Падчас фестывалю PRADMOVA, які ў гэтыя дні (6-9 кастрычніка) праходзіць у Варшаве, у Музеі вольнай Беларусі працуе выстава фіналістаў і пераможцаў конкурсу маладых ілюстратараў і дызайнераў кнігі ART PRADMOVA.
Ідэя вылучыць накірунак дызайну і прысвяціць яму больш увагі ў межах фестывалю інтэлектуальнай кнігі нарадзілася з патрэбы пазнаёміць маладых беларускіх дызайнераў з беларускімі пісьменнікамі і выдаўцамі. У выніку ілюстратары атрымліваюць шанец атрымаць новыя цікавыя замовы і зрабіцца бачнымі ў публічнай прасторы. Бо фестываль PRADMOVA некалі так і задумваўся — як месца сустрэч людзей, звязаных са стварэннем кніг.
Куратарка выставы Дзіяна Ігнаткова распавяла Reform.by, што ў экспазіцыі прадстаўлены маладыя дызайнеры, якія ўжо працуюць з выдавецтвамі ці хацелі б з імі супрацоўнічаць. Па выніках мінулагодніх конкурсаў такія калабарацыі сапраўды адбыліся, у выніку з’явіліся якасна аформленыя кнігі.
На конкурс прымаюцца працы, звязаныя з кнігамі (вокладкі, ілюстрацыі, арт-букі, мастацкія праекты і іншае), выкананыя ў любых тэхніках (выдадзеныя ці нявыдадзеныя); ад аднаго ўдзельніка на конкурс можа быць пададзена толькі адна заяўка (максімальна адзін твор/аб’ект, да 5 ілюстрацый на разгляд журы).
Журы, якое складаецца з людзей, звязаных з кніжнай прадукцыяй, літаратараў і ілюстратараў, вызначыла 11 удзельнікаў, якія патрапілі ў шорт-ліст. З іх абралі пераможцаў у шасці намінацыях і адна аўтарка атрымала гран-пры.
У намінацыі Арт-бук пераможцай стала Кацярына Дудко;
Тыражная кніга (дызайн кнігі) — Анастасія Ткачова;
Ілюстрацыя (за найлепшую тэхніку выканання) — Марыя Лазарчук;
Ілюстрацыя (за наватарства/эксперымент) — Дана Мігунова;
Ілюстрацыя (за лепшае прачытанне тэмы) — Дар’я Часлаўская;
Гран-пры атрымала Вольга Пранкевіч.
Куратарам конкурсу з’яўляецца мастак і дызайнер Зміцер Герасімовіч.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.by у Telegram