«Я расказваю і пра тое, што цяпер адбываецца ў калоніях і турмах»: мастачка Марына Напрушкіна аб сваёй выставе ў Берліне

Марына Напрушкіна — беларуская палітычная мастачка і актывістка, якая жыве і працуе ў Берліне.

Звычайна аўтарка рэалізуе свае праекты па-за межамі інстытуцый, у супрацы з супольнасцямі і арганізацыямі актывістаў. Напрыклад, у 2007 годзе Марына Напрушкіна заснавала Офіс антыпрапаганды, у якім яго ўдзельнікі аналізавалі механізмы палітычнай прапаганды, арганізоўвалі і падтрымлівалі палітычныя кампаніі. Пасля выбараў 2010 года Марына стварала палітычныя коміксы, дзе распавядала, як развіваліся падзеі ў Беларусі пасля прэзідэнцкіх выбараў. Палітычныя рэпрэсіі, валютны і эканамічны крызіс, тэракт у метро апісваўся ў дзвюх версіях — афіцыйнай і незалежных СМІ.

У 2013 годзе мастачка распачала ініцыятыву па стварэнні супольнасці людзей па дапамозе ўцекачам «Новае суседства/Маабіт» (Берлін).

Цяпер у Берліне (да 20 студзеня) працуе выстава Марыны Напрушкінай пад назвай «Птушкі з народам». Назва паўтарае лозунг, з-за якога была закрытая адна з найстарэйшых прыродаахоўных арганізацый Беларусі «Ахова птушак Бацькаўшчыны».

Аўтарка паказвае складаную, шматслойную гісторыю беларускай рэвалюцыі і руху сацыяльнай салідарнасці, які пачаўся ў 2020 годзе. Гэта аповед аб практыцы рэпрэсій і гвалту, якія ажыццяўляюцца беларускім рэжымам не толькі на ўзроўні дысцыплінарных інстытутаў, але і пранізваюць тканіну паўсядзённай практыкі з дапамогай палітыкі, прымусовай працы і спажывання.

Пагаварылі з Марынай Напрушкінай пра канцэпты і сэнсы яе выставы.

Фрагмент экспазіцыі выставы Марыны Напрушкінай. На першым плане выява тыпавога будынка адной са школ, у якіх часта размяшчаюцца выбарчыя ўчасткі. Фота прадастаўлена аўтаркай.

— Гэта выстава рэалізуецца ў канве вашых ранейшых практык, але спасылкі, якія вы выкарысталі ў сваім праекце, для вас нехарактэрныя — стылістыка народнага дывана і авангарднага руху УНОВІС. Як вы гэта ўсё спалучаеце ў адной прасторы?

— Маляваныя дываны, «маляванкі», былі шырока распаўсюджаныя ў вёсках Беларусі, Польшчы і Украіны ў першай палове мінулага стагоддзя, яны існавалі адначасова са школай УНОВІС 1920-х гадоў, якая была заснавана ў віцебскім авангардным вучылішчы.

Гэтыя дзве з’явы развіваліся поруч, аднак адна з іх увайшла ў гісторыю сусветнага мастацтва, а другая доўгі час лічылася маргіналізаваным мясцовым рамяством, у асноўным звязаным з жаночай ананімнай хатняй працай.

Твор Марыны Напрушкінай «Ой, рэчанька-рэчанька, Чаму ж ты ня поўная?» закранае тэму гвалтоўнай меліярацыі. Фота прадастаўлена аўтаркай.

— Стылістычна гэта спалучэнне чытаецца ў творах, а тэматычна? Якія тэмы, якая праблематыка ўздымаецца ў вашай выставе?

— У першым пакоі выставы я размяшчаю серыю шырокафарматных двухбаковых маляваных дываноў, якія расказваюць пра нядаўнюю гісторыю пратэснага руху ў Беларусі: антыўрадавыя выступленні 2020 года і паступовае паглынанне Расіяй Беларусі з пачатку вайны ва Украіне. Гэта гісторыя закранае і закрыццё недзяржаўных арганізацый і палітычных партый, а таксама высокую колькасць палітычных зняволеных.

З аднаго боку, мы бачым выяву, якая вельмі моцна нагадвае «маляванку» паводле сваёй канструкцыі. Ёсць цэнтр з нейкім чытэльным сюжэтам, ёсць арнамент, які часткова зроблены з дапамогай штампаў і стэнсіла. А з адваротнага боку «маляванак» я змяшчаю тэксты песень, якія спявалі падчас пратэстаў 2020 года.

Выкарыстанне народных песень варта ўспрымаць як практыку дэкаланізацыі, таму што мы звяртаемся да народнай традыцыі, а не да акадэмічных ведаў.

Яшчэ адна тэма — наша цела як асноўны інструмент супраціву. Бо ў вобразе рэвалюцыі ёсць шмат рацыянальнага, але мала гаворыцца пра тое, што адбываецца з нашым целам, а яно насамрэч захоўвае намнога больш памяці і з-за гэтых усіх працэсаў вельмі моцна мяняецца.

Таму на выставе ёсць выявы жаночых целаў.

Марына Напрушкіна. FR4978. Палатно, акрыл. 2023. Фота прадастаўлена аўтаркай.

Супрэматычныя кампазіцыі руйнуюць плаўнае апавяданне, звязанае з наіўным мастацтвам «маляванак», ператвараючы выставу ў трывожную гісторыю, у цэнтры якой ляжыць аналіз эксплуатацыі жаночай працы з дапамогай практык прымусу і сістэмнага прыгнёту.

Я расказваю і пра тое, што зараз адбываецца ў калоніях і турмах. У прыватнасці, у Гомельскай папраўчай калоніі № 4 утрымліваюцца жанчыны-палітвязні і многія з іх займаюцца шыццём.

Марына Напрушкіна. Дзяржаўнае прадпрыемства № 4. Палатно, акрыл. 2023. Фота прадастаўлена аўтаркай.

Сярод вырабаў, якія яны шыюць, працуючы па 10-12 гадзін у дзень, — форма для супрацоўнікаў Міністэрства ўнутраных спраў, якія здзяйсняюць гвалт у дачыненні да зняволеных і з’яўляюцца ключавой апорай рэжыму. А таксама — хакейная форма — любімы від спорту Лукашэнкі, і сувенірная прадукцыя з вышыванкамі, за якія людзі могуць быць затрыманыя, калі іх зловяць у грамадскім месцы. Тым не менш яны там вырабляюцца і прадаюцца замежнікам.

Акрамя гэтага, калонія вырабляе прадметы штодзённага ўжытку, такія як пасцельная бялізна, коўдры і падушкі, што азначае, што прымусовая праца зняволеных, з аднаго боку, непрыкметная, а з іншага боку, інтэграваная ў паўсядзённае жыццё. Многія з вырабаў, створаных зняволенымі, экспартуюцца не толькі ў Расію, але і ў Еўропу і Кітай, што робіць гэтую эксплуатацыю часткай сусветнай эканомікі.

— У творы, прысвечаным папраўчай калоніі № 4, — камяні. Якім чынам яны звязаны з тэмай рэпрэсій і гвалту?

— Я часта чытаю сваім студэнтам верш беларускай паэткі Юліі Цімафеевай «Камень страху», ён пра страх, які перадаецца ад пакалення да пакалення, пра замоўчванне сістэмнага гвалту. Камень у гэтым вершы захоўвае непрыемную спадчыну, з’яўляецца носьбітам нявыказаных гісторый і эмоцый, бо ў каменя няма рота, ён не можа ні крычаць, ні казаць. Таксама мой твор пра тое, што камень можа з’яўляцца зброяй.

— Вы на сваёй выставе быццам сумяшчаеце будучае і цяперашняе, традыцыю і утопію…

— Хутчэй я падхопліваю праекцыю будучага з мінулага стагоддзя і ўпісваю ў яе сённяшнія рэаліі. Уяўленне пра будучае зыходзіць з таго, што ў нас цяпер адбываецца. Таму я застаюся ў кантэксце сучаснасці.

Яшчэ я паказваю моманты супраціўлення жорсткай палітычнай рэчаіснасці, якая не ўзнікла сёння, а складалася гадамі. Таму гляджу на гэта праз дэкаланіяльную і фемінісцкую оптыку.

Фрагмент экспазіцыі выставы Марыны Напрушкінай. Фота прадастаўлена аўтаркай.

— Чаму вы, з аднаго боку, даяце такія жорсткія карціны рэчаіснасці, а з іншага — народныя лірычныя песні? Гэта наша «мяккая сіла»?

— Гэта форма ведаў і перадачы досведу.

— На першы погляд, стратэгія аказалася непаспяховай…

— Калі разглядаць гэту стратэгію ў больш шырокіх часавых рамках, то высновы будуць іншыя. Мая выстава не ставіць пад пытанне стратэгіі супраціву. Але лічу важным гэтую стратэгію задакументаваць… і працягваць.

— Вашы маляваныя дываны нагадваюць плакаты — тым, што з адваротнага боку размешчаны надпісы, нават калі гэта словы песні.

— Мая работа заснавана на перасячэнні актывісцкіх практык і мастацтва. Напрыклад, мой тэкст 2020 года «Я хачу жанчыну-прэзідэнтку» не абавязкова павінен быць размешчаны ў выставачнай прасторы. Ён функцыянуе ў іншых інфармацыйных сетках.

Марына Напрушкіна. «Я хачу жанчыну-прэзідэнтку». Палатно, акрыл. 2023. Фота прадастаўлена аўтаркай.

Маляваныя дываны падобныя на сцягі, калі ісці з супрацьлеглага боку і глядзець на словы песняў. Таму яны з’яўляюцца формай, што знаходзіцца паміж аб’ектам выставачным і аб’ектам актывісцкім. Яны не на падрамніках, іх можна ўзяць у рукі і пайсці з імі на вуліцу. Як і плакаты, яны могуць па-іншаму цыркуліраваць, не ў выставачнай прасторы. Тэкст, напісаны на палатне, можа існаваць як флаер. Гэтыя рэчы важныя для мяне.

Фрагмент экспазіцыі выставы Марыны Напрушкінай. Фота прадастаўлена аўтаркай.

— І ўсё ж гэта выстава, бадай, самая лірычная з усіх вашых экспазіцый…

— З аднаго боку, так. Аднак сама рэчаіснасць, у якой жывем і дзе не можам дзейнічаць па-іншаму, робіць гэтыя працы палітычнымі.

Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.by у Telegram

Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.

🔥 Поддержите Reform.news донатом!