Эвалюцыя палітычнага поля Беларусі ад 2020 года

Главное
Iлюстрацыя «Пятая рэспубліка».

Эвалюцыя палітычнага поля Беларусі пасля выбараў 9 жніўня 2020 года, вялікага пратэснага выбуху як рэакцыі на фальсіфікацыю выбараў і, зрэшты, пасля гвалтоўнай рэакцыі нелегітымнага рэжыму Лукашэнкі на мабілізацыю грамадзянскай супольнасці, упісваецца ў працэс, далёкі ад стабілізацыі. Нават, наадварот, палітычнае поле сутыкнулася з нечувалай дэградацыяй у межах усталяванага жорсткага аўтарытарызму. Аналіз беларускага палітычнага поля апошніх двух год важны як дзеля разумення і ацэнкі рэжыму, так і для разумення протадэмакратычнымі сіламі пэўнага пераходнага плану, а таксама для працы ўжо сёння над памылкамі, перакрутамі, хібамі, якія аўтаматычна спараджае аўтарытарнае палітычнае поле. Многія папярэднія палітычныя актары (гэтак званая старая апазіцыя) пасля жніўня 2020 года зніклі, а на сцэну выйшлі новыя актары.

Мэта гэтай рэфлексіі – не столькі ў тым, каб скласці вычарпальную карціну палітычнага поля, якое хутка змяняецца, колькі ў тым, каб вызначыць падзелы і праблемы, якія яго структуруюць і якія кіруюць ягонай эвалюцыяй, і паспрабаваць прадбачыць магчымыя змены ў наступныя гады.

Ад дэмакратычнай тэорыі да аўтарытарнай практыкі

Палітычнае поле – досыць сталы панятак у заходняй палітычнай і сацыялагічнай навуцы. У 80-я гады мінулага стагоддзя ва франкамоўнай, перадусім, ды сусветнай, наагул, палітычнай навуцы панятак быў актуалізаваны дзякуючы працам французскага сацыёлага і палітычнага мысляра П’ера Бурд’ё, які прапанаваў канцэпт поля ці палёў (палітычнае поле, эканамічнае поле, рэлігійнае поле, навуковае поле і пад.)1. Панятак мае на ўвазе ў тэорыі П’ера Бурд’ё «розныя сферы дзейнасці ў грамадстве, як вынік паступовай аўтанамізацыі палітычнай актыўнасці і падзелу палітычнай працы»2. Да ўсяго мысляр апісваў любое поле адначасова і як поле розных сілаў (актараў, агентаў, паводле ягонай тэрміналогіі), і як поле барацьбы. Палітычнае поле як поле розных сілаў сацыёлаг азначаў як месца, дзе ў канкурэнцыі паміж рознымі сацыяльнымі агентамі (актарамі) фармуюцца і развіваюцца палітычныя прадукты, праблемы, падзеі, аналіз, каментары, канцэпты, якія выбіраюць простыя грамадзяне, зведзеныя да статусу «спажыўцоў» ці «гледачоў». Палітычнае поле як поле барацьбы бачылася ім як месца пастаяннай барацьбы паміж рознымі сацыяльнымі групамі ў пытанні «добрых», «слушных» прынцыпаў бачання і падзелу сацыяльнага свету. На практыцы розныя спецыялісты канкуруюць за права гаварыць і дзейнічаць ад імя часткі ці ўсіх групаў. П’ер Бурд’ё часта параўноўвае палітычнае поле з рэлігійным, бо абодва складаюцца з меншыні прафесійных палітычных актараў 3, якія дамінуюць і рэпрэзентуюць сацыяльны свет, і бальшыні прафанаў, якія назіраюць, бяздзейнічаюць і падпарадкоўваюцца. То-бок, нават дэмакратычнае палітычнае поле – досыць іерархізаванае, абмежаванае, элітысцкае, закрытае. Гэта іерархія ўсталёўваецца ў выніку валодання агентамі ці актарамі (як калектыўнымі, так і індывідуальнымі) аб’ёмам капіталу (то-бок, рэсурсам), характэрным для гэтай сферы. Гэтыя спецыфічныя капіталы ўяўляюць сабой асаблівыя камбінацыі розных капіталаў, якія ранжыруюць усё грамадства (эканамічны, культурны, сацыяльны або сымбалічны капітал)4. То-бок, розныя палітычныя актары валодаюць рознымі капіталамі, якія вызначаюць іх месца, ролю і ўплыў на палітычнае поле. Так, некаторыя калектыўныя актары (дзяржава, партыі) валодаюць эканамічным, палітычным, сацыяльным капіталам, а іншыя індывідуальныя актары і актаркі – вядомыя публічныя асобы, лідары руху, інтэлектуалы і інтэлектуалкі, пісьменнікі і пісьменніцы – могуць мець сымбалічны, інтэлектуальны, а таксама сацыяльны капітал. Якраз камбінацыя розных капіталаў у палітычных актараў і актарак падчас выбараў вызначае пераможцаў.

Пры гэтым палітычнае поле існуе і ва ўмовах недэмакратыі. Праўда, з улікам дамінавання ці нават узурпацыі поля пэўнымі актарамі, сіламі (часцей аўтарытарнай дзяржавай, уладнымі элітамі), размеркаванне ўплыву актараў і наогул функцыянаванне поля варта разглядаць з моцным карэктаваннем на аўтарытарызм. П’ер Бурд’ё пазначаў, што ў моманты крызы нават дэмакратычнае палітычнае поле зведвае з’яву скрыўлення, звужэння ці нават заняпаду5. Недэмакратычнае поле яшчэ ў большай ступені зведвае падобную з’яву. Прыклад Беларусі – яскравы доказ і класічны прыклад скрыўлення ці нават заняпаду, дэградацыі палітычнага поля. Важнай рэгулярнай праверкай стану сілаў любога палітычнага поля (дэмакратычнага перадусім, але і недэмакратычнага, як вынікае з аналізу мадэлі электаральнага аўтарытарызму) з’яўляюцца выбары, ці «вердыкт скрыняў да галасавання»6. Аднолькавыя і цалкам прадказальныя вынікі беларускіх выбараў цягам дзесяцігоддзяў дэманстравалі не так стабільнасць і рэальныя жаданні выбарнікаў і выбарніц, аб якой заяўлялі ўлады, як татальны кантроль за выбарамі, уласцівы дэградаванаму палітычнаму полю. Калі ў дэмакратыі звужэнне палітычнага поля праяўляецца ў выглядзе такой з’явы, як устрыманне, то-бок негаласаванне, то ў недэмакратыі гэта амаль немажліва: адміністрацыйны вертыкальны рэсурс робіць усе выбары састаялымі і забяспечвае прыгожыя і высокія лічбы. З гэтым не справіўся аўтарытарны рэжым Лукашэнкі ў 2020 годзе, што і выклікала вялікую дэградацыю палітычнага поля.

Беларускае палітычнае поле: стан, актары, выклікі і рызыкі

Сцісла прыгадаем, што беларускаму аўтарытарнаму палітычнаму полю напярэдадні жніўня 2020 года былі ўласцівыя наступныя ключавыя падзелы:

  • апазіцыйнасць / пакорлівасць ці нават калабарацыя пэўных актараў з рэжымам, дыктатурай Лукашэнкі;
  • лёс свабодаў і правоў чалавека і месца, якое яны займаюць у праекце кожнага палітычнага актара;
  • геапалітычны, тоесны эканамічны выбар: Захад/Усход; ЕЗ/Расея. Падаецца, стаўленне да Расеі і наогул расейскі чыннік часта станавіліся вызначальнымі ў дзейнасці і арыенцірах асноўных палітычных актараў ці гульцоў краіны.

Дадзеныя падзелы спавадавалі наступную канфігурацыю палітычных актараў:

  • Улада, праўладныя партыі і рухі кшталту Ліберальна-дэмакратычнай партыі, Беларускай патрыятычнай партыі, аб’яднання «Белая Русь» і пад.
  • Калядэмакратычныя ці протадэмакратычныя калектыўныя і індывідуальныя актары (апазіцыйныя партыі, рухі, пярэстая сетка актараў і актарак грамадзянскай супольнасці).
  • Часта забыты мінарытарны і маргінальны актар: дыяспара. Маецца на ўвазе перадусім старая дыяспара, якая некалькі пакаленняў функцыянуе па-за межамі Беларусі: беларусы Вялікабрытаніі (Скарынаўка, Згуртаванне беларусаў Вялікабрытаніі (ЗБВБ)), беларусы ЗША і пад. Яна часта мае моцны дэмакратычны патэнцыял, бо існуе ва ўмовах заходняй дэмакратыі, паступова вестэрнізуецца і прымае традыцыі адкрытасці і талерантнасці, што прынцыпова адрознівае яе ад асноўных актараў метраполіі (Беларусі).

Зрэшты, варта адзначыць, што ў выніку вялікай пратэснай мабілізацыі ў жніўні і ўвосень 2020 года старыя апазіцыйныя актары (партыі, асобы) зніклі і на галоўныя ролі выйшлі цалкам новыя палітычныя пратэсныя актары і актаркі з маладых незаангажаваных датуль пакаленняў, з ліку апалітычных катэгорыяў і пад. Тэхналагічны, генерацыйны, а яшчэ гендарны чыннікі асабліва істотна праявілі сябе і абумовілі пратэсную мабілізацыю 2020 года. Таму да новых палітычных актараў неабходна аднесці тых, хто валодае тэхналагічным капіталам (IT-кампаніі, сумежныя спецыялісты і спецыялісткі, наагул тэхнакратычныя катэгорыі насельніцтва) і належыць да маладога пакалення, плюс жаночыя актывісткі, вядомыя пад супольнай назвай «рух жанчынаў у белым» ці, дакладней сказаць, «у бел-чырвона-белым»7.

Такім парадкам, пратэсная рэвалюцыя ці беларуская рэвалюцыя годнасці 2020 года адзначыла сапраўдны выбух на палітычным полі Беларусі: традыцыйныя адзінкавыя палітычныя актары як з боку рэжыму, так і з боку апазіцыі саслаблі, змяніліся ці нават зніклі. Рэжым упершыню і дзякуючы дзейнасці новых палітычных актараў поля зведаў паразу і не быў прызнаны легітымным на Захадзе. Далейшая гвалтоўная мабілізацыя і рэакцыя рэжыму сталі мажлівымі выключна праз падтрымку Расеі, спынілі пратэсты, але амаль нікога не пераканалі, што рэжым прайшоў праверку выбарамі. Гэтым разам «вердыкт скрыняў да галасавання» стаў няўмольным для ўладаў.

Новая канфігурацыя палітычных сілаў ва ўмовах жорсткага пакрыўджанага і ўколатага аўтарытарызму ўвасабляе прымітыўную мадэль аднаго палітычнага актара – дзяржавы, узмоцненай аховай сілавікоў і з цалкам адсутнымі (вынішчанымі, забароненымі, эміграванымі і часта ўкрыміналізаванымі) незалежнымі актарамі і актаркамі. Вядома, бутафорныя і/ці падстаўныя актары накшталт дзяржаўных цалкам кантраляваных прафсаюзаў і аб’яднанняў тыпу «Белая Русь» за рэальных актараў не ўспрымаюцца.

Аднак і ва ўмовах дэградаванага і зачышчанага палітычнага поля Беларусі 2021-2022 гадоў старыя і новыя палітычныя актары, якія апынуліся на маргінезе (унутры краіны, у падполлі, у зняволенні, у выгнанні за мяжой ці ў дыяспары) мусяць быць гатовымі да сітуацыі пераходу, зменаў палітычнага поля. Бо запалохванне і як вынік апатыя, апалітычнасць, адарванасць ад рэальнасці, ад патрэбаў людзей, грамадства – гэта якраз тая зброя, якой карыстаецца аўтарытарызм і пазбаўляе незалежных актараў і актарак ды і ўсю грамадзянскую супольнасць волі, спрычыненасці і ўплыву.

Такім парадкам, протадэмакратычнай палітычнай і наагул апазіцыі, незалежным палітычным актарам і актаркам неабходна будзе пераадолець шматлікія траўмы, спароджаныя і навязаныя аўтарытарызмам за амаль 30 год:

  • адарванасць ад рэчаіснасці, знікненне пачуцця рэчаіснасці;
  • адсутнасць практычных палітычных уменняў і часта выключная тэарэтычнасць установак, праграмаў, прапановаў, кантактаў;
  • ідэалагічная размытасць;
  • адсутнасць салідарнасці і адкрытасці;
  • нутраны кансерватызм і аўтарытарызм.

Незалежныя палітычныя актары Беларусі часта называюць сябе дэмакратычнымі – у гэтым крыецца самападман. Бо каб называцца дэмакратычнымі сіламі, трэба існаваць і дзейнічаць ва ўмовах дэмакратыі. Беларуская грамадзянская супольнасць шмат робіць на шляху да дэмакратыі, але дэмакратычнай не з’яўляецца, бо ніводнага году ў дэмакратыі не функцыянавала, а таму яе можна назваць хіба протадэмакратычнай ці калядэмакратычнай. Дэмакратычнай можна назваць хіба частку старой дыяспары, беларусаў замежжа, але яны з’яўляюцца маргінальным палітычным актарам, бо ўсяляк трымаюцца з уладамі на дыстанцыі, а ў пэўныя моманты наагул абвінавачваюцца ў антыдзяржаўнай дзейнасці. У дадатак, беларускае незалежнае палітычнае экспертнае кола сутыкаецца з падобнай праблемай, мае тую ж самую амбіцыю – называцца дэмакратычным, але ж, насамрэч, такім не з’яўляецца ў сілу недэмакратычнага паходжання, досведу, габітусу. Замежная адукацыя і жыццё па-за межамі Беларусі не робяць ані экспертаў і экспертак, ані палітычных актараў і актарак аўтаматычна дэмакратычнымі, у лепшым выпадку калядэмакратычнымі. Прызнанне таго, што ўсе апазіцыйныя сілы Беларусі, асабліва тыя, што дзейнічалі і дзейнічаюць у Беларусі, з’яўляюцца ў лепшым выпадку протадэмакратычнымі, а ў горшым выпадку – аўтарытарнымі, і быць дэмакратычнымі пакуль ніяк не могуць, не павінна нас засмучаць. Гэта ўсяго толькі цвярозае прызнанне дадзенасці, сапраўднага стану рэчаў, якое, дарэчы, дапамагае рэальна ацэньваць сітуацыю і выпрацоўваць рэалістычныя, а таму і эфектыўныя стратэгіі па пераходзе да дэмакратыі ў будучыні.

У Беларусі да 2020 года палітычнае поле было больш разнастайным, і многія незалежныя, то-бок недзяржаўныя палітычныя актары, у большай ступені маглі праяўляць свае ідэйныя і ідэалагічныя ўстаноўкі. Вымалёўваліся няхай і з пэўнай хібнасцю, абумоўленай аўтарытарызмам, іх протадэмакратычныя ці выразна недэмакратычныя арыенціры і наагул «чыталася» ідэалогія розных рухаў і партый: ад левай і цэнтрысцкай да правай. Праўда, ідэалагічная размытасць, невыразнасць і часцяком няведанне сваёй уласнай ідэалогіі прадстаўнікамі і прадстаўніцамі партый і рухаў з’яўлялася і з’яўляецца тыповай рысай аўтарытарнага палітычнага поля. У гэтым палягае рызыка блытаніны, амальгамнай самапрэзентацыі незалежных актараў, то-бок фатальная неспазнавальнасць патэнцыйнымі выбарнікамі і выбарніцамі. Зрэшты, у выніку адарванасці ад рэчаіснасці і ад сваіх дэмакратычных партнёраў і партнёрак беларускія калядэмакратычныя актары і актаркі рызыкуюць згубіць сутнасць, твар, спецыфіку і ператварыцца ў аморфныя адзінкі, падобныя адна да адной.

Наступны важны момант – праблема кансервацыі і кансерватызму беларускіх калядэмакратычных сілаў, палітычных актараў і актарак. Тое, што многія незалежныя актары і актаркі падзяляюць кансерватыўныя і традыцыяналісцкія погляды – не навіна, гэта, сапраўды, адлюстроўвае рэчаіснасць. А вось кансервацыя, ідэйная і ідэалагічная амальгамнасць протадэмакратычных актараў і актарак пад прэсам мясцовага аўтарытарызму – гэта праблема ўмяшання і ўплыву рэжыму ў працэсы калядэмакратычных сілаў. У выніку мы сутыкаемся з такой з’явай, як кансерватыўная калабарацыя калядэмакратычных сілаў з уладамі: напрыклад, ініцыятыва Касцёлу і некаторых прадстаўнікоў хрысціянскай дэмакратыі разам з Адміністрацыяй прэзідэнта аб увядзенні крымінальнай адказнасці за прапаганду гомасексуалізму сярод непаўналетніх у 2019 годзе. Наагул антыгендарная скіраванасць беларускай правіцы, а часам партыяў і рухаў цэнтру шмат чым лучыць іх з дзяржавай, якую яны звычайна крытыкуюць. Дарэчы, гендарная тэма з’яўляецца не проста лакмусавай паперкай, што найлепш праяўляе мясцовы кансерватызм, а выкрывае да ўсяго патэнцыйную супрацу ці нават калабарацыю нібыта калядэмакратычных сілаў з рэжымам. А нам дадзеная заўвага цікавая тым, што апісвае важны выклік для беларускага палітычнага поля ў будучыні: кансерватызм і нават радыкалізм калядэмакратычных актараў.

Мы павінны разумець і быць гатовымі ўжо сёння да такіх выклікаў, часта схаваных пад з’явай ідэалагічнай размытасці апазіцыі ці нявызначанасці ва ўмовах дыктатуры. Аналіз падобных кейсаў у краінах, якія пачалі пераход ад аўтарытарнага да дэмакратычнага поля (напрыклад, Туніс), дапамагае рэальна ацаніць рызыку. Так, туніская мыслярка і пісьменніца Хэля Беджы ў 1997 годзе ў эсэ «L’imposture culturelle» («Культурны падман»)8 яшчэ да туніскай рэвалюцыі 2011 года і ўзмацнення ісламізму разважала пра небяспеку радыкалізму ў будучыні. З выбухам радыкалізму і кансерватызму не з боку дзяржавы, а з боку протадэмакратычных сілаў прыйдзецца калісьці сутыкнуцца і беларускаму палітычнаму полю.

Заканчэнне

Змены, якія адбыліся ў палітычным полі Беларусі пасля 9 жніўня 2020 года, вельмі важныя і далёкія ад завяршэння. Яны толькі мацней падкрэслілі так і не вырашаныя дасюль старыя падзелы:

  • Былы падзел апазіцыйнасць / пакорлівасць ці нават калабарацыя перакінуўся велізарным расколам поля, грамадства, краіны: усе нюансы сцерліся. Упершыню непрызнаная цывілізаваным светам дыктатура засталася на полі адна, зачысціўшы грамадзянскую супольнасць і, такім чынам, вынішчыўшы былых незалежных калядэмакратычных актараў з палітычнага поля. Апазіцыйнасць цяпер сталася недапускальнай – дапускаюцца толькі калабарацыя і лаяльнасць.
  • Новы падзел палітычнага поля яшчэ больш маргіналізаваў пытанне свабодаў і правоў чалавека, бо для адзінага цяпер актара поля – аўтарытарнай дзяржавы – правы чалавека не з’яўляліся і не з’яўляюцца каштоўнасцю. Тыя актары, якія артыкулявалі дадзенае пытанне, апынуліся выціснутымі з цяперашняна поля. Месца правоў чалавека заняло цяпер пытанне (паліт)зняволеных. Правы чалавека і (паліт)зняволеных успрымаюцца аўтарытарнымі ўладамі выключна як патэнцыйны рэсурс для гандлявання з Захадам.
  • Абвастрыўся і радыкалізаваўся геапалітычны, тоеснасны, эканамічны выбар: дыктатура ў крызісны момант паказала сваё сапраўднае аблічча: выключную прарасейскасць і салідарнасць з іншымі дыктатурамі свету. А старыя і асабліва новыя незалежныя актары пацвердзілі сваю протадэмакратычнасць, праеўрапейскасць. То-бок раскол грамадства па лініі Усход/Захад паглыбляецца. Расейскі эканамічны, ідэалагічны, палітычны, інфармацыйны чыннікі забяспечылі на дадзены момант перамогу беларускага рэжыму, пры гэтым ацвярозілі пэўную частку раней нейтральнага і/ці апалітычнага грамадства і ў чарговы раз замарозілі вырашэнне праблемаў і вызначэнне беларусаў і беларусак.

Тым не менш, не зважаючы на дэградацыю палітычнага поля на дадзеным этапе, як вынік рэакцыі дыктатуры на страту рэальнага ўплыву і легітымнасці адбыліся істотныя шматабяцальныя для будучыні падзеі:

  • выявілася слабое звяно дыктатуры, састарэласць афіцыйных элітаў і наагул афіцыйных палітычных актараў, іх тэхналагічная мізэрнасць;
  • рэжымнікі былі неспадзявана злоўленыя на электаральным злочыне;
  • упершыню дыктатура Лукашэнкі не была прызнаная Захадам;
  • паўсталі новыя палітычныя актары і актаркі, лідары і лідаркі, сілы, не звязаныя са старой апазіцыяй, то-бок адбылася частковая аднова палітычных актараў і актарак;
  • існае дэградаванае палітычнае поле ўтрымліваецца выключна сілай і пры падтрымцы расейскага аўтарытарызму;
  • калядэмакратычныя сілы прайшлі своеасаблівую праверку на першасную дэмакратычнасць і жыццяздольнасць.

Усё гэта сведчыць аб тым, што аснова для новага палітычнага поля Беларусі калі яшчэ не склалася, то складваецца. Будучыня дэмакратычнага пераходу шмат у чым залежыць ад ступені мабілізацыі падчас выбараў у бліжэйшай ці далёкай будучыні, адпаведна, ад прачытальнасці палітычнага поля. Таму праца протадэмакратычных палітычных актараў і актарак якраз і палягае ў тым, каб падрыхтавацца ўжо цяпер, і быць дакладна ідэнтыфікаванымі і выразна прачытанымі на палітычным полі новай Беларусі.

«Пятая рэспубліка» — гэта дыскусійна-аналітычны праект, які рэалізуецца «Офісам па адукацыі для Новай Беларусі» ў партнёрстве з ютуб-каналам «Маланка» і анлайн-выданнем Reform.by

  1. Gisèle Sapiro, François Denord, Julien Duval et Mathieu Hauchecorne, Dictionnaire international Bourdieu, 2020.
  2. Pierre Bourdieu, Microcosmes. Théorie des champs, Paris, Raisons d’Agir, 2022.
  3. Пад «палітычным актарам»/«палітычнай актаркай» прапаную разумець пэўную структуру, сілу, асобу, якія ўдзельнічаюць у прыняцці палітычных рашэнняў ці ўплываюць на іх. Палітычныя актары могуць быць калектыўнай (асацыяцыя, рух, партыя, дзяржава і пад.) і індывідуальнай адзінкай (пэўная асоба, напрыклад, Святлана Ціханоўская) // Emiliano Grossman, Dictionnaire des politiques publiques, Presses de Sciences Po. 2014, pp. 31 à 38.
  4. Bourdieu P., 1981, «Décrire et prescrire. Note sur les conditions de possibilité et les limites de l’efficacité politique», Actes de la recherche en sciences sociales, n° 38, p. 69-73.
  5. Тамсама.
  6. Bourdieu P., 1984, «La délégation et le fétichisme politique», Actes de la recherche en sciences sociales, n° 52-53, p. 49-55.
  7. Уладзіслаў Іваноў, Феномен жанчынаў у белым: гендарнае вымярэньне беларускіх пратэстаў другой паловы 2020 — пачатку 2021 году, TOPOS №2, 2021, с. 150-174.
  8. Hélé Béji, L’imposture culturelle, Paris, Stock, 1997.

Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.

🔥 Поддержите Reform.news донатом!
REFORM.news (ранее REFORM.by)

Последние новости




Сообщить об опечатке

Текст, который будет отправлен нашим редакторам: