На Франкфурцкім кніжным кірмашы будзе арганізаваны беларускі стэнд

Франкфурцкі кніжны кірмаш пройдзе гэтай восенню ў 75-ты раз. На ім будзе прадстаўлены беларускі стэнд, які можна будзе наведаць з 18 па 22 кастрычніка. Стэнд арганізаваны грамадскай ініцыятывай «Інстытут беларускай кнігі», які падтрымлівае ўдзел незалежных выдавецтваў: Januškevič Publishing, Gutenberg Publisher, Vesna Books, Skarynyčy, Skaryna Press, ARCHE, «Мяне няма».

18 кастрычніка а 13-й гадзіне адбудзецца панэль, прысвечаная Беларусі. Яна мае назву «Free Expression in the Face of Repression».

Многія беларускія пісьменнікі і выдаўцы вымушаныя былі сысці ў падполле альбо з’ехаць за мяжу. Сёння яны прыкладаюць намаганні, каб аднавіць сваю дзейнасць і падтрымліваць сувязі з беларускімі грамадзянамі, раскіданымі па розных краінах свету.

Што значыць аднавіць працу ў якасці пісьменніка або выдаўца за мяжой?

Якія існуюць шляхі для распаўсюду кніг? Ці можна разважаць пра беларускую літаратуру не з пазіцыі ахвяры, не як пра палітычную заяву, а з перспектывы літаратурных якасцей і пасылаў?

Якая будучыня чакае беларускую літаратуру?

Удзельнікі панэлі:

  • Вольга Гапеева – беларуская пісьменніца і паэтка;
  • Аліна Коўшык – кіраўніца Прадстаўніцтва па справах адукацыі і нацыянальнага адраджэння Аб’яднанага пераходнага кабінета Святланы Ціханоўскай;
  • Ала Пігальская – PhD, прадстаўніца Інстытута беларускай кнігі;
  • Інга Пец – мадэратар, эксперт па Беларусі ў Бэрліне, рэдактар dekoder.org

Працоўная мова: ангельская

Тут з’явіцца спасылка на прамую трансляцыю з мерапрыемства.

Панэль арганізаваная Інстытутам беларускай кнігі і Франкфурцкім кніжным кірмашом у супрацоўніцтве з dekoder.org.

Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.by у Telegram

Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.