Нацыянальная бібліятэка Беларусі набыла рэдкі экзэмпляр «Псалтыра» Сімяона Полацкага

Напярэдадні юбілею з дня нараджэння ўраджэнца Полацка, выбітнага царкоўнага, дзяржаўнага і культурнага дзеяча іераманаха Сімяона Полацкага (1629–1680) Нацыянальная бібліятэка Беларусі набыла рэдкі экзэмпляр “Псалтири рифмотворной”, надрукаванай у 1680 годзе ў Верхняй друкарні, якую арганізаваў Сімяон Полацкі (1629–1680).

“Псалтирь рифмотворная” з’яўляецца помнікам кніжнай культуры XVII стагоддзя і ўяўляе вялікую цікавасць для даследчыкаў. Сімяон Полацкі першым ажыццявіў поўны пераклад гэтай кнігі сілабічным вершам. У прадмове да «Псалтыра» ён піша, што кніга прызначалася не для царкоўна-богаслужбовага ўжывання, а для «хатняй патрэбы» чытача, які шануе «рыфматворную гаворку».

Выданне ўключае тры прадмовы аўтара, сам тэкст “Псалтири рифмотворной”, а таксама старазапаветныя “песні”, “малітвы” і “месяцеслов” у вершаваным перакладанні. Прадмовы Сімяона Полацкага звернутыя да цара Феадора Аляксеевіча і набожных чытачоў, адна з прадмоў напісана таксама ў вершаванай форме.

На адной са старонак Сімяон Полацкі ўпершыню для Масковіі выкарыстаў друкарскую гульню: пачаў набор фразы “Псалмы пойте Богу нашему” з цэнтра наборнай паласы, так што фразу можна чытаць і злева направа, і справа налева, і знізу ўверх, і зверху ўніз.

Кніга багата ўпрыгожана застаўкамі, канцоўкамі, ламбардамі, наборнымі ўпрыгажэннямі. Уключае гравюру цара Давіда ў выкананні вядомага іканапісца Сімона Ушакова. Выява стала наватарскай для свайго часу. Вобраз цара Давіда выкананы рэалістычна, трактоўка задняга плана гравюры вырашана прасторава і ў перспектыве.

На палях кнігі ёсць рукапісныя нотныя радкі. Паклаў вершы на музыку ў 1685 годзе царскі пеўчы дзяк, кампазітар Васіль Цітоў (каля 1650 – 1710).

Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.by у Telegram

Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.