Кіно за намадамі ці супольнасцю? Як прайшоў Першы нефармальны з’езд беларускіх кінематаграфістаў

Нефармальны з’езд беларускіх кінематаграфістаў, які адбыўся ў Варшаве на мінулых выходных, пакінуў пасля сябе тры назіранні. Па-першае, попыт на падзею аказаўся велізарным — на яго з’ехалася некалькі дзясяткаў фільмммейкераў. Па-другое, з’езд можа і не прапанаваў у выніку стратэгію па выжыванні беларускага кіно, але пазначыў спробы інстытуалізацыі — у межах фэсту адбылася прэзентацыя дзвюх ініцыятываў — Belarusian Filmmekers’ Network і Belarusian independent film academy. Па-трэцяе, кіно, якое сёння здымаюць беларускія кінематаграфісты, жыве надта асобным жыццём — на жаль, паглядзець яго можна толькі на падобных івэнтах.

Атмасфера і галоўныя пытанні

Дыскусій, спрэчак, запамінальных эскападаў на з’ездзе хапала з галавой: то Максім Жбанкоў запусціць у народ чарговую правакацыю, то хтосьці з крытыкаў раптам выйдзе на сцэну і ў стане палымянага гневу і прамовіць «Трэба проста здымаць кіно!», то Уладзімір Максімкаў выдасць крытычную «пстрычку», маўляў, хопіць шкадаваць саміх сябе, ідзіце працаваць.

Нагадаем, што з’езд ладзіўся ў фармаце Barcamp, калі некалькі пляцовак (дыскусійных, арганізацыйных ці дэманстрацыйных) працавалі адначасова, а значыць, удзельнікам з’езду даводзілася выбіраць: скажам, ты ідзеш на майстар-клас Уладзіміра Казлова «Як здымаць мікрабюджэтнае кіно?» альбо на гутарку з прадстаўнікамі спецыялізаваных рэсурсаў пра кіно. На прэзентацыю анлайн-кінатэатру беларускага кіно Vodblisk з Воляй Чайкоўскай, альбо на выступленне праграмнага дырэктара Котбускага кінафестывалю Берна Берда. На знаёмства з Беларускай незалежнай кінаакадэміяй ці на прагляд фільмаў беларускіх фільммейкераў. У такім рэжыме фланёра, бадай, удавалася схапіць усяго патроху, ды ўсё ж скласці сваю карціну таго, што сёння адбываецца ў беларускай кінаіндустрыі.

Прэзентацыя Беларускай незалежнай кінаакадэміі (злева -направа): Мікалай Лаўранюк, Ірэна Кацяловіч, Андрэй Куціла, Вольга Чайкоўская, Улада Сянькова, Аляксей Палуян, Юлія Самаілоўскіх, Мара Тамковіч.

Вядома, «індустрыя» для беларускага кіно па-ранейшаму гучнае слова — тым больш у эміграцыі, тым больш, у часы рэпрэсій і цэнзуры ў Беларусі. Аднак ёсць спробы фарміравання важных ініцыятываў і адпаведна магчымых кірункаў дзейнасці.

Так, арганізатар нефармальнага з’еду беларускіх фільммейкераў — Belarusian Filmmekers’ Network на чале з Леанідам Каліценем — мэты сваёй супольнасці акрэслівае такім чынам: гэта прадзюсіраванне (маладога) кіно, адукацыя, прамоцыя, ды стварэнне сеткі беларускіх кінематаграфістаў з мэтай інтэграцыі ў еўрапейскую кінаіндустрыю. Урэшце, своеасаблівым падсумаваннем з’езду стала стварэнне аргкамітэту арганізацыі, які далей мусіць распрацоўваць далейшую стратэгію прасоўвання беларускага кіно.

Belarusian independent film academy (Беларуская незалежная кінаакадэмія) у сваю чаргу бачыць місіяй зрабіць чутнымі на міжнароднай арэне галасы незалежнага беларускага кіно. Гэтаксама ініцыятыва ставіць мэтай распаўсюджваць інфармацыю пра актыўнасці беларускіх фільммейкераў, прадстаўляць іх інтарэсы на глабальным узроўні, а таксама дапамагаць прафесіяналам атрымоўваць фінансаванне. Так, у шматлікіх пунктах BFN і BIFA перасякаюцца, розніца, бадай, у метадах: кінаакадэмія па структуры раўняецца на Еўрапейскую кінаакадэмію, BFN — арганізацыя больш адкрытага фармату. Падрабязней пра BFN і BIFA Reform.by пісаў раней.

Спецыялізаваныя медыя, вытворчасці і пошук вызначэнняў

Далей. На з’ездзе заявілі пра сябе спецыялізаваныя рэсурсы пра кіно: гэта тэлеграм-канал «Свяшчэнны Белавуд» на чале з Тарасам Тарналіцкім, тэлеграм-канал «Чартоўскі добрая кава», які вядзе Яна Тарасевіч, беларуска-ўкраінскае медыя Backstage з Паўлам Пяцько і Янай Барысавай. На пытанне «Ці адчуваюць медыйшчыкі на прыкладзе сваіх паблікаў попыт на беларускае кіно ад гледачоў?», яны адказвалі: «Калі робіш нейкую тэму праяўленай, на яе і ўзнікае і попыт». Яна Барысава падсумоўвае яшчэ больш катэгарычна: «Калі нейкая ніша не заяўлена, туды адразу прыходзяць расіяне», — падкрэслівае яна важнасць разівіцця менавіта беларускіх і ўкраінскіх медыя на любую тэматыку.

Яна Барысава з Backstage (на першым плане) распавядае пра тое, ці жыве беларускае кіно. На сцэне (злева направа): Тарас Тарналіцкі, Яна Тарасевіч, Павел Пяцько.

Таксама на форуме былі прадстаўлены незалежныя прадакшаны, якія беларусы арганізавалі ў замежжы, — гэта выхад на польскі, грузінскі рынкі і размова пра канкурэнцыю іншага кшталту, чым у Беларусі.

«Смерць кіно ці жыццё пасля жыцця?», «Намады супраць сустрэмных: мабільны арт-актывізм ці нацыянальныя індустрыя?» — дыскусіі, якія мадэраваў Максім Жбанкоў, нязменна карысталіся ўвагай публікі і заахвочвалі да дэбатаў. Але што важна, у коле фільммейкераў абмяркоўваліся такія пытанні, як гіерархія стасункаў паміж старэйшым пакаленнем і маладым, увогуле, праблема гіерархіі — наколькі мы выкарстоўваем пазіцыю сілы, каб ахоўваць свае інтарэсы, і дзе, сапраўды, можна знайсці падтрымку, калі разбурана ўсё.

Уласна, само беларускае кіно

На творча-дэгустацыйнай платформе ўдался паглядець некалькі свежых прац напэсрэдна беларускіх фільммейкераў: «Палле адзін у свеце» ананімнага аўтара, «Котка» Наты Карнеевай, «Смеццевую галаву» ананімнага аўтара, «Чынчыны праляцелі кукушкай» Андрэя Кашперскага і першую навэлу «Ператрымка» з серыяла-анталогіі «Працэсы».

З прагледжанага можна адзначыць вяртанне «старых-новых» жанраў — напрыклад, «Палле адзін у свеце» створаны ў жанры «тэлеспектаклю» — прычым стужка паўстала на базе праекта «Дыяфільмы live».

«Смеццевая галава», якая заварожвае аўтарскай зморчнай інтанацыяй, цалкам кладзецца ў «фантасмагарычную антыўтопію».

У эпізодзе «Ператрымка» аўтары даводзяць да абсурднага гратэску беларускую рэальнасць — у фільме гаворка ідзе пра «цяжкія будні» амапаўца, які з-за перапоўненасці турмаў, вымушаны ўзяць арыштантаў сабе дадому. Сцэнарысты Андрэй Кашперскі і Міхаіл Зуй паставілі сабе задачу не з простых: тэма, з якой працуюць аўтары, — гвалт, і тут было важна не пераўтварыць матэрыял у «пустую» камедыю. Да гонару стваральнікаў баланс паміж гумарам, сцёбам і ўсведамленнем таго, якую цану плацяць беларусы за свабоду, удалося вытрымаць. «Ператрымка» — адна з чатырох навэл серыялу; кожны эпізод будзе выкананы ў розным жанры, адзначыў Андрэй Кашперскі. «Працэсы» мусіць выйсці на тэлеэкраны ўжо напрыканцы года.

Андрэй Кашперскі і Міхаіл Зуй адказваюць на пытанні пра свой праект. Фота: Reform.by

У цэлым вызначыць тэндэнцыі ў беларускім кіно па пабачаных на з’ездзе стужках складана — іх было не так шмат, але варта адзначыць адно — тэма рэпрэсій, гвалту, эміграцыі калі не вымаўляецца адкрыта, то праяўляецца ў настроі карцін, у светаадчуванні аўтараў, калі пра галоўнае гаворыцца не прама, а ўскосна. І гэта можна выліцца ў нараджэнне новай мастацкай мовы, але, у той жа час, і знікнуць як ледзь заўважны павеў.

Урэшце, польскі класік Кшыштаф Занусі, які стаў госцем BarСamp, адзначыў, што ў беларускіх фільммейкераў няма выбару — яны мусяць здымаць кіно, якое будзе разлічана на міжнароднага гледача, але пры гэтым распавядаць менавіта пра адметнасць беларусаў.

Леанід Каліценя і Кшыштаф Зансусі. Фота: Reform.by.

Дарэчы, у час з’езду ў адным з самых буйных кінатэатраў Польшы Luna адбыўся чарговы паказ дакуменатальнага фільма «Кураж» («Смеласць»), у межах якога пасля сеансу прайшла дыскусія з рэжысёрам Аляксеем Палуянам, акцёрамі стужкі Марыяй Юрэвіч, Дзянісам Тарасенкам і журналістам Аляксандрам Івуліным. Варта адзначыць, што «Кураж», прэм’ера якога адбылася ў 2020 годзе, па-ранейшаму не страціў сваёй актуальнасці. У ім раптам «загучалі», здавалася б, не масавыя, інтымныя сцэны — да прыкладу, як Павел Гарадніцкі абмяркоўвае магчымую эміграцыю — «Куды паедзем — Кіеў, Лондан?», як Дзяніс Тарасенка ў дворыку страляе з арбалету, як едзе ў машыне ў эйфарыі па мінскіх вуліцах, як Марына Юрэвіч абмяркоўвае з мужам, што важней для дзіця: вольная краіна ці жывыя бацькі? Новую моц набываюць хранікальныя кадры з пратэстаў 1990-х, 2010-х гадоў, «ланцугі» салідарнасці на праспекце Незалежнасці, калі людзі ў руках трымаюць партрэты рэпрэсаваных, без звестак зніклых… І нельга не правесці паралель з днём сённяшнім, калі рэпрэсіі 2020-х дасягнулі страшнага размаху, але па-ранейшаму людзі супрацьпастаўляюць ім сваю салідарнасць.

Пры гэтым кадры непасрэдна жнівеньскіх пратэстаў 2020 года аказваюць нечакана тэрапеўтычны эфект. Гэта гісторыя, якую ўжо не выкрасліць і не забраць, якая сталася часткай грамадства. «Будзьце салідарнымі!», — кажа Аляксандр Івулін у час абмеркавання, і можна толькі захапіцца імпэтам, эмпатыяй і пазітывам гэтага чалавека.

Падчас Q&A-сесіі пасля паказу фільма «Кураж» у кінатэатры LUNA. Фота: Reform.by.

Нефармальны з’езд беларускіх фільммейкераў ствараўся дзеля кіно, але ў першую чаргу дзеля сувязяў, салідарнасці, кантактаў — і, магчыма, гэта самая галоўная выснова, якую можна вынесці — калі кіношнікі таксама ствараюць сваю сетку падтрымкі.

Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.