Выстава прысвечана 160-годдзю з дня нараджэння Адама Багдановіча — вядомага этнографа, педагога, мемуарыста, бацькі класіка беларускай літаратуры Максіма Багдановіча.
У аснове выставы — тры блокі мемуараў.
Першая частка звязана з успамінамі Адама Ягоравіча, прысвечанымі Халопенічам, яго малой радзіме, бабулі Рузалі, бацькам і іх родным. Бабуля па па кудзелі Рузаля была варажбіткай і казачніцай, ад яе ў Багдановіча любоў да народных казак, на яе ён пазней спасылаўся як на крыніцу сваіх ведаў аб народных павер’ях.
Другі блок выставы прэзентуе мемуары Адама Багдановіча, прысвечаныя народавольніцкай дзейнасці. Ён быў адным з кіраўнікоў мінскага гуртка «Народнай волі» — рэвалюцыйнай народніцкай арганізацыі. Гэтыя ўспаміны раскрываюць жыццё Мінска напрыканцы ХІХ стагоддзя, распавядаюць пра падзеі і асоб, калег А. Багдановіча па партыі і самых блізкіх сяброў, стасункі з якімі ён падтрымліваў да апошніх дзён жыцця.
Трэцяя частка прысвечана мемуарам А. Я. Багдановіча пра А. М. Горкага і Ф. І. Шаляпіна, гэтыя ўспаміны па розных прычынах доўгі час не публікаваліся.
У лістападзе 1896 Адам Багдановіч быў пераведзены па службе ў Ніжні Ноўгарад, дзе ў яго завязаліся сяброўскія адносіны з Максімам Горкім, яны неўзабаве парадніліся, ажаніўшыся на сёстрах – Кацярыне (Горкі) і Аляксандры (Багдановіч) Волжыных.
У 1908 годзе сям’я пераязжае ў Яраслаўль, у гэтым горадзе Адам Багдановіч і памёр у 1940 годзе.
У Расіі Адам Багдановіч вёў перапіску з дзеячамі беларускай і рускай культуры. Напісаў успаміны пра Максіма Горкага і яго сына і пра Фёдара Шаляпіна.
У выставачным праекце “Адам Багдановіч. Мае ўспаміны” прэзентуюцца арыгінальныя каштоўныя экспанаты з фондаў Літаратурнага музея Максіма Багдановіча і копіі матэрыялаў з фондаў Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва, Архіва А. М. Горкага, Дзяржаўнага архіва Пермскага краю, прыватнага архіва Марыі Стараверавай.
Выстава працуе да 23 красавіка 2023 года.
Адрас: г. Мінск, вул. М. Багдановіча, 7а.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.by у Telegram
Сообщить об опечатке
Текст, который будет отправлен нашим редакторам: