху памякчэлы сцюард паведамляе, у колькі мы будзем у Баранавічах і Брэсце. Час прыбыцця ў Варшаву залежыць ад мяжы. І яшчэ, пасля паўзы: «Через два часа будет произведена санитарная остановка». Ён так і кажа, даслоўна. І пасля жадае прыемнай дарогі. Мне імпануе гэты «Мінсктранс», самы ўважлівы да пасажыраў перавозчык на нашай не самай лёгкай з трас. Гэта той самы «Мінсктранс», які выстаўляе людзям шалёныя рахункі за нібыта блакаванне дарог.
На польскай мяжы нас разварочваюць – сцюард прагледзеў, дакументы ў кагосьці ўсё ж не ў парадку. Аўтобусу даводзіцца вярнуцца да беларусаў і высадзіць небараку. Праз увесь салон ідуць два хлопцы, пасажыры пытаюць, што здарылася.
– Не пускают только по грузинскому паспорту, надо еще что-то, – адмахваецца адзін з хлопцаў.
Кіроўца ідзе за імі, каб дастаць рэчы з багажніка. Хлопец, які толькі што тлумачыў сітуацыю, зноў праходзіць паўз увесь салон да свайго месца.
– А ему что, разрешили остаться? – чую за спінай шэпт.
– Высадили только одного, конкретно нерусского.
Калі мы сядаем у аўтобус пасля таго, як польскія мытнікі агледзелі нашы рэчы, краем вока заўважаю, як адна з пасажырак выцягвае з аўтобуснай сметніцы паўлітровы слоік забароненай для правозу хатняй тушонкі. У маёй торбе таксама прыхаваны гасцінец – пакет з мятай з бацькоўскага лецішча. Ні ён, ні чарадзейныя казкі для К. нікога па абодва бакі мяжы не зацікавілі.
У пункт прызначэння мы прыбываем са спазненнем усяго ў 10 хвілін – «Мінсктранс» умее здзіўляць. На развітанне сцюард строга нас папярэджвае: «Не оставляйте в салоне мусор». Але ўжо на вакзале адкідвае сваю беларускасць – ім апаноўвае варшаўскі настрой. Ён адчыняе багажнік і выдае нам торбы, нават не гледзячы на прычэпленыя да іх нумаркі.
29.04 – 10.05.2022
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.by у Telegram
Сообщить об опечатке
Текст, который будет отправлен нашим редакторам: