У Германіі выйшла кніга пра палітзняволеных жанчын Беларусі пад назвай «Калі вы ідзяце праз пекла, не спыняйцеся» («Wenn du durch die Hölle gehst, dann geh weiter»), — паведамляе «Вясна».
У кнігу ўвайшлі сведчанні, інтэрв’ю, выступы ў судзе Марфы Рабковай, Марыі Калеснікавай, Кацярыны Андрэевай, Наталлі Хершэ, Вольгі Класкоўскай, Насты Лойкі і іншых жанчын, якія патрапілі пад палітычны пераслед у выніку пратэстаў Беларусі ў 2020 годзе.
Яе ўкладальніцай з’яўляецца кінарэжысёрка, прадзюсарка і калумністка Кардэлія Дворак. Матэрыял для кнігі збіралі цягам 15 месяцаў пры падтрымцы Праваабарончага цэнтру «Вясна» і ініцыятывы Politzek.mе.
«Улетку 2020 года тварам беларускай рэвалюцыі сталі жанчыны. Сёння, сярод жыцця, поўнага пераследу, гвалту і тэрору, паказанні жанчын з турмаў Беларусі – з’яўляюцца прыкметай годнасці і вытрымкі», — гаворыцца ў анатацыі да кнігі.
Кардэлія Дворак расказала пра гісторыю падрыхтоўкі гэтага выдання: «Падчас маёй інтэнсіўнай працы з Беларуссю з 2020 года я неаднаразова натыкалася на разрозненыя паведамленні ў сацыяльных сетках з турмаў Беларусі; часта гэта быў усяго адзін допіс, але кожны раз я была здзіўленая да глыбіні душы перакананасцю, пачуццём уласнай годнасці і стойкасцю беларускіх палітычных зняволеных. Гэтыя паведамленні гучалі ў маёй галаве дзень і ноч пасля гэтага, і гэта суправаджалася пачуццём сораму перад тварам праблем і цяжкасцяў, якія ў Германіі лічацца «выклікаючымі жах». Настойлівая неабходнасць у стварэнні гэтай анталогіі ўзнікла ў мяне праз патрэбу зрабіць гэтыя галасы чутнымі і данесці іх да грамадскасці, каб прарвацца праз каменную сцяну, за якой знікаюць беларускія палітычныя зняволеныя. Беларусь будучыні, насамрэч, ствараецца ўжо сёння дзень за днём і ў тым ліку дзякуючы перакананасці ў гэтай будучыні, якая ўзмацняецца цяжкімі выпрабаваннямі турэмнага зняволення».
Эпілог кнігі таксама ўключае даследчыя тэксты дзвюх беларускіх аўтарак: паэткі Ганны Комар і філасафкі Вольгі Шпарагі, якія прайшлі праз адміністрацыйныя затрыманні ў 2020 годзе. Таксама ў кнігу ўвайшлі рэкамендацыі па дапамозе палітвязням ад Інгі Ліндарэнкі і Антона Сарокіна, якія таксама прайшлі праз ізалятары ў 2020 годзе.
Амаль усе палітвязні, што выйшлі на свабоду, сцвярджаюць, што лісты — гэта тое, што дае падтрымку за кратамі. Цяпер, насуперак усім нацыянальным і міжнародным нормам, права на перапіску для зняволеных стала жорстка абмяжоўвацца. І менавіта таму, — як сведчаць праваабаронцы «Вясны», — кніга з лістамі палітзняволеных жанчын, сабраных нямецкай даследчыцай Кардэліяй Дворак, набывае вялікую значнасць як цяпер, так і для будучыні.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.by у Telegram
Сообщить об опечатке
Текст, который будет отправлен нашим редакторам: