Беларускі Evaa project развівае такі напрамак у мастацтве, як environmental art, перакрыжоўваючы сучаснае беларускае мастацтва і экаактывізм.
На працягу ўжо не аднаго года беларускія куратары і эколагі ладзіць адмысловыя плэнеры для мастакоў у аддаленых мясцінах, каб справакаваць творцаў на рэфлексіі аб нашым навакольным асяродку, аб тым, як змяняецца прырода пад уздзеяннем чалавека.
Вынікам такой працы «сам насам з прыродаю» становяцца публічныя выказванні мастакоў, выставы. Адна з апошніх — акурат адбылася ў літоўскім мястэчку Цяльшай, у сэрцы літоўскай Жамойці, у новай галерэі VDA. Выстава «Прырода ведае» мастакоў і мастачак з Беларусі сталася першым праектам цяльшайскай арт-інстытуцыі.
— Мы хацелі правесці выставу ў невідавочным месцы, адводзячы ўвагу ад сталіц тыпу Вільнюса або Варшавы, гэтак жа як падчас пленэраў максімальна адводзілі мастакоў у прыроду, каб яны пачулі яе голас, — распавядаюць суарганізатары выставы Evaa project, якія пажадалі застацца ананімнымі. — Сёння людзі адрэзаныя ад дзённага святла: мы можам жыць і працаваць і днём, і ноччу. Мы адрэзаныя ад цыклаў прыроды: на нашых сталах круглы год яблыкі і ананасы. Мы жывем па-за сезонаў пад кандыцыянерамі пры вечным +23, а нашы старонкі ў Instagram несмяротныя і назаўжды напоўнены шчаслівымі фотаздымкамі. Пры гэтым знікае адчуванні сябе як часткі вялікай экасістэмы, а з ім і доступ да ведаў гэтай экасістэмы аб тым, як выжыць, нават калі навокал усё палае. Як зараз.
Работы, што былі прадстаўлены на экспазіцыі, сталі плёнам працы мастакоў на двух пленэрах, зладжаных Evaa project.
— У працэсе падрыхтоўкі да выставы дваццаць беларускіх мастакоў глядзелі на прыроду як на суб’ект, які валодае ведамі аб тым, як перажыць катастрофу — пажары, вайну, паводкі, радыяцыю, вывяржэнні вулканаў, цунамі, — удакаладняе адна з куратарак праекта. — Ці можна памятаць, што ты частка прыроды, і як перажыць разбурэнне, адрыў каранёў ад сваёй зямлі, як працягваць быць там, дзе, здавалася б, няма жыцця?
— Сёння мастацтва на тэму экалогіі і навакольнага асяроддзя — гэта пазанацыянальныя каштоўнасці. Важна разумець, што ёсць праблемы ўсяго чалавецтва — і гэта праблемы і беларусаў таксама — якія застаюцца ўсеагульнымі праблемамі па-за лакальным кантэкстам, — дадае другая куратарка. — Так, відавочна і зразумела, што ўкраінцам, беларусам і рускім зараз надзвычай складана камунікаваць, нават знаходзячыся на адным каштоўнасным баку. Аднак эколагі з Украіны, Беларусі і Расіі працягваюць супрацоўнічаць і абазначаць экалагічныя праблемы, працаваць з катастрофай, якую нясе вайна навакольнаму асяроддзю.
Кожная з працаў на выставе суправаджалася адмысловымі тэкстамі ад мастакоў і куратараў.
Урывак з апісання інсталяцыі «Дамашняя работа» Алены Іванюшчанка:
«Прырода дорыць досвед свабоды, вызваленасці ад сістэм, якія немінуча ствараюцца чалавечай прысутнасцю. Школьны сшытак, падручнік, парта — гэта прастора абмежаванняў і правіл, у якім мы шукаем спосаб быць, шукаем свой асабісты лад жыцця, выразы сябе. Ці можам мы трансфармаваць правілы, уступіць з імі ў дыялог? Заданне з зорачкай — адшукаць свабоду ўнутры сябе».
Урывак з апісання працы “Космас наш! Вялікі выбух 2.0” Аляксандра Бельскага:
«Асноўным графічным матэрыялам для стварэння тытульнай працы сталі грыбы, а менавіта цвіль. Прыгажосць плесневых калоній падобная на космас, які выжыве нават пасля глабальнай катастрофы, паклапаціцца аб рэштках свету і створыць глебу для новага».
Урывак з апісання лабараторнай працы па ландшафце Out on the Tiles Ігара Корзуна і Яўгена Канаплёва:
«Мы жывем у часы чарговага здранцвення, немагчымасці вырабляць новае, крызісу перавытворчасці — перавытворчасці рэчаў, сэнсаў, сілы і ўлады. <…>У школе, на ўроках фізікі, першая лабараторная работа — кіпячэнне вады. Яна недарэчная ў сваёй прастаце і відавочнасці, але з’яўляецца неабходнай. Так і зараз час вяртання да лабараторных работ у прасторы сэнсаў».
Мастацкая рэфлексія вылілася ў працы аб перасычэнні не толькі рэчамі, але і сэнсамі, у працэс паўнапраўнай музычнай сатворчасці паміж людзьмі і азёрамі і лясамі навокал і нават у жудаснае, але гіпнатызуючае апісанне апакаліпсісу.
Урывак з апісання трыпціха інсталяцый “Апакаліпсіс” Bazinato:
«<…> Ведаеш, мой дарагі, у кожным з нас жыве чорнае насенне, дзіця чорнай ракі. І калі ты памнажаеш чорныя кроплі, тады рака паглыне цябе, і ты станеш чорнай ракой. Мы прыходзім у гэты свет з чорнымі кроплямі ў нашых душах. Гэта кроплі болю, безвыходнасці, роспачы і страху нашых продкаў. “Бабуля, а навошта яны пакідаюць свае чорныя слёзы ў сваіх дзецях?” — я задаў гэтае пытанне і прачнуўся».
У планах праекта Evaa — працяг справы з мэтай прыцягнення ўвагі да экалогіі і сучаснага мастацтва, пошук сэнсаў, які не спыняецца.
— Мы думаем, прырода ведае вельмі шмат. І калі мы хочам знайсці нейкія адказы, нам трэба быць вельмі ўважлівымі і назіральнымі, — разважаюць куратаркі. — Гэтая ўвага павінна быць цёплай і аберагальнай, а не патрабавальнай і знішчальнай — і тады мы знойдзем падтрымку і апору, якія патрэбныя чалавецтву, каб адчуць сваю агульнасць і рухацца далей.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.by у Telegram
Сообщить об опечатке
Текст, который будет отправлен нашим редакторам: