Ігар Аўдзееў больш не з’яўляецца кіраўніком Музея гісторыі беларускага кіно

Паводле крыніцаў Reform.by, рашэнне аб непадаўжэнні кантракта са знаным кіназнаўцам, кіраўніком Музея гісторыі беларускага кіно (філіял Нацыянальнага гістарычнага музея) Ігарам Аўдзеевым было прынята яшчэ напрыканцы 2022 года.

За мінулы год з Нацыянальнага гістарычнага былі звольнены (не падоўжаны кантракты, сыходы па пагадненні бакоў) больш за 50 супрацоўнікаў. Літаральна напрыканцы снежня кіраўніцтва ўстановы вырашыла спыніць супрацоўніцтва і з Ігарам Аўдзеевым, які ўзначальваў Музей гісторыі беларускага кіно на працягу 20 гадоў (цяпер музей з’яўляцца філіялам Нацыянальнага гістарычнага).

Ігар Аўдзееў — слынны беларускі кіназнаўца і падзвіжнік беларускага кіно. Аўтар навуковай канцэпцыі стварэння і развіцця Музея гісторыі беларускага кіно, шматлікіх артыкулаў па гісторыі беларускага кінематографа. Суаўтар (разам з Л. М. Зайцавай) каталога-даведніка «Усе беларускія фільмы». Стваральнік унікальнай калекцыі плакатаў да беларускіх фільмаў, калекцыі беларускай анімацыі. Музей гісторыі беларускага кіно, які месціцца ў цэнтры горада па адрасе Свярдлова, 4, пад куратарствам Ігара Аўдзеева з’яўляўся пляцоўкай для прэм’ер і паказаў беларускага і сусветнага кіно, месцам сустрэч, выставачнай пляцоўкай. Неаднаразова розныя «добразычліўцы» прапаноўвалі аддаць будынак пад іншыя ініцыятывы, але дзякуючы пазіцыі кіназнаўцы дамок на Свярдлова заставаўся культурным цэнтрам — Музеем гісторыі беларускага кіно — усе гэтыя гады.

Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.by у Telegram

Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.