Кацярына Ваданосава выпусціла «Вальс 1863», прысвечаны паўстанню Каліноўскага

Датай прэм’еры вальса было абранае 2 лютага — дзень народзінаў Кастуся Каліноўскага.

«Я адчуваю глыбокую еднасць з героямі тых часоў і думаю, што пачуцці беларусаў зараз вельмі сугучныя з пачуццямі ўдзельнікаў паўстання 1863-1864 гг. Цыклы гісторыі паўтараюцца, але разуменне таго, што ў кожнай эпосе жывуць людзі, якімі варта ганарыцца, памяць пра якіх надае нам моц і натхненне — гэта вельмі цешыць і дорыць надзею на будучыню», — напісала Кацярына Ваданосава ў сваім фэйсбуку.

Вальс «1863» быў створаны некалькі гадоў таму і нідзе не выконваўся, чакаючы свайго моманту.

Цяпер, паведамляе аўтарка, гэты момант настаў: «Я захацела “адпусціць” гэты вальс, даць яму жыццё, і зрабіць гэта менавіта ў дзень, калі нарадзіўся чалавек, які натхніў мяне на гэтую музыку».

«Мы запісаліся ледзьве не з першага дубля, — паведамляе спявачка. — Напачатку я думала, што мы проста запішам відэа “ўжывую” на тэлефон, і я выкладу твор на сваіх старонках у сацсетках. Але мае сябры — Ігар Палынскі ды Васіль Шэры — прапанавалі зрабіць штосьці больш цікавае. У Васіля ёсць гістарычны строй, які ён шыў сваімі рукамі, у мяне — таксама, у Ігара — добры тэлефон ды мікрафон для запісу гуку… І вось, літаральна за некалькі дзён мы зрабілі калі не паўнавартасны кліп, то хаця б відэашэраг, які адлюстроўвае настрой, закладзены мною ў музыку. А сам працэс здымкаў заняў усяго некалькі гадзін, і ладзіліся яны на Падляшшы, недалёка ад Мастаўлян, вёскі, дзе нарадзіўся Каліноўскі. Важным героям гісторыі стаў і дуб “Дунін”, велізарнае 600-гадовае дрэва, якое ў 2022 годзе прызналі дрэвам Еўропы, якое, напэўна, памятае паўстанцаў.

Больш за паўтары сотні гадоў таму людзі сыходзілі на бой, на змаганне, часам на смерць. Сёстры, жонкі, нявесты, маці паўстанцаў насілі жалобу як знак супраціву, як выказванне нязгоды з палітыкай імперыі, і гэта таксама было формай змагання, за якое можна было пазбавіцца маёмасці, свабоды, будучыні. Мара пра волю была самай высокай, узнёслай, светлай і адначасова цяжкай з усіх мар, але менавіта яна рабіла са звычайных людзей герояў.

Тое ж адбываецца і зараз. І я адчуваю глыбокую еднасць са сваімі продкамі, з тымі, хто біўся за свабоду. Я веру, што пра нашае паўстанне, пра наш супраціў таксама калі-небудзь будуць складаць музыку, вершы ды песні».

Музыка: Кацярына Ваданосава

Фартэпіяна: Кацярына Ваданосава

Скрыпка: Стафанія Ваданосава

У ролі паўстанца: Enrique de Salvaje

Камера, мантаж, гуказапіс: Ігар Палынскі

Рэжысура: Ігар Палынскі, Кацярына Ваданосава

Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.

🔥 Поддержите Reform.news донатом!