Беларускі ПЭН апублікаваў хроніку парушэнняў правоў чалавека ў сферы культуры за другую палову чэрвеня 2023 года.
На 30 чэрвеня 2023 года людзей слова ў няволі – не менш за 31, дзеячаў культуры ў няволі – не менш за 132.
I. Крымінальныя палітычна матываваныя справы ў дачыненні да дзеячаў культуры, аўтараў і выканаўцаў
1. 1 чэрвеня стала вядома, што ў дачыненні да спявачкі, выканаўцы фальклору Патрыцыі Свіцінай распачата крымінальная справа паводле арт. 342 Крымінальнага кодэкса («Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, або актыўны ўдзел у іх»). Патрыцыя Свіціна знаходзіцца ў Жодзіне ў турме № 8. Яна была затрымана ў Мінску 16 траўня 2023 года.
2. У Шклове ў папраўчай калоніі № 17 адбыўся суд наконт замены рэжыму ўтрымання зняволенаму літаратару і грамадскаму дзеячу Паўлу Севярынцу. Суд пастанавіў перавесці Паўла Севярынца на турэмны рэжым тэрмінам на 3 гады. Перад судом яго ўтрымлівалі ў ШІЗА некалькі месяцаў, а потым перавялі ў памяшканне камернага тыпу на 3 месяцы, што прывяло да пагаршэння здароўя.
3. Грамадскага дзеяча, журналіста і эсэіста Андрэя (Анджэя) Пачобута накіравалі адбываць тэрмін пакарання ў калонію № 1 у Наваполацку. 8 лютага 2023 г. Гродзенскі абласны суд прысудзіў Анджэю Пачобуту 8 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму, прызнаўшы яго вінаватым паводле ч. 3 арт. 361 Крымінальнага кодэкса («Заклікі да мер абмежавальнага характару (санкцый), накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы»), ч. 3 арт. 130 Крымінальнага кодэкса («Распальванне нацыянальнай, рэлігійнай і іншай сацыяльнай варожасці»). 26 траўня 2023 года Вярхоўны суд разгледзеў апеляцыйную скаргу Анджэя Пачобута і пакінуў прысуд без зменаў, а скаргу – без задавальнення. 23 чэрвеня 2023 года МУС дадало Анджэя Пачобута да так званага пераліку грамадзян Беларусі, замежных грамадзян або асоб без грамадзянства, якія маюць дачыненне да экстрэмісцкай дзейнасці.
4. У судзе Ленінскага раёна Гродна пачаўся разгляд крымінальнай справы Андрэя Несцяровіча, уладальніка этнакрамы «Цудоўня», паводле арт. 295 ч. 2 Крымінальнага кодэкса («Незаконныя дзеянні ў дачыненні да агнястрэльнай зброі, боепрыпасаў і выбуховых рэчываў»). Этнакрама «Цудоўня» працуе ў Гродне з 2015 года. У 2020 годзе супрацоўнікі этнакрамы падтрымала мірныя пратэсты, накіраваныя супраць фальсіфікацыі вынікаў выбараў. 26 кастрычніка 2020 года «Цудоўня» не працавала ў знак салідарнасці з абвешчанай агульнабеларускай забастоўкай. У выніку этнакрама зазнала рэпрэсіі і штрафы, а 3 снежня 2020 года была пазбаўлена памяшкання.
5. Пракурор запатрабаваў 10 гадоў пазбаўлення волі калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму для менеджара культуры, былога кіраўніка платформаў «Ulej» і «MolaMola» Эдуарда Бабарыкі. Суд над Эдуардам Бабарыкам адбываецца з 22 траўня ў Мінскім абласным судзе на выязным судовым пасяджэнні ў памяшканні суда Мінскага раёна. Эдуарда Бабарыку абвінавачваюць паводле арт. 130 Крымінальнага кодэкса («Распальванне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай або іншай сацыяльнай варожасці або разладу»), ч. 2 арт. 235 Крымінальнага кодэкса («Легалізацыя сродкаў, атрыманых злачынным шляхам»), арт. 243 Крымінальнага кодэкса («Ухіленне ад выплаты сум падаткаў, збораў»), ч. 1 арт. 293 Крымінальнага кодэкса («Арганізацыя масавых беспарадкаў»).
II. Палітычна матываваныя адміністрацыйныя затрыманні і арышты дзеячаў культуры, аўтараў і выканаўцаў
1. У горадзе Гарадок Віцебскай вобласці быў затрыманы Аляксандр Баль – бард, былы супрацоўнік магілёўскага драматычнага тэатра, з якога яго звольнілі за ўдзел у мірных пратэстах 2020 года, аўтар песні пра палітычныя рэпрэсіі «На Родине моей беда». 16 чэрвеня суд Гарадоцкага раёна пастанавіў арыштаваць музыку на 15 сутак за нібыта распаўсюджанне экстрэмісцкіх матэрыялаў.
2. У Лепельскім раёне затрымалі ўладальніка аграсядзібы «Паўсвіж», музыку і збіральніка фальклору Васіля Шкіндзера. 14 чэрвеня суд Лепельскага раённага суда вынес рашэнне: 15 сутак адміністрацыйнага арышту.
3. У Наваполацку адбыўся суд над Валянцінай Болбат – грамадскай актывісткай і арганізатаркай культурніцкіх мерапрыемстваў з Верхнядзвінску. Рашэнне суда: 30 сутак адміністрацыйнага арышту паводле ч. 2. арт. 19.11 Кодэкса аб адміністрацыйных парушэннях («Распаўсюджанне інфармацыйнай прадукцыі, уключанай у рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў, а таксама выраб, выданне, захоўванне або перавозка з мэтай распаўсюджання такой інфармацыі») і ч. 3 арт. 24.23 Кодэкса аб адміністрацыйных парушэннях («Парушэнне парадку арганізацыі або правядзення масавых мерапрыемстваў»).
III. Суды і арышты за беларускую і ўкраінскую нацыянальную сімволіку
1. У Оршы працаўніцу Аршанскага льнокамбіната асудзілі на 3 сутак адміністрацыйнага арышту за тое, што яна карысталася на працы тэрмакубкам з выявай герба «Пагоня» і надпісам «Жыве Беларусь!». Суд кваліфікаваў выкарыстанне кубка як несанкцыянаваны пікет на працоўным месцы і вынес рашэнне паводле арт. 24.23 Кодэкса аб адміністрацыйных парушэннях, кубак пастанавіў знішчыць.
2. У Глыбокім суд прыняў рашэнне наконт 15 сутак адміністрацыйнага арышту Андрэя Гутара за дзве публікацыі ў сацыяльнай сетцы «Укантакце» з выявамі нацыянальнага бел-чырвона-белага сцяга. Андрэя Гутара судзілі паводле двух артыкулаў Кодэкса аб адміністрацыйных парушэннях – ч. 2 арт. 19.11 («Распаўсюджанне інфармацыйнай прадукцыі, уключанай у рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў, а таксама выраб, выданне, захоўванне ці перавозка з мэтай распаўсюджання такой інфармацыйнай прадукцыі») і ч. 1 арт. 24.23 («Парушэнне парадку правядзення сходу, мітынгу, вулічнага шэсця, дэманстрацыі, пікетавання, іншага масавага мерапрыемства»).
IV. Умовы ў месцах пазбаўлення волі, катаванні зняволеных
1. Аляксандра Фядуту ў папраўчай калоніі № 15 у Магілёве пазбавілі перадач да кастрычніка. Перадаюць толькі лекі. Аляксандр Фядута – літаратар, рэдактар, журналіст, перакладчык, літаратуразнаўца (доктар габілітаваны гуманітарных навук у спецыяльнасці «Літаратуразнаўства»), выдавец, палітычны аналітык. 5 верасня 2022 года Мінскі абласны суд на выязным пасяджэнні ў адкрытым працэсе вынес прысуды ў крымінальнай справе «аб змове з мэтай захопу дзяржаўнай улады», паводле якой, сярод іншых, асуджаны Аляксандр Фядута. Яму прысудзілі 10 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму паводле арт. 357 Крымінальнага кодэкса («Змова з мэтай захопу ўлады неканстытуцыйным шляхам»).
2. 15 чэрвеня Аляксандру Францкевічу да 6 ліпеня працягнулі тэрмін знаходжання ў штрафным ізалятары, дзе яго трымаюць з 28 сакавіка. Аляксандр Францкевіч – актывіст анархісцкага руху, літаратар, аўтар турэмнай прозы. Неаднаразова зазнаваў адміністрацыйны і крымінальны пераслед за грамадзянскую пазіцыю і ўдзел у пратэстах, двойчы быў прызнаны палітвязнем. 6 верасня 2022 года ў Мінскім гарадскім судзе быў вынесены прысуд Аляксандру Францкевічу: 16 гадоў і 9 месяцаў калоніі ва ўмовах строгага рэжыму. У сакавіку 2023 года ён этапаваны ў калонію № 5 у Івацэвічах.
V. Рэпрэсіі ў кніжнай сферы
28 чэрвеня выдавец Генадзь Вінярскі паведаміў на сваёй Facebook-старонцы: «Стадыя ліквідацыі выдавецтва “Кнігазбор” пачала выходзіць на фінішную прамую. Пачаў пакрысе забіраць з інтэрнэт-кнігарняў непрададзеныя кнігі. Замовіць іх яшчэ можна на knihi.by, kniganosha.by, tn.by». Пра тое, што Міністэрства інфармацыі спыніла дзейнасць выдавецтва «Кнігазбор», стала вядома 22 студзеня. 26 студзеня Генадзь Вінярскі, дырэктар выдавецтва, напісаў на Facebook-старонцы, што здаў у Міністэрства інфармацыі пасведчанне выдаўца: «Вось і скончылася мая эпапея выдаўца. 27 гадоў працы, каля 3 тысяч найменняў кніг, прэзентацыі, выставы. Сёння здаў у Міністэрства інфармацыі пасведчанне выдаўца. У хуткім часе пачнём працэс ліквідацыі ПУП “Кнігазбор”, таму купляйце ў кнігарнях кнігі нашага выдавецтва, пакуль яны ёсць». У тэлеграм-канале Міністэрства інфармацыі паведамілі, што прычына – «парушэнне тэрмінаў звароту ў Міністэрства інфармацыі з апавяшчэннем аб змене звестак, якія падлягаюць уключэнню ў Дзяржаўны рэестр выдаўцоў, вытворцаў і распаўсюднікаў друкаваных выданняў». «Кнігазбор» – адно са старэйшых недзяржаўных выдавецтваў у Беларусі.
VI. Звальненні за грамадзянскую пазіцыю
1. У Полацкім дзяржаўным універсітэце звольнілі не менш за 7 супрацоўнікаў, сярод іх: сакратар дэканата гісторыка-філалагічнага факультэта Кацярына Шаўлюга, выкладчыца кафедры сусветнай літаратуры і замежных моваў Анастасія Мазго, выкладчыца кафедры замежных моў Святлана Панімашчанка.
2. У Ліцэі БДУ звольнілі 10 выкладчыкаў, сярод іх – выкладчыкі геаграфіі, гісторыі, беларускай мовы і літаратуры.
VII. Парушэнне права на свабоду перамяшчацца
23 чэрвеня актывістку Саюза палякаў, былую дырэктарку і выкладчыцу польскай школы Анжаліку Арэхву не выпусцілі з Беларусі. На мяжы ў пашпарце паставілі пячатку «У выездзе адмоўлена». Пра прычыны адмовы не паведамілі, параілі звярнуцца ў мясцовы РАУС. У 2022 годзе Анжаліку Арэхву асудзілі паводле ч. 2 арт. 19.11 Кодэкса аб адміністрацыйных парушэннях («Распаўсюджанне інфармацыйнай прадукцыі, уключанай у рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў, а таксама выраб, выданне, захоўванне ці перавозка з мэтай распаўсюджання такой інфармацыйнай прадукцыі»).
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.by у Telegram
Сообщить об опечатке
Текст, который будет отправлен нашим редакторам: