Заснавальнік і вядоўца «Міністэрства сепультуры» — аднога з найвядомейшых YouTube-каналаў у байнеце пра беларускую музыку — Аляксандр Чарнуха — звярнуўся да сваіх гледачоў з прапановай. Журналіст, музычны крытык і пісьменнік канстатаваў, што вядомы праект знаходзіцца на вымушанай паўзе, і адзін з магчымых шляхоў яго перазапуску — гэта народная падпіска.
«Сёння я прыйшоў да вас вось з такой навіной. Як вы ўжо ведаеце, «Міністэрства сепультуры» на паўзе — на працяг праекта не знайшлося грошай. Мы іх шукаем, але… Чым больш канал не будзе абнаўляцца, тым глыбей яго засунуць алгарытмы YouTube. На жаль, чаканне забівае канал, — падзяліўся Аляксандр Чарнуха навінамі пра праект. — Таму ёсць прапанова стварыць народнае «Міністэрства сепультуры», якое будзе выходзіць праз вашу падтрымку. План такі — можна падтрымаць праект праз сервіс Buymeacoffee (там можна купіць каву міністру ці зрабіць штомесячную падпіску), і гэта дасць магчымасць выпускаць новыя відэа», — звярнуўся да аўдыторыі вядоўца.
Нагадаем, што YouTube-канал пра беларускую музыку «Міністэрства сепультуры» быў заснаваны Аляксандрам Чарнухам у 2023 годзе. За гэты час на пляцоўцы з’явілася амаль 50 выпускаў, а ў сакавіку 2024 года канал набраў больш за 1 мільён гледачоў. Шоу выходзіць на беларускай мове. Аналітыка, гумар, топы і антытопы песень і альбомаў беларускіх выканаўцаў, інфармаванне пра актуальны працэс у беларускай музыцы і канструяванне яе гісторыі — праект мае свае аблічча і аўтарскую падачу, жанравую разнастайнасць і з’яўляецца адным з перадавых у культурным сегменце байнета.
Падтрымаць «Міністэрства сепультуры» можна тут.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram
Сообщить об опечатке
Текст, который будет отправлен нашим редакторам: