Керамічнае пано з выявай Кастуся Каліноўскага было знішчана падчас рэканструкцыі будынка гістфака БДУ на вуліцы Чырвонаармейскай. Фатаграфіі разбітага аб’екта савецкай манументальна-дэкаратыўнай спадчыны размясціла на сваіх старонках «Наша Ніва».
На пано быў выяўлены беларускі лідар нацыянальна-вызваленчага паўстання 1863 года Кастусь Каліноўскі разам з паўстанцамі-касінерамі. У ніжняй частцы аб’екта размяшчаліся радкі з верша Янкі Купалы:
Я адплаціў народу,
Чым моц мая магла:
Зваў з путаў на свабоду,
Зваў з цемры да святла.
Цэнтральнае пано аздаблялі керамічныя панэлі з выявамі сцэнак з народнага жыцця па матывах твораў Купалы.
Па звестках выдання, знішчэнне аб’екта адбылося яшчэ да ўварвання Расіі ва Украіну ў 2022 годзе. Па інфармацыі «Минск-Новости», капітальны рамонт будынка гістарычнага факультэта БДУ пачаўся яшчэ ў 2021 годзе і мусіў быў завяршыцца цягам 2022 года.
Фотаздымкі разбітага пано выклікалі рэакцыю супольнасці адмыслоўцаў — архітэктараў, рэстаўратараў і даследчыкаў, якія працуюць на карысць захавання гісторыка-культурнай і архітэктурнай спадчыны.
«Гэта рэдкі выпадак, калі мы ўвогуле даведваемся, што творы не проста «ну, кудысьці іх перавезлі, дакладна не ведаю», а дакладна былі страчаны, — зрэагаваў тэлеграм-канал «Спадчына». — Можна было спісаць страту вялікага пано на няшчасны выпадак, дрэннае мацаванне, але ж малафарматныя сцэнкі з купалаўскіх твораў, якія лёгка здымаюцца і пераносяцца, абвяргаюць падобныя згадкі. Гэтае мастацтва проста нікому не было патрэбнае з арганізатараў будоўлі, таму і пабілі. Адзіны пазітыўны момант у гэтай гісторыі — што мы абмяркоўваем праблему, на якую раней не звярталі ўвагу».
Супольнасць Belarusian Soviet Monumental ART (Беларускае Савецкая Манументальнае Мастацтва), якая акурат піша пра савецкую манументальную спадчыну, папулярызуе яе, асудзіла падобнае стаўленне да твораў мастацтва.
«Дадзеная праблема яшчэ раз гаворыць аб тым, што патрабуецца заканадаўчая база і пэўны статус за творамі манументальнага мастацтва, але галоўнае — актыўнасць людзей і іх жаданне захаваць гэтыя культурныя артэфакты. У большасці выпадкаў мы губляем гэтыя творы з-за бяздзейнасці і абыякавасці саміх людзей. Пакуль на ўзроўні разумення, што гэта не проста спадчына СССР ці БССР, а твор мастацтва, які можа стаць у адзін шэраг з сусветнымі шэдэўрамі мастацтва, мы будзем назіраць такую халатнасць», — выказаліся эксперты.
Да паднятай праблемы тэлеграм-канал «Спадчына» знайшла яшчэ адзін выпадак знішчэння манументальнага мастацтва ў БДУ. Падчас замены вокнаў у галоўным корпусе ў 2018 годзе былі прыбраныя прыгожыя вітражы на лесвічнай клетцы. «Дрэнны стан, немагчыма захаваць», — такім быў вердыкт тагачаснага кіраўніцтва, са слоў тэлеграм-канала.
Між тым, згодна з заканадаўствам, творы манументальна-дэкаратыўнага мастацтва не могуць быць знішчаныя, а мусяць быць рэканструяваныя, нават калі яны проста мяняюць месца знаходжання. Але адсачыць «пераезд» аб’ектаў, «планавыя працы» ў рэканструкцыі савецкіх будынкаў — адна з галоўных праблемаў для экспертнай супольнасці.
Адметна, што адноўлены гістфак пазіцыянуе сабе як факультэт-музей.
Факультэт-музей, у якім знікаюць і знішчаюцца творы савецкага мастацтва, — рэпутацыя не з лепшых.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.by у Telegram