ХХХІ Мінская міжнародная кніжная выстава адкрыецца 14 сакавіка ў адміністрацыйным комплексе па праспекце Пераможцаў, 14.
Асноўнымі тэмамі выставы абвешчаныя: 80-годдзе вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, 30-годдзе першых у гісторыі суверэннай Беларусі выбараў прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, 30-годдзе прыняцця Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, год якасці, аб’яўлены ў Рэспубліцы Беларусь у 2024 годзе, юбілеі класікаў беларускай літаратуры, — паведамляе Дом прэсы.
«На нацыянальным стэндзе, які сёлета будзе сімвалізаваць сталічную плошчу Перамогі, зладзяць экспазіцыю кніг, прысвечаную Вялікай Айчыннай вайне і 80-годдзю вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, экспазіцыю Нацыянальнай бібліятэкі «Да родных берагоў», куды ўвойдуць мастацкія, публіцыстычныя і агітацыйныя творы 1941-1944 гадоў, экспазіцыю Прэзідэнцкай бібліятэкі Беларусі, у якой будуць прадстаўлены рэдкія кнігі, прысвечаныя гераічнай барацьбе савецкага народа з нямецка-фашысцкімі захопнікамі, і экспазіцыю «Беларусь непераможная», якая прадстаўляе храналогію фатаграфій гарадоў краіны ў даваенны, ваенны і пасляваенны перыяды. Пры гэтым, як мяркуецца, на беларускім стэндзе будуць выдавецтвы ўсіх формаў уласнасці, і тычыцца дадзеная прадукцыя будзе не толькі Беларусі».
Праект «Міжнародны квартал» сёлета таксама адбудзецца, цэнтральным экспанентам там стане Ісламская Рэспубліка Іран.
Адкрыюцца мерапрыемствы Мінскай міжнароднай кніжнай выставы-кірмашу 13 сакавіка, калі распачнецца Міжнародны сімпозіум літаратараў.
Сёлета ўдзельнікам прапанаваная тэма «Партнёрства ў імя будучыні». Чакаюцца госці з Ірана, Егіпта, Расійскай Федэрацыі і Кітайскай Народнай Рэспублікі. «Мы б хацелі, каб гэтыя людзі распавялі пра будучыню, пра ролю пісьменніка і кнігі. Хто, як не пісьменнік, адрэфлексуе тыя падзеі і эмоцыі, якія сёння пераасэнсоўваюцца ў грамадстве», — падзяліўся чаканнямі намеснік міністра інфармацыі Беларусі.
Азнаёміцца з удзельнікамі можна на сайце мерапрыемства.
Мінская міжнародная кніжная выстава будзе працаваць да 17 сакавіка.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.by у Telegram