Беларуская фундацыя «KUT» і беларускі культуралагічны клуб «I-DZIE-JA» ў Познані падрыхтавалі выставу «Дзяды». Назва адсылае да культавай паэмы Адама Міцкевіча, якую ён распачаў у 1820 годзе, яна пачынаецца з апісання аднайменнага старадаўняга рытуалу памінання продкаў.
Аднак куратарка Вольга Архіпава тлумачыць, што выстава ўсё ж прысвечана не тэме пахавальнага абраду, а тэме спадчыны. А сувязь з Міцкевічам сёлета асабліва сімвалічная: 200 гадоў таму вялікі паэт быў высланы з радзімы.
Творы, з якіх вырасла экспазіцыя, бадай, самыя містычныя ў гэтай экспазіцыі. Серыя «Палескія замовы» саўнд-артыста Яўгена Рагозіна — запісы магічных формул, з дапамогай якіх можна дасягнуць жаданага. На выставе іх можна праслухаць праз чатыры навушнікі, прымацаваныя да народнага дывана.
«Замовы, — расказвае куратарка, — рабіліся на ўсе выпадкі жыцця, на гора і на радасць, а паганскія вераванні ў іх цесна сплеценыя з хрысціянскімі. Прызначэнне замоў (назвы іх вельмі характэрныя) — даваць нам надзею і ратаваць ад сучаснага зла».
Твор нараджае далёкія асацыяцыі з паэмай Міцкевіча, у якой гусляр выклікае духаў, і кожны дух распавядае сваю гісторыю пры жыцці і пасля смерці.
Другі твор-інспірацыя выставы — серыя фотакалажаў Арцёма Бурака пад назвай «Рэха». Метад стварэння прац вельмі просты: аўтар выкарыстаў класічныя фотапартрэты на фоне народных дываноў, а пасля выразаў постаці людзей і замест іх уставіў беларускія краявіды, ствараючы своеасаблівы партрэт сучаснай Беларусі, дзе ад людзей застаецца толькі рэха. Тут ёсць і гістарычныя паралелі, калі згадаць, колькі людзей на нашай зямлі чужынская ўлада спрабавала выразаць з памяці нашчадкаў, і сучасныя, бо сярод нас жывуць людзі-прывіды, якія не хочуць, каб пра іх недзе распавядалі ці фіксавалі на фотаздымках.
З гэтых дзвюх серый, што выклікаюць асацыяцыі і з лёсам, і з сюжэтамі твораў Міцкевіча, нарадзілася тэма выставы — на скрыжаванні і пераасэнсаванні традыцыйных, народных, міфалагічных і кананічна-класічных з’яў беларускай культуры. Асаблівая ўвага куратаркі прысвечаная сінкрэтызму, архаічным і народным традыцыям у сучасным мастацтве.
Нягледзячы на сур’ёзныя намеры, выстава атрымалася даволі іранічнай. А наведнікі адзначаюць, што яна натхняе і падымае настрой.
«З аднаго боку, нагода для выставы сумная — 200 год выгнання паэта, з іншага — мы заўсёды можам жартаваць з нагоды любога выпадку жыцця, можам трымацца і падтрымліваць адно аднаго», — расказвае куратарка.
Агульны тон задае вядомая фраза Адама Міцкевіча, напісаная ім па-беларуску ў нейкай рэлігійнай кнізе: «А на страшным судзе ўсім у сраку будзе». «Гэта таксама добрая нагода да міфатворчасці, бо насамрэч нам дакладна не вядома, дзе канкрэтна былі напісаныя гэтыя словы, яны дайшлі да нас у пераказе, — расказала Вольга Архіпава. — Даследчыкі сцвярджаюць, што ў Міцкевіча былі творы і на беларускай мове, але вядомая толькі гэтая фраза. А беларусы, калі нешта дакладна не ведаюць, заўсёды ствараем міф».
Ідэя твора належыць Олеку Ягеру, а Вольга Архіпава зрабіла схему ручніка з напісанай фразай, і праз яго арнамент стварыла вобраз Страшнага Суда. Нейкі час, пакуль доўжыцца жыццё, ручнік захоўвае лад, рытм і парадак узораў, але потым усё ламаецца. Атрымалася метафарычная ілюстрацыя знакамітай фразы Міцкевіча.
Найбольш іранічны праект на выставе — «Тытульныя старонкі» аўтарства Аляксея Лунёва і Сяргея Шабохіна. Аўтары называюць яго «аквіраваннем» сучаснай беларускай культуры. У паняцці «квір» яны бачаць інакшасць — як форму супраціву той агрэсіі, якая зараз адбываецца ў свеце. Яны ўзялі тытульныя старонкі кніг выбітых беларускіх класікаў і размалявалі іх у стылістыцы дзіцячых малюнкаў, як у дзяцінстве, калі на ўроках дзецям сумна, яны размалёўваюць падручнікі або кнігі ў эратычным кантэксце. «Галоўная ідэя гэтага праекта ў тым, што культура не павінна забранзавець. А мы не павінны страціць магчымасць іранізаваць», — лічыць адзін з аўтараў серыі «Тытульныя старонкі» Сяргей Шабохін.
Олек Ягер у стылістыцы «сармацкага сюррэалізму» ілюструе сваімі арт-аб’ектамі творы Адама Міцкевіча і спрабуе знайсці адпаведны вобраз для знакамітых крылатых афарызмаў.
Ён паказаў скульптуры, якія з’яўляюцца ілюстрацыямі асобных радкоў паэмы «Дзяды». Прычым радкі ён выбраў актуальныя нашаму часу.
«Калі чалавекам ты не быў, чалавек табе не дапаможа», – здаецца, тлумачэнні тут не патрэбныя.
У аб’екце «Дайце зернейка гарчыцы» праз вобраз анёла мастак апавядае кранальную гісторыю пра памерлых дзяцей, якія ў паэме расказваюць, што яны так рана памерлі, што на тым свеце няма ім гора, але трэба каб і радасць, і гора было, таму просяць зернейка гарчыцы.
Скульптура «Jeszcze, kurwa, będzie czas» — непасрэднае пасланне беларусам. На чэрапе жывёлы можна разгледзець невялікія рожкі – як сімвал таго, што ў беларусаў яшчэ ёсць час нарасціць сапраўдныя рогі і працягваць сваю барацьбу…
Вольга Стрыжнёва, працуючы над серыяй «Сяброўкі», узяла фотаздымкі сваёй маці ў маладосці і змясціла ў іх свае фотавыявы. Атрымалася ўяўная гісторыя пра тое, што было б, калі яны з маці былі сяброўкамі-аднагодкамі. Фатаграфіі аўтарка надрукавала на цыраце і дадала вышыўку. Атрымаўся кранальны дыялог па-за межамі часу.
«Пашана да традыцыйнай народнай культуры можа ўвасабляцца ў розных праявах: гэта і прыняцце сінкрэтычнага светаўспрымання, іронія, і перайманне традыцыйных формаў або гульня з імі ў пошуках новых сэнсаў, якія могуць па-рознаму гучаць у сучасным асяроддзі і свядомасці, — мяркуе куратарка. — У залежнасці ад таго, які акцэнт выбірае аўтар для сваіх разважанняў, які фармальны прыём або тэму, атрымліваецца своеасаблівая сімфонія гучання мастакоўскіх галасоў».
Каб паставіць у гэтым дыялогу эпох важкія акцэнты, на выставе былі прадстаўлены рэпрадукцыі твораў беларускага мастацтва. Палатно Драздовіча з Усяславам Чарадзеем, «Гуканне вясны» Марачкіна, «Рай» Алены Кіш. «Пагоня» Драздовіча, якая адначасова з’яўляецца і гербам, і вобразам Ярылы.
Выстава склалася ў крыху іранічнае, але тым не менш тэрапеўтычнае пасланне беларускім гледачам. Тое, што мы сёння перажываем, у нашай гісторыі паўтаралася, і не адзін раз. Важна захаваць магчымасць абстрагавацца і перапрацаваць траўматычны досвед праз выразныя вобразы. Як гэта рабіў Міцкевіч. І як гэта робяць сённяшнія беларускія творцы, у якой бы кропцы свету яны не знаходзіліся.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram