З вакалістам і бас-гітарыстам гродзенскага калектыву Dzieciuki Андрэем «Пітонам» Пятко здарылася няшчасце — у выніку няшчаснага выпадку ён зламаў абедзве нагі. Музыкі фольк-панк гурта і сябры Андрэя звярнуліся ў сацсетках па дапамогу.
«Сябры! Як многія ўжо ведаюць, наш Пітоша патрапіў у бяду, — напісалі артысты. — У выніку выпадку, яму не пашанцавала зламаць абедзьве нагі. Зразумела, у бліжэйшы час ён не зможа вярнуцца да працы, а рахункі са шпіталю, як і рэабілітацыю, трэба аплаціць. Мы ніколі не хавалі, што працуем на звычайных працах ды не валодаем мільёнамі. Таму вымушаны звярнуцца да вас.
Вы можаце дапамагчы фінансава па нумару blik ніжэй, ці проста распаўсюдзіць гэты допіс. Усе лішкі пойдуць на дабрачыннасць. Дзякуй вам».
DZIECIUKI — беларускі фольк-панк гурт, заснаваны ў 2012 годзе ў Горадні. Тэматыка песень калектыва — пераважна, гістарычна-патрыятычная. У прыватнасці, у Dzieciuki ёсць песні, прысвечаныя Слуцкаму збройнаму чыну, шляхцічу Тадэушу Рэйтану, які мірным шляхам выступіў супраць гвалтоўнага падзелу Рэчы Паспалітай ў 1773 годзе, іншым гістарычным постацям. Зараз гурт жыве ў Польшчы. У лютым гэтага года музыканты калектыва далучыліся да кампаніі «Спыніць катаванні Максіма Знака».
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.by у Telegram