«Мне захацелася выбраць тры розныя прычыны эміграцыі»: рэжысёрка Жэня Давідзенка пра спектакль «Да дому наўпрост 10 гадзін язды»

Тры жанчыны выпадкова сустракаюцца на пляжы ў Гданьску і высвятляюць паміж сабой, што яны ўсе беларускі. Што іх лучыць «карцінкі» на гугл-мэпс і адлегласць да радзімы… А траўма ў кожнага свая — канец кар’еры, сябар у турме ці маці супрацьлеглых поглядаў. У любым выпадку — гэта нагода для эміграцыі.

У анатацыі да спектакля «Да дому наўпрост 10 гадзін язды» беларускай рэжысёркі Жэні Давідзенка пазначаны жанр — мак’юментары (імітацыя дакументальнасці). Аднак у спектаклі ўсё ж шмат рэальных гісторый. І шмат метафар.

Пагаварылі з рэжысёркай пра вобразы і інспірацыі спектакля. А напрыканцы згадалі «Ноч (не)расстраляных паэтаў», да якой Жэня Давідзенка падрыхтавала адмысловую імпрэзу.

Сцэна са спектакля «Да дому наўпрост 10 гадзін язды». Фота: Давід Лінкоўскі

— У вашым спектаклі — тры гераіні. Што за кожнай з іх стаіць — знаёмыя вам людзі, тыпажы ці ўсё ж нейкія траўмы: страта справы жыцця, разлад з блізкімі людзьмі, страх турэмнага зняволення?

— Мне захацелася выбраць тры розныя прычыны эміграцыі. Гэтак, каб яны не паўтараліся, былі і камфортнымі, і дыскамфортнымі. Гераіня, якую ў спектаклі грала я, расказвае маю ўласную гісторыю, гэта цалкам дакументальны сюжэт. Нават перапіска ў чатах, што паказвалася ў спектаклі, дакладная, скапіраваная з маёй перапіскі з маці.

Гісторыі дзвюх іншых гераінь — кампіляцыя розных сюжэтаў. Штосьці я прыдумала, шмат чаго пачула. Я паўтары гады працавала ў бары, дзе даводзілася слухаць розныя гісторыі. І вырашыла, што ў спектаклі будзе жанчына, у якой разбураецца кар’ера па не залежных ад яе прычынах. Таксама для мяне было важна падняць тэму палітычных зняволеных. І ў апошняй маёй гераіні няма моцнага пачуцця дома, ёй без розніцы, дзе жыць.

Сцэна са спектакля «Да дому наўпрост 10 гадзін язды». Фота: Давід Лінкоўскі

— Такім чынам, Марына, Аня і Соня — гэта тры розныя прычыны эміграцыі і тры розныя траўмы?

— Напэўна. І розныя гісторыі. Марына — культурная менеджарка, у якой рушыцца ўсё, да чаго яна імкнулася дзесяць гадоў свайго жыцця.

Аня — гэта мая гісторыя, сямейны канфлікт, даволі небяспечны, таму што маці пагражала здаць мяне міліцыі. Светапогляд аказваецца важней за стасункі ў сям’і. А гераіні дакладна без розніцы, дзе жыць, таму што ў яе няма ніякага кантакту з сям’ёй.

Соня — вадроўніца, яе блізкі чалавек аказваецца ў турме.

Для мяне было важна таксама давесці, што людзі на фоне розных падзей павінны і стараюцца жыць свае жыцці. Хоць часамі не ведаюць, што чакае іх заўтра.

Сцэна са спектакля «Да дому наўпрост 10 гадзін язды». Фота: Давід Лінкоўскі

— Галоўны антураж спектакля — гэта пясок і валізкі. Пясок — нібы нашы ўспаміны, у ім штосьці губляецца, штосьці ў яго закапваецца. Валізкі счытваюцца як дом, сховішча, нездарма гераіні сапраўды хаваюцца ў іх. Як гэтыя рэчы апынуліся ў вас у спектаклі?

— Мая першая асацыяцыя з эміграцыяй — гэта валіза. Калі я пераязджала, я зламала новую валізу адразу на мяжы. Польскія памежнікі прыспешвалі мяне, валіза ўпала са стала, і ў яе адламалася колца. І пасля было складана пераязджаць на наступнае месца жыхарства. Мне падаецца, што валізка ў многіх людзей асацыюецца з эміграцыяй.

Што да пяску… У людзей, якія пераязджаюць жыць у Труймяста, якое стаіць каля мора, з’яўляецца дзіўнае пачуцце таго, што яны апынаюцца ў горадзе мары. Мы жывём каля мора. Дождж, снег, вецер, сонца — мы ўсё роўна ідзем на пляж. Пясок, як і валізы, — даволі ўстойлівыя сімвалы, у якія можна запіхнуць усё, што заўгодна, яны маюць гукі, кшталты і розныя іншыя вымярэнні. І я спрабавала, наколькі мажліва ў мінімалістычных формах, у якіх зроблена пастаноўка, усё гэта скарыстаць.

Сцэна са спектакля «Да дому наўпрост 10 гадзін язды». Фота: Давід Лінкоўскі

— У анатацыі да спектакля вы напісалі, што пры спробе пабудаваць новае жыццё на плячах усё яшчэ вісіць заплечнік ранейшага жыцця, які даволі цяжка скінуць. То-бок, каб ісці наперад, трэба забыць тое, што ў цябе было за плячыма? Што з табой адбылося?..

— Мне не хочацца адказваць на гэтае пытанне, бо спектакль якраз пра гэта. І ў ім ёсць адказ на гэтае пытанне. Я не выступаю за тое, што каб пайсці далей, трэба забыць свае траўмы.

Я пра тое, што нам трэба пачаць дыялог з усім сваім досведам.

Сцэна са спектакля «Да дому наўпрост 10 гадзін язды». Фота: Давід Лінкоўскі

— Спектаклю амаль год. Як змянілася ваша ўспрыманне з часам? Вам не хочацца ў ім нешта выправіць? Як змянілася ўспрыманне гледача? Можа, настальгія не такая вострая? Можа, людзі стаміліся ад гэтых тэмаў і хацелі б іх забыць?

— Залежыць ад таго, што кожны глядач бачыць у спектаклі. У мяне не было мэты плакаць па доме, хутчэй хацелася перадаць веру ў людзей, у нашу супермажлівасць — узаемападтрымку і актыўнае слуханне. Мяне не цікавіць пагружэнне ў траўмы, я не бачу ў гэтым сэнсу. Да таго ж спектакль першапачаткова рабіўся не для беларусаў.

Прэм’ера была ў снежні мінулага года. Ясна, што за гэты час нешта змяніліся, але хутчэй у дробязях. Часам думаю, што можна нешта перарабіць, аднак прадуктыўней пачаць іншы праект.

Па водгуках гледачоў спектакль успрымаецца даволі актуальным. Мне гэта казалі і немцы, і беларусы, і ўкраінцы, і расіяне, і палякі. Хтосьці ўзгадвае свой досвед эміграцыі. Хтосьці казаў, што ніколі не думаў пра тое, што эмігранты пакідаюць сваё жыццё на радзіме. А камусьці захацелася патэлефанаваць даўно забытым сябрам. Хтосьці ўзгадаў пра свае мары. Мне падабаецца, як гэта працуе: кожны знаходзіць адказы на свае пытанні.

Сцэна са спектакля «Да дому наўпрост 10 гадзін язды». Фота: Давід Лінкоўскі

— У Сопаце вы пакажаце спектакль-канцэрт «Расстраляныя» пра беларускіх паэтаў, што сталі ахвярамі сталінскіх рэпрэсій. І гэты праект будзе мультымедыйны. Я ўяўляю, наколькі складана з кожным годам шукаць новыя формы і актуалізаваць тэму. Ад чаго вы адштурхоўваліся — ад вершаў, ад вобразаў, ад дакументаў, і якое ўражанне хацелі б стварыць у гэтым спектаклі-канцэрце?

— Мне важна даць слова тым, у каго гэтыя словы адабралі. У мяне ёсць складанасці з паэзіяй, я люблю яе чытаць і люблю паэтычнасць. Аднак для мяне паэтычнасць раскрываецца праз музыку. І мы пераказалі вершы праз музыку. Да таго ж музыка мае інтэрнацыйнае вымярэнне.

Мне вельмі складана было адбіраць дакументальныя рэчы. Увогуле той ноччу па афіцыйных даных было расстраляна сто трыццаць тры чалавекі. Таму хацелася распавядаць не толькі пра паэтаў і пісьменнікаў, а і пра звычайных людзей. І я дадала два вершы жанчын, пра якіх рэдка згадваюць. А яны хоць і не былі расстраляныя, але жылі вельмі цяжкае і няшчаснае жыццё.

Я вырашыла адмовіцца ад нейкіх складаных форм і паспрабаваць выбудаваць дыялог з гледачом. У спектаклі будуць толькі два акторы, якія распавядуць абсалютна розныя рэчы пра саму дату, пра жыццё паэтаў. Пра тое, як працавала рэпрэсіўная машына.

За візуал спектакля адказвае Насця Рыдлеўская, з ёй мы таксама робім калажныя партрэты і малюнкі, каб пасля прадаць і ўсе грошы пералічыць на палітзняволеных. Важна, каб усё працавала на сучаснасць.

Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram

Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.

🔥 Поддержите Reform.news донатом!