Найлепшы драматычны спектакль — «Ідыёт» Горкаўскага тэатра ў пастаноўцы сербскіх рэжысёраў. Сёння сталі вядомыя пераможцы «Нацыянальнай тэатральнай прэміі»

Сёння ў Тэатры імя Янкі Купалы ў Мінску адбылася цырымонія ўзнагароджання «Нацыянальнай тэатральнай прэміі-2023». Так, у адной з галоўных намінацый — «Найлепшы спектакль драмы для вялікай сцэны» — была адзначана пастаноўка сербскіх рэжысёраў Стэва Жыгана і Івана Жыгана «Ідыёт» паводле Дастаеўскага, рэалізаваная на сцэне Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Максіма Горкага.

Яшчэ адзін спектакль Горкаўскага тэатра — «Граф Монтэ-Крыста»ў рэжысуры Сяргея Кавальчыка ўзяў узнагароду ў намінацыі «Найлепшы спектакль у жанры аперэта, музычная камедыя, мюзікл».

Опера «Дзікае паляванне караля Стаха» паводле Уладзіміра Караткевіча ў рэжысуры Ганны Маторнай была названа «Найлепшым оперным спектаклем». (Прычым у гэтай намінацыі канкуравалі паміж сабой толькі дзве пастаноўкі — «Дзікае паляванне караля Стаха» і «Гісторыя Кая і Герды (Снежная каралева)» з Вялікага тэатра оперы. Абедзве зрэжысаваныя Ганнай Маторнай).

«Дон Кіхот» у пастаноўцы Валянціна Елізар’ева — «Найлепшы балетны спектакль».

«Найлепшы спектакль для дзяцей і юнацтва» — «Гісторыя Кая і Герды (Снежная каралева)». Рэжысёр-пастаноўшчык — тая ж Ганна Маторная.

Акцёр Беларускага дзяржаўнага тэатра лялек Дзмітрый Чуйкоў — у цэнтры кадра. Фота: belta.by.

У намінацыі «Найлепшы спектакль для тэатра лялек» перемог сапраўдны хіт Беларускага дзяржаўнага тэатра лялек — «Запіскі юнага доктара» ў рэжысуры Яўгенія Карняга. Выканаўца галоўнай ролі ў спектаклі паводле твораў Міхаіла Булгакава — акцёр Дзмітрый Чуйкоў — быў адзначаны за «Найлепшую акцёрскую работу».

Узнагарода ў намінацыі «Найлепшая работа рэжысёра» — у Валерыя Анісенкі.

Лаўрэат Прэміі журы — актрыса Купалаўскага тэатра Тамара Міронава.

Спецыяльную прэмію за ўклад у развіццё тэатральнага мастацтва Беларусі атрымаў мастацкі кіраўнік Беларускага дзяржаўнага акадэмічнага музычнага тэатра Адам Мурзіч.

Усяго ў конкурсе «Нацыянальная тэатральная прэмія» ўдзельнічалі 32 пастаноўкі з 20 тэатраў краіны. VII Рэспубліканскі конкурс «Нацыянальная тэатральная прэмія» ладзіўся з 25 кастрычніка па 18 лістапада ў Мінску на сцэне Купалаўскага тэатра.

Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.

🔥 Поддержите Reform.news донатом!