Ініцыятыва Maldzis на сродкі беларускіх ахвярадаўцаў выкупіла Трэці статут ВКЛ

Культура
Статут Вялікага Княства Літоўскага. Вільня, 1693. Фота: maldzis.world

Ініцыятыва Maldzis вяртае Статут Вялікага Княства Літоўскага 1588-га года (Трэці Статут), надрукаваны ў Вільні ў 1693 годзе на польскай мове.

Старадрук знойдзены ў антыкварнай краме ў Калішы і набыты на сродкі беларускіх ахвярадаўцаў: Сяргея Казлоўскага, Рамана Андрыянава, Філіпа Дайнэкі і Дар’і Сліж.

Ён выйшаў у свет у друкарні Віленскай акадэміі езуітаў у 1693 годзе паводле рэдакцыі 1648 года. Выданне 1693 года маецца ў шэрагу буйных бібліятэк і музеяў свету, у тым ліку і ў Беларусі.

«Трэці Статут ВКЛ — гэта помнік беларускай прававой культуры, у якім можна ўбачыць ідэю ўсталявання прававой дзяржавы і першы крок да яе. Статут абараняў незалежнасць ВКЛ і ў ім была рэалізаваная агульнапрынятая сёння ідэя падзелу ўлады на тры галіны: заканадаўчую, выканаўчую і судовую.

Статут дзейнічаў цягам больш як 250 гадоў, перажыў падзелы Рэчы Паспалітай і знікненне ВКЛ у выніку ўключэння беларускіх зямель у склад Расійскай імперыі. Для параўнання, найстарэйшая ў свеце Канстытуцыя ЗША толькі набліжаецца да свайго 240-гадовага ўзросту», — кажа кіраўнік ініцыятывы Павел Мацукевіч.

Арыгінальны Статут ВКЛ 1588 года быў напісаны на «рускай мове», якая з усіх найбольш блізкая да сучаснай беларускай. Першы польскі пераклад з’явіўся праз чвэрць стагоддзя пасля прывілею польскага караля і вялікага князя літоўскага Жыгімонта III Вазы, які 28 студзеня 1588 года і зацвердзіў Статут.

«Статут ВКЛ быў узорам для іншых дзяржаў, у прыватнасці Расіі і Прусіі, якія выкарыстоўвалі яго пры распрацоўцы свайго права. Да распрацоўкі Статута прычыніліся славутыя беларускія дзяржаўныя дзеячы і дыпламаты Астафій Валовіч і Леў Сапега, якія складаюць гонар нацыі. Падобныя вяртанні як набыццё Статута паказваюць, што іх праца шануецца нашчадкамі і з’яўляецца істотным элементам сённяшняй ідэнтычнасці беларусаў», — кажа Рыгор Астапеня, апякун ініцыятывы Maldzis.

Статут будзе выстаўляцца на адмысловых мерапрыемствах па-за Беларуссю, але праз некаторы час будзе перададзены ў першую меркаваную сталіцу ВКЛ – Наваградак, у мясцовы гісторыка-краязнаўчы музей, у якасці грамадскага падарунка.

Праект Maldzis быў задуманы каля года таму разам з Рыгорам Астапенем. Адна з цэнтральных задач — абудзіць у беларусаў цікавасць да ўласнай культурнай спадчыны, ператварыўшы яе ў падмурак, які аб’ядноўвае нацыю. Названы ў гонар Адама Мальдзіса, які клапаціўся пра культурную спадчыну Беларусі: адкрываў і папулярызаваў малавядомыя старонкі беларускага мінулага, шукаў і вяртаў страчаныя культурныя каштоўнасці, даставаў з забыцця беларускія імёны, аднесеныя да замежнай і сусветнай культуры, каб узбагаціць імі нашу.

Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram

Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.

🔥 Поддержите Reform.news донатом!
REFORM.news (ранее REFORM.by)
Добавить комментарий

Внимание, премодерация. Если вы в Беларуси, не оставляйте комментарий без включенного VPN.

Последние новости




Сообщить об опечатке

Текст, который будет отправлен нашим редакторам: