Мастак-мiстыфiкатар, які сцвярджаў, што рэальнасць — гэта сон: рэцэнзія-прысвячэнне Алесю Родзіну

Выстава Алеся Родзіна «Эксперыментальны кантакт» у мінскім Палацы мастацтва карыстаецца такой вялізнай папулярнасцю, што была працягнута да 10 сакавіка.

Выстава Алеся Родзіна ў Палацы мастацтва. Фота: Reform.by.

Выстава — мемарыяльная. Мастак пайшоў з жыцця 19 снежня 2022 года. Працы сабралі з канца 1980-х да 2022 года, а яго самая вялікая карціна «Метамарфозы тысячагоддзя» (некаторыя называюць яе самай вялікай у Еўропе) размясцілася ў зале жывапісу, на выставе, прысвечанай Казіміру Малевічу.

Алесь Родзін. Меліярацыя. Фота: Reform.by.

Адначасова ў Баранавічах, на радзіме мастака, да сярэдзіны сакавіка працуе выстава, на якой можна ўбачыць краявіды Алеся Родзіна і працы творцаў з іншых краін.

З краявідаў Родзін і пачынаў. Праўда, падчас вучобы у тэатральна-мастацкім інстытуце (цяпер Акадэмія мастацтваў) шмат эксперыментаваў, але выкладчыкам такія творы не паказваў (за эксперыменты маглі выключыць). Аднак закончыўшы інстытут, стаў пісаць краявіды, каб разабрацца з фігуратыўным жывапісам, спасцігнуць гэтую сістэму і зразумець, як яно ўсё працуе.

Алесь Родзiн. Усёвiдушчае вока. 2019. Фота: Reform.by.

Пераломным для яго творчасці стаў берлінскі цэнтр эксперыментальнага мастацтва «Тахелес», дзе мастак жыў, меў майстэрню плошчай у тысячу метраў і працаваў, а пастаянны паток гледачоў праходзіў за яго спінай. Гледачы яму не перашкаджалі, хутчэй наадварот, былі патрэбныя: ён назіраў за іх рэакцыяй, каб зразумець, калі твор трэба закончыць. Зацікавіліся, пачалі спыняцца, глядзець, то ўсё, твор акумуляваў адпаведную энергетыку, ён гатовы.

Алесь Родзін каля сваёй працы «Міфалагема тысячагоддзя». Фота: Кацярына Ігнашэвіч. 34mag.

Яго паплечнік Зміцер Юркевіч, які прыехаў на рэзідэнцыю ў «Тахелес» крыху пазней, у 2005-м, згадваў, што ў майстэрні былі растаўлены крэслы, на якіх можна было прысесці, каб узірацца ў карціны. У інтэрв’ю радыё «Культура» спадар Зміцер згадвае свайго сябра, які схадзіў на выставу Родзіна ў Палац мастацтва, але далей адной працы не пайшоў: правёў каля яе дзве гадзіны. Наступны раз збіраецца прыйсці і паглядзець наступны твор.

Фрагмент твора «Карані». Фота: Reform.by.

Мабыць, гэта найбольш правільная стратэгія. Бо Родзін разварочвае сюжэты сваіх карцін як кнігу, як раман з працягам. Строгая канструкцыя кампазіцыі, нібы дротам, утрымлівае мноства выяў, дэталяў, фрагментаў, і кожны такі фрагмент можна разглядаць як сімвал. Таму што нічога ў гэтых творах няма адназначнага.

Родзін не быў абстракцыяністам, яго жывапіс фігуратыўны, але вельмі далёкі ад рэалістычнага падабенства. Свет яго твораў замкнёны сам на сабе, аднак адначасова — экспансіўны, здольны прарастаць і пашырацца на наступныя палотны. Таму ён так любіў паліптыхі — некалькі палотнаў, злучаных адной тэмай. І тэмы яго, як і памеры твораў, — вялізныя, глабальныя. Яго цікавіла, як меліярацыя ці захаванне спадчыны ў роднай краіне, так і экалогія, тэхналагічны прагрэс і лёс чалавецтва. А часта ўсё разам — як такі ментальны Google Maps. Да любімых каардынат пастаянна вяртаўся, напрыклад, да мінскіх вакзальных вежаў, дзе была яго майстэрня пасля заканчэння Акадэміі мастацтваў, да беларускіх замкаў і сімвалаў.

Алесь Родзін. Underground. Фота: Reform.by.

У сваіх творах ён даваў апорныя вобразы, раскідваў сімвалы і пазнавальныя выявы, сцягваў іх у нейкі кангламерат сваімі строгімі кампазіцыйнымі пабудовамі, і запускаў гледача ўнутр — вандраваць і разбірацца ва ўласных страхах і трывогах.

Алесь Родзін. Underground. Фрагмент. Фота: Reform.by.

Яго жывапісная тэхніка — таксама няпростая: жывапіс фактурны, каларыт — змрочны, часам — агрэсіўны. Сам мастак тлумачыў, што шукае асаблівую формулу, каб кампазіцыйная структура ўзмацнялася жывапіснымі фактурамі. І сапраўды: яго вялікія палотны нагадваюць рэльефныя пано, існуюць на нейкай няўлоўнай мяжы паміж жанрамі і відамі мастацтва. Да таго ж ён умеў працаваць маштабна, як архітэктар, у вялікіх памяшканнях (ці гэта быў «Тахелес», ці Палац мастацтва, дзе ён разам са Змітром Юркевічам праводзіў фестывалі эксперыментальнага мастацтва «Дах», ці ОК16) моцна і смела выбудоўваў прастору, па-майстэрску растаўляючы акцэнты-пасткі для глядацкага ўспрымання.

Алесь Родзін быў мастаком ад прыроды, мастацтва стала яго сутнасцю. Нездарма пражыў у берлінскім сквоце «Тахелес» 15 гадоў, з іх 13 — ва ўмовах адкрытай майстэрні. Які б звычайны чалавек гэта вытрымаў?

А перформенсы, якія праводзіў на мяжы фізічных магчымасцей? Бегаць па лёдзе Заходняй Дзвіны пад полацкай Сафіяй падчас крыгаходу… Чатыры гадзіны вісець на гумках на руінах згарэлага дому, пакуль не сыдзе апошні глядач…

А яшчэ ён быў цудоўным містыфікатарам. Блытаў сяброў датай свайго нараджэння, сцвярджаў, што яго далёкі продак — Агюст Радэн, тым больш іх прозвішчы, напісаныя лацінкай, супадаюць…

Алесь Родзін. «Тахелес», Берлін. 2011. Фота: Alexander Rodin Art.

А ў адным з інтэрв’ю тлумачыў, што рэальнасць — гэта сон. Здаецца, сёння, каб быць вольным, варта прыняць такое сцверджанне, тым больш мастаку, які парушае ўсе магчымыя правілы. Зрэшты, у гэтым і функцыя мастацтва — пашыраць межы нашай яўнай і ўяўнай рэальнасці.

Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.by у Telegram

Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.

🔥 Поддержите Reform.news донатом!