Гурт VOLSKI анансаваў альбом “Лісты палітвязням”. Праект ствараецца разам з ініцыятывамі «Палітвязынка» і «Дысідэнтбай»

26 верасня гурт VOLSKI афіцыйна абвяшчае старт працы над новым музычным альбомам “Лісты палітвязням”. Гэта больш чым проста песні — гэта грамадска-музычны праект, які ствараецца сумесна з беларускімі ініцыятывамі «Палітвязынка» і «Дысідэнтбай».

У альбоме плануецца 12 твораў пад назвамі “Ліст №1…”, “Ліст №2…”. Аўтары праекта з ліку музыкаў і ініцыятыў, якія ўздымаюць праблемы палітвязняў, заклікаюць пісаць лісты палітычным зняволеным рэгулярна, нягледзячы на цяжкасці. Гэта праява салідарнасці, якая дае агромністую сілу як нашым героям, так і беларускаму грамадству агулам.

Што канкрэтна VOLSKI хоча сказаць людзям праз новы альбом, апавядае аўтар песень і лідар гурта Лявон Вольскі:

“У Беларусі больш за 1726 чалавек па палітычных прычынах утрымліваюцца за кратамі ў нечалавечых умовах. Кроў стыне, калі чытаеш, як катуюць палітзняволеных… Гэта фашыстоўскія рэчы.

Пра гэтую дзікую абсалютна з’яву трэба памятаць і заўсёды казаць, прыцягваць увагу, у тым ліку сусветнай грамадскасці. Хаця людзі і стаміліся ад навін пра вайну і рэпрэсіі.

Мы маем усведамленне, што такі музычны праект неабходны, бо людзі забываюцца на палітзняволеных. Маўляў, сядзяць там — ну і сядзяць. Казалі раней, калі саджалі на тры гады: ой, да не адседзяць яны гэты тэрмін… Але людзі ўжо адседзелі і выйшлі. І з былымі палітвязнямі трэба размаўляць пра гэта.

Для ХХI стагоддзя беспрэцэндэнтная сітуацыя ў краіне, якая знаходзіцца ў цэнтры Еўропы. Каб рэпрэсіі не паўтараліся, пра гэта мусіць ведаць як мага больш людзей”.

Фота: Дар’я Каляда.

Творцы даўно планавалі гэтую грамадска-музычную кампанію, некаторыя напрацоўкі песень ужо ёсць. А цяпер адбываецца выхад з ценю. “Я мушу пра гэта сказаць афіцыйна, каб не было дарогі назад”, — самаіранічна зазначае Лявон Вольскі.

Запіс альбома плануецца ў Вільні.

За абнаўленнямі і працай над альбомам “Лісты палітвязням” сачыце на сацыяльных платформах гурта VOLSKI.

Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.

🔥 Поддержите Reform.news донатом!