На польскім міжнародным кінафестывалі «WATCH DOCS. Правы чалавека ў кіно» пакажуць фільмы пра Беларусь

На 22-м міжнародным кінафестывалі «WATCH DOCS. Правы чалавека ў кіно» будзе паказана польская стужка «Маладая Беларусь», яе рэжысёры – Лукаш Руцінскі і Патрык Шчэпаняк. Фільм расказвае пра маладых беларусаў, якія пасля ўцёкаў з краіны шукаюць сваё месца ў свеце – паміж вясёлым баўленнем часу і настальгіяй, пачуццём безнадзейнасці і кепскімі навінамі з радзімы.

Таксама пакажуць фільм «Мара. Беларускі сон» Сашы Кулак, які быў прызнаны пераможцам беларускага конкурсу «Паўночнага ззяння».

Праграмны дырэктар «WATCH DOCS» Конрад Віркоўскі піша пра гэтую стужку: «Як магла б выглядаць гісторыя Алісы, калі б яна апынулася ў Мінску падчас дэманстрацый у жніўні 2020 года замест люстэрка? Вытрыманы ў паэтыцы соннай мары, фільм Сашы Кулак – гэта вельмі асабістая гісторыя беларускіх пратэстаў, часу надзеі і сацыяльнага адзінства, калі здавалася, што ўсё магчыма. Рэальныя фатаграфіі пратэстаў, у якіх удзельнічала аўтарка фільма, суправаджаюцца стылізаванымі сюррэалістычнымі сцэнамі. Калі бязлітасная рэакцыя міліцыі і арміі жорстка знішчаюць мару аб свабодзе, застаецца толькі чакаць умяшання Чырвонай Каралевы… Беларускі сон ператвараецца ў кашмар, а туманныя мары – у балючыя сведчанні пераследаў і катаванняў».

Кадр з фільма Сашы Кулак «Мара». Фота: kinoart.ru.

На «WATCH DOCS» будзе паказана больш за 50 дакументальных фільмаў сусветнага ўзроўню. Тэмы вельмі розныя: ваенныя злачынствы ва Украіне і пераадоленне траўмы ваеннага часу; расследаванне забойства славацкага журналіста; метады фашысцкай прапаганды, актуальныя і сёння; чылійская гісторыя вулічнага паўстання; назіранне за працай рэпарцёраў аднаго з апошніх у Індыі незалежных тэлеканалаў; запіс апошніх момантаў перад падзеннем Кабула ў жніўні 2021 года; журналісцкае расследаванне сумна вядомай аперацыі бразільскай пракуратуры, у выніку якой экс-прэзідэнт Бразіліі быў асуджаны да 12 гадоў пазбаўлення волі; вывучэнне падводных камянёў прыватызацыі сістэмы дамоў састарэлых у Фінляндыі. Асобны раздзел праграмы прысвечаны пытанням узаемаадносінаў жывел і людзей.

Асобна варта вылучыць стужку Яна Сікла «Рэканструкцыя ўварвання», прысвечаную падзеям Пражскай вясны 1968 года. Яна пра гісторыю часу надзеі і адчаю, у якой страчаная мужнасць змешваецца са страхам і канфармізмам. «Рэжысёр дабраўся да невядомых архіўных матэрыялаў — фільмаў, знятых чэшскімі ваеннымі аператарамі, якія хаваліся больш за паўстагоддзя. Больш за тое, ён здзейсніў немагчымае: знайшоў увекавечаных на іх людзей – салдат, студэнтаў, рабочых. Акрамя выдатна адрэдагаваных архіваў, менавіта іх пакутлівыя прызнанні надаюць сілу гэтаму фільму. У ім няма недахопу ў складаных пытаннях — аб межах гераізму і сапраўднай цане прывезенай таксама на польскіх танках «нармалізацыі».

Фестываль «WATCH DOCS. Правы чалавека ў кіно» пройдзе з 2 па 11 снежня. Ён уключае паказы ў Варшаве — у кінатэатрах Muranów i Kinoteka i анлайн на mojeekino.pl.

Пасля заканчэння фестывалю, 12-31 снежня, на платформе player.pl можна бясплатна паглядзець фільмы з адмысловай калекцыі WATCH DOCS, якая ўключае ў сябе выбраныя стужкі з папярэдніх выпускаў фестывалю і фільмы, паказаныя на прэм’еры.

«WATCH DOCS. Правы чалавека ў кіно» з’яўляўся партнёрам беларускага фестывалю «Watch Docs Belarus», цяпер пастаўленага на паўзу.

Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.

🔥 Поддержите Reform.news донатом!