«Ваўкалак» — беларускі фэнтэзі-фолк гурт Irdorath прэзентаваў кліп на песню, якая была напісаная яшчэ ў 2020 годзе. Пасля двух гадоў зняволення ў беларускай турме Уладзімір і Надзея Irdorath вярнуліся да матэрыялу, каб дарабіць кампазіцыю і даць ёй фэнтэзійнае візуальнае ўвасабленне ў змрочным паганскім духу. «Я не вярнуць дадому, Ваўкалак!» — спявае герой песні.
Тым не менш «Ваўкалак» — гэта гісторыя пра трагічнае, але вялікае каханне.
«Песня разважае пра цяжкі маральны выбар, цяжкія наступствы і імкненне да чыстага сумлення, — распавядае гурт пра новы твор. — Лірыка, натхнёная беларускім паганскім міфам пра Ваўкалака, істоту, вымушаную балансаваць на мяжы паміж чалавечнасцю і дзікасцю, набывае прароцкае адценне».
«Гэтая гісторыя, хоць і трагічная, адлюстроўвае каханне настолькі глыбокае, што нават смерць не можа разарваць яго — каханне, якое кіруецца адданасцю, якая працягваецца ў вечнасці, — распавядаюць музыкі. — Нягледзячы на ўсе цяжкасці, Уладзімір і Надзея завяршылі гэты магутны гімн, сімвал стойкасці і нязломнасці духу ў новай рэчаіснасці. З вяртаннем Irdorath стварае адметны і нетрадыцыйны стыль, які глыбока перагукаецца з іх сутнасцю, узбагачаны міфічнай змрочнай паганскай эстэтыкай беларускай культуры».
Як падзяліўся сябра Irdorath, музыка Сяргей Доўгушаў, гераіню кліпа, бабулю Стасю, якая іграе знахарку, знайшлі ў польскай вёсцы перасяленцаў з Беларусі. У 1945 годзе яна разам з усімі жыхарамі сваёй вёскі апынулася ў вымушанай эміграцыі. Цяпер ёй 80, і ў відэа яна чытае малітвы і замовы ў традыцыйным строі, якому ўжо больш за 100 гадоў.
Фэнтэзійную гісторыю, расказаную ў кліпе, можна назваць своеасаблівай гісторыяй перараджэння музыкантаў.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram