«Гульня ў хованкі, толькі на смерць»: п’есу на ўкраінскай мове беларускага аўтара Віталя Карабаня прэзентавалі ў Варшаве

Прадзюсарская тэатральная ініцыятыва INEXKULT распачала другі сезон «Чытак у бары». Пад дахам бара Karma Crew у Варшаве цягам трох месяцаў будуць прадстаўляць тры п’есы на ўкраінскай мове.

30 траўня адбылася чытка п’есы Віталя Карабаня «Навіть не уявляю як ти».

Чытка п’есы Віталя Карабаня «Навіть не уявляю як ти». Фота: Аляксандр Драгавоз.

Віталь Карабань — выпускнік Беларускай акадэміі мастацтваў, шэсць гадоў пражыў ва Украіне, застаўшы пачатак вайны. П’еса «Навіть не уявляю як ти» напісана беларускім рэжысёрам і сцэнарыстам на ўкраінскай мове. Гэта — дакументальная драма, створаная на рэальных гісторыях жыхароў Марыупаля, Харкава, Сум, Мікалаева, Херсона.

У аснове тэксту — фіксацыя размоў, якія вяліся ў лагеры для ўцекачоў у першыя два тыдні поўнамаштабнага ўварвання Расіі ва Украіну. Гэты час Віталь Карабань правёў у Вінніцы, дзе ў пачатку вайны быў размешчаны лагер для бежанцаў. Аўтар слухаў, пра што размаўляюць людзі, калі выходзілі папаліць і перакінуцца кароткімі фразамі, у якіх сканцэнтравана перадавалі той жах, які раптоўна абрынуўся на іх. «За кожным маім безыменным персанажам — канкрэтны чалавек. Ты мог размаўляць тады з дзясяткам людзей, і ўсе яны гаварылі падобнымі словамі», — тлумачыць аўтар п’есы.

Чытка п’есы Віталя Карабаня «Навіть не уявляю як ти». Фота: Аляксандр Драгавоз.

Героі п’есы — звычайныя людзі, якія раптоўна былі вымушаныя змагацца за выжыванне, а не вырашаць свае будзённыя клопаты. Гэта людзі, якія апынуліся на памежжы. «Калі распачалася вайна, не пыталі, кім ты працуеш, а пыталі, кім ты працаваў да вайны», — кажа Віталь Карабань. У жахлівых умовах раптоўна выяўляецца сутнасць чалавека, і некаторыя міжволі становяцца героямі.

Чытка п’есы Віталя Карабаня «Навіть не уявляю як ти». Фота: Аляксандр Драгавоз.

«Жыццё мяне да гэтага не рыхтавала», — скажа адна з жанчын. Уся драма тут сканцэнтравана ў словах, у расповедах. Пра што гавораць шэсць безыменных герояў, тры мужчыны і тры жанчыны? Пра ўзаемаадносіны з родзічамі у Расіі, пра жыццё ў Марыупалі, пра тое, як цяжка пакінуць сваё жытло, пра доўгую дарогу праз дзесяць кардонаў, пра тое, як здавалі кроў для параненых, пра мары аб хуткім заканчэнні вайны і планы на будучыню ў мірны час, пра ўзаемадапамогу і начныя кашмары, пра жаданне пераехаць у Еўропу, каб працаваць там няважна кім, пра страту блізкага чалавека. Пра тое, як прывыкалі да абстрэлаў, пра «гульню ў хованкі, толькі на смерць», — як кажа адна з жанчын.

Чытка п’есы Віталя Карабаня «Навіть не уявляю як ти». Фота: Аляксандр Драгавоз.

Амаль манатонны пералік жахаў, побытавая атмасфера, паступовае прывыканне да ненармальнасці і цяжкае пачуццё няпэўнасці… Ніхто з іх яшчэ не прадчувае, што ўсё гэта будзе доўжыцца гадамі.

Чытэльнікі — беларусы і ўкраінцы: сам рэжысёр Віталь Карабань, Святлана Зелянкоўская, Валерыя Ободянска, Валерыя Сігова, Ігар Сігоў і Максім Шышко.

Святлана Зелянкоўская. Фота: Аляксандр Драгавоз.

Акторка Святлана Зелянкоўская расказала Reform.news, што праект стварыўся падчас тэатральнай рэзідэнцыі, у якую яна была запрошана праз ініцыятыву INEXKULT.

«Мяне цікавіць тэма вайны. У п’есе мне падабаецца тое, што тут прадстаўлены розныя характары і паказана рознае стаўленне да вайны. Я — беларуска, але восем гадоў пражыла ва Украіне і застала пачатак вайны. Хавалася ад абстрэлаў разам з усімі, адчувала страх і ўвесь спектр эмоцый. Праз два тыдні з’ехала за мяжу. Запрасілі мяне паўдзельнічаць у чытках таму, што я добра ведаю ўкраінскую мову, ва Украіне я працавала ў кіно і ў тэатры».

Чытка п’есы Віталя Карабаня «Навіть не уявляю як ти». Фота: Аляксандр Драгавоз.

П’еса Віталя Карабаня «Навіть не уявляю як ти» была паказана ў Львове ў маі 2023-га. Ён таксама аўтар п’есы «How are you?», якая абапіраецца на асабістыя сведчанні людзей, якія змагаюцца за жыццё ў варунках вайны. Была пастаўлена рэжысёрам Андрэем Новікам камандай «BY TEATR».

Праект «Чытак у бары» быў створаны ў рамках мастацкай рэзідэнцыі Instytut Teatralny im. Zbigniewa Raszewskiego, пры падтрымцы Ministerstwo Kultury i Dziedzictwa Narodowego.

Аўтар праекта — Пётр Непагода.

Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram

Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.