Святлана Ціханоўская прыняла ўдзел з нагоды ўрачыстасцяў 160-й гадавіны паўстання пад кіраўніцтвам Кастуся Каліноускага на могілках росы ў Вільнюсе і выступіла з прамовай. У ёй яна казала аб неабходнасці супрацьстаяння перад прыгнётам імперыі і аб жаданні будаваць Беларусь свабоднай і незалежнай дзяржавай. Reform.by прыводзіць поўны тэкст прамовы, апублікаваны на сайце лідара дэмсілаў.
«Паважаны прэзідэнт Гітанас Наўседа, амбасадарка Уршуля Дарашэўска, амбасадар Пятро Бешта, шаноўныя дыпламаты, госці, дарагія сябры,
для мяне гонар выступіць сёння перад вамі. Паўстанне 1863 года аб’ядноўвае Літву, Польшчу, Украіну і Беларусь. Нашыя народы адмовіліся жыць пад прыгнётам акупантаў і паўсталі за сваю зямлю і сваю годнасць.
Апошнія падзеі ў Беларусі і Украіне паказваюць, што мэты паўстанцаў трэба адстойваць безупынку. Імперыя зноў грукаецца ў наш дом, імкнецца нас знішчыць ці падпарадкаваць.
Сіла, якую знайшлі ў сабе нашыя з вамі землякі, каб супрацьстаяць Расійскай імперыі, нават коштам уласнага жыцця – гэта сіла, якую яны перадалі і нам праз паўтара стагоддзі.
Гэтая сіла – у любові да сваёй зямлі, любові да свайго народа. Гэтая сіла – у свабодзе, гэтая сіла – у смеласці, якую кожны з нас здольны знайсці ў сабе, каб здзейсніць подзвіг.
Героі паўстання 1863 года – і сёння крыніца нашай сілы. Крыніца нашага нацыянальнага гонару і годнасці. Яны дапамагаюць беларусам супрацьстаяць тыранічнаму рэжыму Лукашэнкі і імперскай агрэсіі Расіі.
Каліноўскі, які кіраваў паўстаннем на тэрыторыі Беларусі, ёміста сфармуляваў нацыянальную ідэю Беларусі: толькі тады, народзе, зажывеш шчасліва, калі над табой не будзе чужой улады.
Бо нам, беларусам, не трэба чужога. Проста дайце нам быць гаспадарамі ў сваёй краіне. Мы хочам будаваць Беларусь свабоднай і незалежнай дзяржавай, і імя Кастуся Каліноўскага працягвае натхняць нас у гэтай справе.
Каліноўцы-добраахвотнікі адстойваюць гонар Беларусі на палях баёў ва Украіне, студэнты-каліноўцы – за партамі ў польскіх універсітэтах. А нашых міжнародных сяброў мы збіраем штогод на Форум Каліноўскага тут у Вільні, у літоўскім Сеймасе.
Ведаеце, у Мінску мы з сям’ёй жылі ў раёне вуліцы Каліноўскага і часта там гулялі. Тады мае дзеці былі яшчэ маленькія і не ведалі, чым знакаміты Каліноўскі. Але нядаўна я распавяла старэйшаму гэтую гісторыю – пра тое, як адзін маленькі, але вольны душой чалавек змог запаліць іскру народа, каб паўстаць супраць вялікага зла. Нават калі ён трапіў за краты – ён не здаўся і заставаўся вольным чалавекам. «Ён такі ж, як наш тата!» – сказаў мой сын.
Я думаю, у кожнай беларускай сям’і ёсць свой Каліноўскі – той, хто дае вам сілы на барацьбу і не дае спыніцца, нават калі здаецца, што ўжо няма надзеі.
Я не магу здрадзіць мары маіх дзяцей вярнуцца дадому і хутчэй абняць бацьку.
Мы не можам здрадзіць тым марам, якія аб’ядноўваюць нас і нашых герояў.
Не можам здрадзіць памяці пра іх. Не можам і не маем права не змагацца за свой дом.
І нягледзячы на тое, што трагічная гісторыя паўтараецца, і сёння нашыя народы зноў вымушаныя супрацьстаяць вялізнай імперыі, – я ведаю, што мы пераможам.
Ведаю, што ўсе мы вернемся дадому. І ведаю, што Беларусь у хуткім часе вернецца ў Еўрапейскую сям’ю, якой належыць гістарычна.
Už mūsų ir jūsų laisvę! Za wolność naszą i waszą! За нашу і вашу свабоду!»
Чытайце таксама:
Сообщить об опечатке
Текст, который будет отправлен нашим редакторам: