29 жніўня ў Харкаве адкрываецца выстава, ініцыяваная міжнароднай платформай Аntiwarcoalition.art.
«Пачуццё бяспекі» — гэта сумесны міжнародны арт-праект, які падкрэслівае жыццеўстойлівасць і крэатыўнасць Харкава, горада, які штодня сутыкаецца з цяжкасцямі, і накіраваны на стварэнне механізму падтрымкі, які аб’яднае Харкаў і сусветную супольнасць. Гэтыя намаганні яшчэ больш узмацняюцца дзякуючы праграме «Масты салідарнасці», якая ўключае ў сябе больш за 20 мерапрыемстваў у 12 краінах, як анлайн, так і афлайн.
На выставе пакажуць работы 31 мастака і калектыва з больш чым 10 краін, у творах якіх можна будзе ўбачыць розныя пункты гледжання і ўяўленні пра бяспеку. Праект прапануе наведвальнікам убачыць бяспеку як інфраструктуру клопату, камунікацыі і супольнасці.
У праекце прымаюць удзел і беларускія творцы.
Каманда куратараў выставы: Таццяна Качубінская, Аляксандр Камароў, Марына Конева, Антаніна Сцебур, Максім Тымінко.
Падчас мантажу выставы распыталі адну з куратарак праекта Антаніну Сцебур пра канцэпт і удзельнікаў.
— Як з’явілася ідэя выставы і чаму менавіта Харкаў?
Вялікі міжнародны праект «Пачуццё бяспекі» мы пачалі рыхтаваць больш за год таму. Сітуацыя ў Харкаве пагаршалася з кожным днём і мы звязаліся з дырэктарам галоўнай інстытуцыі сучаснага мастацтва ЄрміловЦентр Наталляй Івановай і спыталі, як падтрымаць. І Наталля адказала, што гэта можа быць выстава. І што цяпер у іх Цэнтры на выставы вельмі вялікі попыт, бо гэта і падтрымка адзін аднаго праз мастацтва, і нармалізацыя рэчаіснасці. І мы пачалі разважаць, які мастацкі праект мы можам зрабіць. Разумелі, што гэта павінен быць нейкі жэст салідарнасці, менавіта гарызантальнай салідарнасці, і для гэтага трэба запрасіць да нашай групы іншых людзей. І мы запрасілі Марыну Коневу, украінскую куратарку, якая ўвесь гэты час знаходзіцца ў Харкаве. Нам было важна, каб арганізацыя выставы не выглядала так, нібы мы звонку штосьці прапануе тым людзям, якія знаходзяцца ў Харкаве. Яна пагадзілася і мы пачалі працаваць.
Задумаліся над тэмай. Марына прапанавала тэму бяспекі і распавяла, што якраз перад нашай прапановай быў абстрэл, яна хвалявалася і таму проста накрылася коўдрай. Зразумела, што коўдра не магла яе абараніць, але дала ёй псіхалагічную бяспеку. З аднаго боку, ілюзія, а з іншага — тое, што дапамагло ёй перастаць хвалявацца. Адштурхоўваючыся ад гэтага вобраза, мы вырашылі будаваць выставу вакол ідэі бяспекі.
Акрамя гісторыі Марыны важную ролю ў канцэпце выставы адыграў ЄрміловЦентр. Гэтае месца дало кантэкст нашай тэмы. Харкаў нейкі час быў сталіцай УССР, і тады, у перыяд авангарда, будаваліся канструктывісцкія будынкі, і цэлы комплекс — першы канструктывісцкі хмарачос — быў пабудаваны ў Харкаве. І цяпер у гэтым комплексе, зробленым з бетону, знаходзіццца ЄрміловЦентр. Так здарылася, што гэта адно з самых бяспечных месцаў у горадзе, і ў першыя дні поўнамаштабнага ўварвання ён стаў стыхійным шэлтарам, дзе нейкі час жылі культурныя працаўнікі. Гэта таксама пра тое, чым ёсць бяспека.
І мы пачалі разважаць, што такое бяспека. З аднаго боку, бяспека, гэта эмоцыя, як у сітуацыі з гісторыяй Марыны, а з іншага боку, калектыўная практыка. Гэта інфраструктура. Бо хтосьці арганізуе гэту бяспеку і вельмі часта сам пры гэтым знаходзіцца ў небяспечным становішчы. Насамрэч гэтая выстава пра амбівалентнасць бяспекі ў тым сэнсе, што часта тое, што падаецца бяспечным, небяспечнае. Крохкая гэта бяспека бывае!
А з іншага боку, бяспека — гэта і пра тое, наколькі мы ўзаемазалежныя адзін ад аднаго, бо Харкаў нам таксама падказваў тэму. Гэта горад, які ад самага пачатку будаваўся не толькі як сталіца, але і як значны навуковы і культурны цэнтр. Тут, напрыклад, жыў Ландау, Харкаве ўпершыню расчапілі атам ліція, і гэта вельмі значная падзея у развіцці атамнай энергетыкі.
А мы ведаем пра амбівалентнасць атамнай энергетыкі. З аднаго боку, яе вывучэнне шмат дадало да разумення нашага сусвету, з іншага боку, яна наблізіла чалавецтва да стварэння атамнай бомбы. І гэтая амбівалентнасць там адчуваецца. І Харкаў, які з 2014 года знаходзіцца на лініі фронту, а цяпер — пад пастаяннямі бамбёжкамі, уцягнуты ў тое, што адбываецца ў свеце. Мы ўсе звязаныя адны з адным — гэта таксама важная тэма.
Выстава — гэта жэст салідарнасці з тымі, хто знаходзіцца ў Харкаве, гэта наша намаганне зрабіць прастору, якая ёсць у Харкаве, бяспечнай, таму нам было важна выбудаваць масты салідарнасці. Частка праекта асвятляе падзеі, якія адбываюцца не ў Харкаве, а дзесьці звонку, то-бок яны звязваюць Харкаў з астатнім светам, выбудоўваюць сувязі, якія паказваюць сусветную падтрымку Харкаву.
— І таму гэта не проста выстава, а вялікі міжнародны праект. Як ён выбудаваны?
— Праект складаецца з некалькіх частак: сама выстава ў Харкаве, «Масты салідарнасці», якія з’яўляюцца часткай гэтай экспазіцыі, але знаходзяцца ў іншых месцах — у Нямеччыне, Босніі, Грузіі. Яны літаральна паказваюць сувязі, залежнасці, дэманструюць тое, што нельга жыць як на востраве, мы ўсе злучаныя паміж сабой. То-бок праект — гэта платформа, праз якую мы ўсе звязваемся. Сама ідэя праекта адлюстроўвае дзейнасць аntiwarcoalition.art, бо ад самага пачатку мы казалі пра сувязі, звянчакі, што нас лучыць і як розныя тыпы гвалту звязаныя між сабой. У Харкаве гэты канцэпт праявіўся найбольш ярка: і гэта выстава, і гэты праект немагчымы па-за Харкавым. Ён той вузел, які, з аднаго боку, усё звязвае ўсе, а з іншага, наадварот — пускае шчупальцы ў іншыя геаграфіі і абумоўлівае далейшыя падзеі.
— Хто прымае ўдзел у выставе?
— У праект улучаны 31 творца. Мы далікатна падыходзілі да тых прынцыпаў, паводле якіх запрашалі ўдзельнікаў. Многія з аўтараў афектаваны вайной, рэпрэсіямі ці іншымі формамі прыгнёту. Як, напрыклад, Ахмет Агут — курд, які памятае вайну за незалежнасць. Надзіра Хусейн нарадзілася ў Францыі, але яе карані з Індыі, з мусульманскага рэгіёна.
Важна было запрасіць іх таму, бо калі мы кажам пра бяспеку і яе забеспячэнне, гэта гісторыя пра тое, як не быць іерархічнымі.
Другая група мастакоў звязана з Украінай. Напрыклад, Томас Хіршхорн рабіў вялікі праект з украінскімі уцекачамі ў Латвіі, ствараў разам з уцекачамі шэлтар — прастору, прызначаную для дыскусій. Фрэнсіс Эліс прыязджаў у 2023 годзе ў Харкаў рэалізоўваць свой праект.
Кожны мастак займае важную палітычную актывісцкую пазіцыю, шмат хто з іх уцягнуты не толькі ў мастацтва, але і ў актывісцкія практыкі.
І гэта важна, таму што мы прапануем нейкую прастору, дзякуючы якой можам паразважаць пра бяспеку ці небяспеку, і адначасова — адчуваць гэтую бяспеку.
Што да ўкраінскіх мастакоў, нам было важна запрасіць людзей з Харкава, з іншага боку мы таксама думалі пра тое, каб прадставіць розныя генерацыя, як вельмі вядомых, такіх як Барыс Міхайлаў, так і зусім маладых, як Іра Ласкот.
Квірны падыход таксама нас цікавіў, бо ён дазваляў пераадолець гэтую бінарнасць паміж бяспекай і небяспекай, каб мысліць пра бяспеку і ролю мастацтва ў больш складаных умовах.
На выставе будуць адбывацца вельмі важныя рэчы, што рэалізуюцца не толькі праз мастацтва, але і праз грамадзянскія жэсты. Так, напрыклад, Андрэас Ангелідакіс зрабіў праект, у якім паўтарае руіны храма Зеўса Алімпійскага, але гэты руіны зроблены з мяккіх матэрыялаў, на іх можна сядзець як на падушках, крэслах, то-бок яны не выглядаюць як мастацтва. А мы ведаем, калі нейкі аб’ект трапляе ў галерэю ці музей, то адразу набывае сакральны статус. І аб’екты мастацтва адрозніваюцца ад іншых рэчаў, якія знаходзяцца ў музеі, іерархія паміж імі відавочная. Аднак гэты аўтар разбурае гэту іерархію, у яго аб’екты не выглядаюць як мастацкія творы, а як рэчы, на якіх можна сядзець. Можна пераносіць гэтыя руіны, ствараючы публічную прастору дзеля сябе. Важна, што Андрэас Ангелідакіс дорыць сваю інсталяцыю ЄрміловЦентру. Гэта значны жэст, калі мы ўспомнім, што ён быў шэлтарам, дзе людзі хаваліся ад бамбёжак, і калі сітуацыя пагоршыцца, то гэты мастацкі твор будзе там дарчы.
Ахмет Агут абірае некалькі мастацкіх твораў з калекцыі Цэнтра і робіць копіі. Мы ведаем, што многія мастацкія калекцыі ва Украіне эвукаяваны. З іншага боку, мы разумеем, што лёгка эвакуяваць калекцыі, але цяжка ўсіх людзей. Аднак вывезеныя калекцыі больш недаступныя для людзей з Харкава. Ахмет наўмысна абірае мастакоў з важным палітычныя досведам, палітычнай актыўнасцю, якія жылі ці жывуць зараз, і стварае копіі, якія будуць даступныя гледачам і пасля таго, як наша выстава закрыецца. Яны будуць там вісець, пакуль арыгіналы гэтых прац не вернуцца дадому. І гэта таксама моцны жэст салідарнасці і падтрымкі. І пераасэнсаванне разумення мастацкага твора, таго, як ствараюцца жэсты салідарнасці, але таксама і роздум пра бяспечныя і небяспечныя прасторы.
***
Выстава будзе працаваць па 17 лістапада.