Кінарэжысёр Сяргей Лазніца стане госцем фестывалю беларускіх фільмаў Bulbamovie

Главное
Сяргей Лазніца. Фота: rheinpfalz.de.

Сёлета лістапад стаў месяцам перакрыжавання двух незалежных беларускіх кінафестываляў. Да 21 лістапада яшчэ працягвае працу Фестываль кіно Балтыйскіх і Паўночных краін «Паўночнае ззянне», які ладзіццца ў анлайн і афлайн фарматах — наперадзе яшчэ восем дзён фэсту. А ўжо 22 лістапада ў Варшаве ў кінатэатры «Ілюзіён» распачынаецца 10-ты фестываль беларускіх фільмаў Bulbamovie. Поўная праграма беларускага кінаагляду з’явілася ў адкрытым доступе, і былі названыя галоўныя цікавосткі кінападзеі.

Так, госцем «Бульбамуві-2024» стане аўтар стужак «Шчасце маё», «Данбас», «Дзяржаўнае пахаванне», «Майдан», «Уварванне» і іншых фільмаў, сусведнавядомы рэжысёр Сяргей Лазніца. Кінематаграфіст родам з беларускіх Баранавічаў прадставіць на фэсце сваю карціну «У тумане» 2012 года, створаную паводле аповесці Васіля Быкава. Паказ вядомай стужкі, якая была адзначана прызам Міжнароднай федэрацыі кінапрэсы ФІПРЭСІ ў Канах, прымеркаваны да 100-годдзя беларускага пісьменніка, якое беларусы адзначаюць сёлета.

Кінарэжысёр Сяргей Лазніца стане госцем фестывалю беларускіх фільмаў Bulbamovie
Кадр з фільма «У тумане».

Яшчэ адной цікавосткай «Бульбамуві-2024» стане паказ на вялікім экране культавай дакументальнай карціны «Звычайны прэзідэнт» Юрыя Хашчавацкага. Гэты фільм быў створаны ў 1996 годзе, аднак дырэкцыя «Бульбамуві» палічыла важным вярнуцца да стужкі-ўдзельніцы Берлінскага кінафестывалю-1997 у момант, калі рэжым Аляксандра Лукашэнкі дасягнуў адзнакі ў 30 гадоў. Запланавана дыскусія з удзелам рэжысёра.

Заснавальнік і дырэктар фестывалю, кінарэжысёр Януш Гаўрылюк падрыхтаваў для публікі і прэм’еру невядомага дакументальнага фільма пра Алеся Пушкіна. Амаль два гады пісьменік Раман Шэл здымаў беларускага мастака ў Беларусі — да самага яго арышта і прысуду. Гэта матэрыял аформіўся ў карціну «Апошнія словы», якую і ўбачаць гледачы «Бульбамуві».

Кінарэжысёр Сяргей Лазніца стане госцем фестывалю беларускіх фільмаў Bulbamovie
Кадр з фільма «Апошнія словы».

Фільмам-адкрыццём фэсту стане намінант на найлепшую дакументальную карціну за 2023 год ад Еўрапейскай кінаакадэміі— «Радзіма» беларускіх аўтараў Аляксандра Міхалковіча і Ганны Бадзяка аб беларускай арміі.

Яшчэ ў праграме — вядома, конкурс маладога беларускага кіно, праграма «Беларускі кінапанк», якая прэзентуе свежыя фільмы, знятыя амаль без бюджэтаў.

Ды таксама кінаагляд займеў у сваёй праграме фільмы-намінанты і лаўрэаты міжнародных кінафестываляў апошніх гадоў: дакументальныя карціны «У гасцях» Руслана Фядотава, «Непажаданае сваяцтва» Паўла Мажара, ды нашумелую камерную драму «Пад шэрым небам» Мары Тамковіч, натхнёную гісторыяй Кацярыны Андрэевай і Ігара Ільяша.

Кінарэжысёр Сяргей Лазніца стане госцем фестывалю беларускіх фільмаў Bulbamovie
Кадр з фільма «Пад шэрым небам».

Навінкай і эксперыментам стануць на «Бульбамуві-2024» паралельныя кінапаказы. У якасці тэсту тут будуць паказаныя  дзве дакументальныя карціны трагічна загінулай, маладой і вельмі перспектыўнай беларускай дакументалісткі Любы Зямцовай. А таксама зняты на Падляшшы фільм Малгажаты Шышко «Магія Падляшша. Шаптухі».

Сёлета фэст беларускага кіно будзе праходзіць з 22 па 24 лістапада ў кінатэатры «Ілюзіён».

Цалкам пазнаёміцца з праграмай кінападзеі можна тут.

Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram

Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.

🔥 Поддержите Reform.news донатом!
REFORM.news (ранее REFORM.by)
Добавить комментарий

Внимание, премодерация. Если вы в Беларуси, не оставляйте комментарий без включенного VPN.

Последние новости




Сообщить об опечатке

Текст, который будет отправлен нашим редакторам: