«Кроў і караоке» — анімацыйны фільм «беларускага Дэвіда Лінча» Юрыя Сямашкі з’явіўся ў адкрытым доступе ў YouTube. На гэты раз аўтар фільмаў «Смеццевая галава», «Як я быў генерал», «Нявольнік жэсці» зрабіў карціну ва ўмоўным жанры крымінальна-сацыяльнай драмы. Мінімалістычны графічны стыль стужкі, характары-тыпажы, якія «схопліваюцца» адразу, беларускі антураж і «таранцінаўскі» фінал. Крама «Суседзі» як месца сустрэчы антыподаў-герояў — завязка кіно, пра якую хтосьці з нас неаднойчы марыў.
Бадай, «лінчаўскай» вусцішы ў «Кроў і караоке» не знойдзеш, але па-ранейшаму на месцы — фірменны гумар аўтара, красамоўныя маўклівыя сцэны, кароткія змястоўныя дыялогі і выдатны мантаж.
Па сюжэце кароткаметражнага фільма нясмелы ахоўнік супермаркета Сцяпан уступае ў супрацьстаянне з вельмі ўпэўненым у сабе крымінальным элементам Валерам. Гэта супрацьстаянне, якое прадстаўляе два светапогляды, падключыць яшчэ аднога персанажа ды прывядзе да жорсткага нечаканага фіналу, у якім перамога, у рэшце рэшт, не застанецца ні за кім.
Юрый Сямашка, які звычайна з’яўляецца і сцэнарыстам сваіх карцін, валодае вельмі добрай якасцю — ён умее ў творы адсякаць залішняе. Героі ў фільмах беларускага кінематаграфіста больш дзейнічаюць, чым гавораць, а характары персанажаў «дамалёўваецца» за лік стрыманай пластыкі. Так, у «Кроў і караоке» аўтар выкарыстоўвае магчымасці анімацыі стварыць умоўны, але з пазнавальнымі дэталямі, свет, надае сваім персанажам «асаблівыя прыкметы», выкрыстоўвае колер як эфектны прыём дадатковага ўздзеяння на гледача. Пры гэтым «эканамічнасць» стылю Сямашкі не адмяняе ёмістасці — у «Кроў і караоке» не хочацца нічога ні дадаць, ні прыбраць. Гэта амаль сацыяльная драма вырашаная ў постмадэрнісцкім ключы.
Бадай, у гэтай анімацыі можа ахалоджаваць стаўленне аўтара да сваіх характараў — ён роўна іранізуе з абодвух герояў.
Нагадаем, што «Кроў і караоке», створаны за ўласныя сродкі рэжысёра, удзельнічаў у праграмах кінафестываляў «Бульбамуві» і «Паўночнае ззянне», а таксама быў паказаны на «Эксграўнд фільмфест» у Вісбадэне.
На дадзеным момант Юрый Сямашка працуе над сваёй поўнаметражнай карцінай «Лебядзіная песня Фёдара Озерава», якая знаходзіцца на этапе постпрадакшну.
Трапіць на YouTube-канал рэжысёра можна тут.
Падтрымаць Юрыя Сямашку тут.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram