У беларускім хабе «Новая зямля» ўжо два дні працуе фотавыстава, прымеркаваная да 105-х угодкаў БНР і Дня Волі. Матэрыялы для яе прадаставілі беларусы Беластока з асабістых архіваў.
«Гэтая выстава ні ў аніякім разе не прэтэндуе на статус сур’ёзнага гісторыка-факталагічнага даследавання, — адзначаецца ў апісанні да праекта. — Гэта толькі падборка фотафактаў з адкрытых крыніц, СМІ і асабістых архіваў беларусаў, якія жывуць сёння ў вымушанай эміграцыі ў Беластоку».
У выніку ў экспазіцыі сабралося некалькі дзясяткаў фатаграфій — з розных гарадоў Беларусі; розных гадоў — ад канца 1980-х — па актуальныя часы.
У прыватнасці, на выставе можна ўбачыць фотаздымак Вітольда Ашурка ў Бярозаўцы побач з афішай святкавання Дня Волі ў Лідзе. Ці, напрыклад, фатаграфію першай акцыі святкавання Дня Волі ў Мінску, арганізаванай мастаком Алесем Пушкіным. Шмат фота сутыкненняў на народных шэсцях з сілавікамі — у розныя гады беларусам прыходзілася адстойваць сваё права на гэты знакавы дзень.
«Гэта падборкай мы хацелі дапамагчы ўсім нам успомніць і перажыць яшчэ раз тыя пачуцці і эмоцыі, якімі мы жылі ў такім недалёкім мінулым, — падкрэсліваюць арганізатары выставы, — успомніць аб нашым адзінстве і салідарнасці, аб нашай веры і надзеі».
На адкрыцці праекта БНР-105 выступіў прафесар гісторыі Алег Латышонак, многія прысутныя падзяліліся сваімі гісторыямі святкавання Дня Волі.
Выстава распачала серыю івэнтаў з нагоды 105-х угодкаў БНР у Беластоку.
Так, сёння ў прасторы хаба «Новая зямля» адбудзецца гульня-квіз «А што ты ведаеш пра БНР?». Заўтра на WANS (Усходнееўрапейскай Акадэміі прыкладных навук) запланаваны Вялікі святочны канцэрт. А 26 сакавіка пройдзе Беларускі Пікнік у Копнай Гуры. Святкаванні працягнуцца ажно да 31 сакавіка і завершацца паказам спектакля фрык-тэатра «Ex tempore» — «Маскi. Рэтраспектыўны зрэз iнстынкту самазахавання. Монадрама» на пляцоўцы «Новай зямлі».
Падрабязнасці тут.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.by у Telegram
Сообщить об опечатке
Текст, который будет отправлен нашим редакторам: