25 сакавіка на Петрашунскіх могілках у Каўнасе адбудзецца ўрачыстае адкрыццё рэканструяванага надмагілля выбітнага дзеяча беларускага адраджэння ХХ стагоддзя, аўтара эскіза бел-чырвона-белага сцяга — Клаўдзія Дуж-Душэўскага.
Ініцыятарам аднаўлення надмагілля і стварэння шыльды на беларускай мове з імём вядомага архітэктара і палітыка выступіла Беларуская сябрына ў Коўне на чале з Нікай Выгоўскай.
Наведаўшы могілкі ў Каўнасе два гады таму, беларуская актывістка была здзіўлена таму факту, што на магіле дыпламатычнага прадстаўніка ўрада БНР, дзяржаўнага сакратара ва ўрадзе Вацлава Ластоўскага, рэдактара, выдаўца шматлікіх беларускамоўных часопісаў — Клаўдзія Дуж-Душэўскага — не аказалася ніводнага знака на роднай мове. Так, Ніка Выгоўскага распачала кампанію па збору сродкаў на шыльду па-беларуску для аўтара бел-чырвона-белага сцяга, і ёй удалося сабраць патрэбную суму.
Урэшце, на Дзень Волі на Петрашунскіх могілках пройдзе ўрачыстае адкрыццё рэканструяванага надмагілля, на якое запрашаюцца ўсё жадаючыя. У праграме святкаванняў Дня Волі таксама прадугледжваецца экскурсія «Беларуская вясна ў Коўне 100 год таму».
Арганізатары падзеі просяць папярэдне зарэгістравацца на мерыпрыемствы.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.by у Telegram