Мішэль Кікоін. Марк Шагал. Пінхус Крэмень. У Вільні працуе выстава мастакоў «Парыжскай школы» — ураджэнцаў беларускіх і літоўскіх гарадоў і мястэчак

«Мастакі літвакі ў Парыжы» — з такой назвай у Вільні ў Мастацкім музеі Вітаўтаса Касюліса ладзіцца выстава работ вядомых творцаў «Парыжскай школы» — выхадцаў з Беларусі, Літвы і іншых земляў. «Гэта першае ў краінах Балтыі ўсеабдымнае даследаванне твораў мастацтва эмігрантаў літвакоў — (літоўскіх габрэяў) — у Парыжы», — пазіцыянуецца выстава на сайце музея.

У экспазіцыі можна пабачыць больш за 130 работ габрэйскіх аўтараў, сярод якіх: Марк Шагал, Мішэль Кікоін, Хаім Суцін, Пінхус Крэмень, Лазар Сегал, Рафаэль Хволес, Восіп Цадкін, Арбіт Блат, Майкл Брэнэт, Жак Ліпшыц ды іншыя мастакі.

Фрагмент экспазіцыі. Фота: Reform.by.

Як адзначае літоўская інстытуцыя, сярод крэдытораў выставы — Нацыянальны цэнтр мастацтва і культуры імя Жоржа Пампіду, Музей мастацтва і гісторыі юдаікі, а таксама літоўскія музеі і прыватныя калекцыянеры.

«Амаль ва ўсіх важных музеях у свеце мы абавязкова знойдзем творы, створаныя габрэйскімі мастакамі, скульптарамі або творцамі сучаснага мастацтва, якія паходзяць з Літвы ці больш шырокай тэрыторыі, калісьці вядомай як Вялікае Княства Літоўскае, — генеральны дырэктар Літоўскага нацыянальнага мастацкага музея, доктар Арунас Гелунас робіць уводзіны ў праект. — Магчыма, я памыляюся, але я не магу не адчуваць, што ў Літве гэтыя мастакі, хоць і заслужылі ўдзячнасць з даўніх часоў, не лічыліся паўнавартаснай часткай літоўскай культурнай гісторыі. Можна сказаць, што выстава Litvak Artists у Парыжы — гэта вялікая спроба, незвычайная мастацкая і гістарычная прыгода, каб вярнуць гэту частку гісторыі», — зазначае ён.

Фрагмент экспазіцыі. Фота: Reform.by.

Літвакі як тэрытарыяльна-лінгвістычная падгрупа ашкеназскіх яўрэяў з’яўляюцца носьбітамі паўночна-ўсходняга, ці літоўскага дыялекту мовы ідыш. Гэты дыялект быў гістарычна распаўсюджаны на тэрыторыі большай часткі сучаснай Беларусі, Літвы, Латвіі, у некаторых прылеглых раёнах сучасных Расіі і Польшчы, сведчыць Вікіпедыя. З часоў Рэчы Паспалітай, у сувязі з унутраным тэрытарыяльным дзяленнем дзяржавы, гэты арэал распаўсюджання паўночна-ўсходняга дыялекту ідыш у яўрэйскіх крыніцах адпаведна называецца «Літвой», а ягоная гістарычная сталіца і цэнтр яўрэйскай культуры ў рэгіёне Вільнюс — «Літоўскім Іерусалімам».

Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.