Літаратар Усевалад Сцебурака стаў лаўрэатам прэміі імя Міхася Стральцова. Сёння будуць вядомыя пераможцы Прэміі Цёткі

Лаўрэат Літаратурнай прэміі імя Міхася Стральцова за 2023 год быў абвешчаны падчас трохдзённага міжнароднага паэтычнага фестывалю «Вершы на асфальце», які ўчора распачаўся ў Вільні. Паэт, пісьменнік, перакладчык, вядоўца шматлікіх культурных праектаў і мерапрыемстваў, у прыватнасці, сувядоўца блога «Кантэкст» Усевалад Сцебурака адзначаны Міжнародным саюзам беларускіх пісьменнікаў «за развіццё і захаванне нацыянальных літаратурных традыцый, за адметны стылістычна-інтанацыйны лад лірыкі, за мастацкую вымалёўку канцэпту гістарычнай памяці».

У якасці ўзнагароды выдадзена яго кніга паэзіі «Беларускія зоркі», у якую ўвайшлі новыя і найлепшыя вершы, пераклады, проза і эсэ аўтара. Выданне можна набыць на кірмашы фестывалю.

Усевалад Сцебурака пачаў друкавацца ў 1999 годзе. Першая кніга вершаў і малой прозы «Крушня» выйшла ў бібліятэчцы часопіса «Дзеяслоў» у 2007 годзе, другая — «Бег па самаадчуванні» ў выдавецкай серыі «Кнігарня пісьменніка». Трэцяя кніга вершаў «Сны дарог» у выдавецтве «Медысонт» (2017).

У 2022 годзе выйшла кніга сямейнай гісторыі «Сцебуракаў лёс» (у суаўтарстве з Анатолем Сцебуракам). Твор спалучыў жанры нон-фікшн, гісторыі паўсядзённасці, эсэ і гістарычнага даследавання з грунтоўным дадаткам на аснове архіўных крыніц.

Шэраг вершаў паэта сталі песнямі беларускіх музыкаў — мінскага гурта «S°unduk», магілёўскага гурта «Zatoczka». Песні на словы Сцебуракі ёсць у рэпертуары барда Змітра Бартосіка: «Лістапад», «Рэха 1863 года», «Дзяды».

Нагадаем, што фестываль паэзіі «Вершы на асфальце» — у самым разгары. Зусім хутка пачнецца сустрэча з Ганнай Кандрацюк, лаўрэаткай Прэміі Гедройця. Таксама ўвечары абвесцяць лаўрэтаў Прэміі Цёткі. Глядзець анлайн-трансляцыю Стральцоўскага фэсту можна тут.

Поўная праграма — тут.

Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.by у Telegram

Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.