Filamaty — гэта супольны праект музыкаў з гурта Relikt i паэта ды музыкі Уладзя Лянкевіча.
Ідэя стварыць такі праект ці гурт Filamaty з’явілася ў Алеся Дземідзенкі, бубнача гурта Relikt, яшчэ ў 2021 годзе. Ён прапанаваў Уладзю Лянкевічу скласці тэксты і далучыцца да напісання музыкі. Акалічнасці тады былі неспрыяльнымі, сумесна прыдумалі паўтара трэка — і ўсё перарвалася.
Пазней аўтар тэкстаў апынуўся ў Варшаве, сюды ж пераехалі і музыкі гурта Relikt.
Праца над праектам узнавілася, і ў выніку атрымалася невялікая канцэптуальная канцэртная праграма.
Каб напісаць тэксты і стварыць музыку, давялося, узброіўшыся сучаснай оптыкай і актуальным беларускім досведам, пераадкрыць усю гісторыю таемнага таварыства, ініцыяванага ў Вільні ў 1817 годзе.
Дарэчы, пра досвед: летась было якраз сто гадоў з часу разгрому таемнага таварыства і арыштаў найбольш актыўных яго сяброў. На будынку былога базыльянскага кляштара Святой Троіцы цяпер размешчана мемарыяльная табліца на літоўскай і польскай мовах, якая абвяшчае, што тут з 23 кастрычніка 1823 года па 21 красавіка 1824 года быў зняволены Адам Міцкевіч разам з іншымі філаматамі.
Выкрыццё таварыства, вобшукі, выгнанне — усё гэта вельмі лёгка запаралелілася з нашым часам, і так напісаўся першы блок тэкстаў. «Вось вы маладыя, поўныя натхнення і надзеі на лепшае, вы жывяце актыўным жыццём, дбаеце пра будучыню роднага краю. Але раптам сістэма (імперыя?) запісвае вас у ворагі выключна на падставе «аблудных» каштоўнасцяў, вызнае вас як нядобранадзейнага», — распавядае анатацыя праекта.
Цыклічнасць падзей гісторыі з розніцай прыкладна ў 200 гадоў – вось што сапраўды ўражвае! Аўтарскія тэксты Уладзя Лянкевіча — гэта эмацыйныя і вобразныя водгукі на сёння і ўчора адначасова. Лёсы тых людзей прамаўляюць самі за сябе, а тая, колісь далёкая і для многіх неактуальная забытая мінуўшчына становіцца цалкам зразумелай з паўслова. Гэта не пераказ біяграфій, не зарыфмаваная энцыклапедыя, гэта ў пэўнай ступені дыялог, які выбудоўваецца не лінейна, бо ў выніку атрымліваецца своеасаблівы сеанс размовы з мінулым.
Стыль выкананя не быў перадумоўлены, ён склаўся сам, паступова і арганічна. Базавы вектар задае набор інструментаў, атрымаўся класічны рок-гурт — бас, бубны, дзве гітары. Спяваюць Уладзь Лянкевіч і Алесь Дземідзенка. У гэтай супольнай творчасці захаваліся элементы фірмовага гучання і падыходы гурта Relikt і нейкія новыя фішкі ды хады, аднак на гэтым скрыжаванні ўзнікае і нешта трэцяе.
Канцэрт гурта Filamaty завяршыў праграму міжнароднага паэтычнага фестываля памяці Міхася Стральцова «Вершы на асфальце».