Краязнаўцы з супольнасці «Пошукі старога Гомеля» прэзентавалі ў сваім тэлеграм-канале канцэпцыю развіцця адной з цэнтральных вуліц Гомеля.
«Гомельцы прызвычаіліся глядзець на горад праз стандарты казарменнага добраўпарадкавання: ёсць плітачка, лавачка і ліхтар – выдатна.
Мы ж на прыкладзе вуліцы Мільённай (сёння Білецкага) паспрабавалі паглядзець, як куток цэнтра Гомеля можа выглядаць пры сучасным падыходзе да добраўпарадкавання«, — тлумачаць ідэю краязнаўцы.
Візуалізацыі зроблены на аснове 3D-рэканструкцыі гістарычнага выгляду Мільённай.
Вуліца стала пешаходнай — рэалістычны і чаканы варыянт для вуліцы, прылеглай да парку. Сёння ж вуліца прыстасаваная для бясплатнай паркоўкі соцень аўтамабіляў.
Краязнаўцы прапануюць запусціць на вуліцы першы гомельскі трамвай: «Гэта мара гамельчукоў першай паловы ХХ стагоддзя і сімвал вялікіх укладанняў у развіццё зручнага сучаснага транспарту. Спалучэнне трамвайных шляхоў з пешаходнай вуліцай шырока практыкуецца ў гістарычных цэнтрах еўрапейскіх гарадоў. Дарэчы, трамвайная лінія менавіта на Білецкага праектавалася ў 1930-х гадах. Сёння ж трамвай – гэта дарагі від транспарту, але пры гэтым вельмі эфектыўны і экалагічны«.
Прапануюць азеляненне вялікімі дрэвамі. З «нулявых» гадоў колькасць дрэваў у гістарычным цэнтры няспынна зніжаецца. Высаджванне і падтрыманне адразу вялікіх дрэваў у іншых гарадах – рэальная практыка.
А таксама — аднаўленне асобных помнікаў, якія былі знесеныя для пабудовы абкама. Гэта наўрад ці папсуе існуючы сквер – для аднаўлення будынкаў неабходны знос адзінкавых дрэваў. З плюсаў – магчымасць арганічна размесціць новыя аб’екты культуры ці кавярні.
У каментах пярэчанне выклікаў толькі пуск трамвая па вузкай вуліцы.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.by у Telegram