Віцебскі арт-менеджар Уладзімір Булаўскі быў затрыманы 14 снежня 2022 года і мусіў быў выйсці на волю 1 студзеня. Аднак вядомага культурнага арганізатара да гэтай пары так і не вызвалілі — па даных пабліка «Беларусь за МКАДом», на менеджара завялі крымінальную справу.
Падстава для завядзення справы — фота ў сацсетках Уладзіміра Булаўскага са жнівеньскіх маршаў, — удакладняе тэлеграм-канал.
Нагадаем, што культурны арганізатар быў затрыманы 14 снежня пасля затрымання трох чалавек, звязаных з гастрапабам ROK’I PUB — заснавальнікаў установы Ільі Кульмана і Паўла Пятруніна, і таксама сталага наведвальніка Дзмітрыя Ларкова. Яны атрымалі па 15 содняў за распаўсюджанне «экстрэмісцкіх» матэрыялаў і ўжо выйшлі на волю. Па якім артыкуле быў асуджаны Булаўскі, невядома. Па інфармацыі праваабаронцаў, Булаўскага вазілі ў РАУС 30 снежня 2022, дзе на яго, верагодна, быў складзены яшчэ адзін пратакол.
У мінулым годзе культурны менеджар затрымліваўся пяць разоў. Агулам ён правёў у ІЧУ 45 содняў.