«Міністэрства сепультуры» стане народным? Аляксандр Чарнуха звярнуўся да гледачоў YouTube-канала пра беларускую музыку з прапановай

Заснавальнік і вядоўца «Міністэрства сепультуры» — аднога з найвядомейшых YouTube-каналаў у байнеце пра беларускую музыку — Аляксандр Чарнуха — звярнуўся да сваіх гледачоў з прапановай. Журналіст, музычны крытык і пісьменнік канстатаваў, што вядомы праект знаходзіцца на вымушанай паўзе, і адзін з магчымых шляхоў яго перазапуску — гэта народная падпіска.

«Сёння я прыйшоў да вас вось з такой навіной. Як вы ўжо ведаеце, «Міністэрства сепультуры» на паўзе — на працяг праекта не знайшлося грошай. Мы іх шукаем, але… Чым больш канал не будзе абнаўляцца, тым глыбей яго засунуць алгарытмы YouTube. На жаль, чаканне забівае канал,падзяліўся Аляксандр Чарнуха навінамі пра праект. — Таму ёсць прапанова стварыць народнае «Міністэрства сепультуры», якое будзе выходзіць праз вашу падтрымку. План такі — можна падтрымаць праект праз сервіс Buymeacoffee (там можна купіць каву міністру ці зрабіць штомесячную падпіску), і гэта дасць магчымасць выпускаць новыя відэа», — звярнуўся да аўдыторыі вядоўца.

Нагадаем, што YouTube-канал пра беларускую музыку «Міністэрства сепультуры» быў заснаваны Аляксандрам Чарнухам у 2023 годзе. За гэты час на пляцоўцы з’явілася амаль 50 выпускаў, а ў сакавіку 2024 года канал набраў больш за 1 мільён гледачоў. Шоу выходзіць на беларускай мове. Аналітыка, гумар, топы і антытопы песень і альбомаў беларускіх выканаўцаў, інфармаванне пра актуальны працэс у беларускай музыцы і канструяванне яе гісторыі  — праект мае свае аблічча і аўтарскую падачу, жанравую разнастайнасць і з’яўляецца адным з перадавых у культурным сегменце байнета.

Падтрымаць «Міністэрства сепультуры» можна тут.

Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram

Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.