«Гэты звон па табе»: беларусы — пра год вайны ва Украіне

Главное
Украінскі сцяг у Мінску на даху дома на перакрыжаванні праспекта Незалежнасці – вуліцы Каліноўскага. Фота невядомага аўтара зроблена сёння - 24 лютага 2023 года.

24 лютага 2022 года, роўна год таму, пачалося ваеннае ўварванне Расіі ва Украіну. Сёння беларусы ўзнаўляюць страшны дзень, які перакуліў свет з ног на галаву, стаў пачаткам новай гісторыі, а таксама выказваюцца ў падтрымку Украіны.

Reform.by сабраў самыя шчырыя і моцныя пасты ў сацсетках пра вайну, якая да гэтай пары падаецца неймавернай, але ўсё яшчэ працягваецца, забіраючы жыцці людзей ды змяняючы іх лёсы.

24 лютага 2022 года, якое змяніла жыццё не проста асобнай краіны, а ўсяго рэгіёна і свету. Як змяняемся мы?

«У мяне ўсё ок. Толькі вайна пачалася»

Дзяніс Марціновіч, тэатральны крытык, журналіст:

"Гэты звон па табе": беларусы - пра год вайны ва Украіне
Дзяніс Марціновіч з жонкай Настай. Фота з фейсбуку Дзяніса Марціновіча.

— У непазбежнасць вайны я паверыў літаральна за тыдзень да 24 лютага.

Размовы пра ўварванне Расіі ішлі ці не з лістапада. Потым суцішыліся ў снежні, а ў студзені выйшлі на новы ўзровень. Як і пераважная большасць, быў упэўнены, што Пуцін нападаць не будзе, бо гэта ж алагічна і бессэнсоўна. Калі нешта і здарыцца, то максімум невялікі канфлікт на Данбасе.

Магчыма, мяне торкнула навіна пра эвакуацыю з самаабавешчаных ЛНР і ДНР.

Зазірнуў у шафу: з’язджаць з Кіева не было з чым. Мелася ўсяго адна маленькая валізка, а рэчаў хапала.

І раніцай у суботу я паехаў у гандлёвы цэнтр за валізкай. Прастора была забітая народам. У той момант падумалася: ну як жа так, які канфлікт? Усе ж тут, і ўсё добра, ніхто не з’ехаў. Абышоў кропкі – кошты шалёна кусаліся. Трэба было набываць нешта танней.

Вандруючы па цэнтры, набраў праз сацсеткі жонку. Яна была ў Мінску, я ў Кіеве, і мы стэлефаноўваліся кожны дзень па некалькі разоў. Пужаць яе зусім не хацелася, таму пра планы сказаў асцярожна: маўляў, замоўлю зусім ужо на ўсялякі выпадак валізку, каб забраць яе сёння. Быў яшчэ іншы варыянт (ужо не памятаю, чым ён быў лепшы: валізка была ці больш танная, ці больш зручная). Насця спытала, чаму я не хачу выбраць апошнюю. Але там трэба было чакаць тыдзень. Я пачаў мяцца. «Ты што, думаеш, не дачакацца?», — жартам спытала жонка, не надта верачы ў тую верагоднасць.

Дагэтуль восенню яна якраз баялася вайны, а я ўсё пераконваў яе, што нічога не будзе. Пераканаў.

«Ну… — адказаў я. – А раптам. Не люблю я чакаць». Хоць у той момант у глыбіні душы быў упэўнены, што тыдня можа і не быць.

За валізкай трэба было ехаць на поўнач Кіева. Замовіў праз інтэрнэт і адразу паехаў туды – і пайшоў забіраць валізку. Прыйшоў на пункт выдачы. Прыносяць. Адкрываю – а там унутры другая валізка. Адкрываю другую, а там трэцяя.

Запытваю: «Гэта дакладна мне?»

«А вам не трэба?»

«Мне трэба, але ж вам адказваць».

Пахадзілі па складах, вяртаюцца: «Мужык, забірай». Паўтараць не трэба было. Узяў тры валізкі – і пацягнуў іх дадому. Прыехаў і ў той жа вечар пакрысе стаў збірацца.

Тады я здымаў кватэру-студыю. Валізкі стаялі побач з ложкам на падлозе, і я пакрысе ўкладваў туды ўсе рэчы.

Схадзіў у мясцовую бібліятэку. Раней запісаўся туды, цяпер здаў амаль усе кнігі, пакінуў сабе толькі дзве ці тры.

І стаў чакаць. Вечар серады не натхняў. Прамова Пуціна тым больш. У папярэднія дні я ставіў мабільны на начны рэжым, каб мяне не будзілі, а тут адключыў інтэрнэт ды пакінуў гук. У шэсць раніцы 24 лютага мне патэленавалі сябры.

«Пачалося».

«Што?»

«Вайна».

Падскочыў на ложку. Падзякаваў. Паклаў слухаўку і зайшоў у інтэрнэт.

Секунд дзесяць з неверагоднай хуткасцю стукала сэрца. А потым супакоўіся. Трэба было паведаміць сваякам і дазбіраць рэчы. Пужаць не хацелася. Як потым расказвала жонка: «Адкрываю тэлеграм, а там ад цябе паведамленне: «Не пужайся. У мяне ўсё ок. Толькі вайна пачалася». Яна яго прачытае толькі праз некалькі гадзін – збірала ў школу дзяцей. А я пакуль пачаў зборы. Выкінуў ёлку, што стаяла з Новага года. Выкінуў прадукты. Сабраў амаль усе рэчы ў дзве валізкі. Трэцяя засталася.

На раніцу таго дня ў мяне было прызначана медабследаванне ў адным прыватным цэнтры. Вырашыў рызыкнуць і схадзіць туды: «А раптам працуюць?». Патэлефанаваць забыўся. Натуральна, там было зачынена.

"Гэты звон па табе": беларусы - пра год вайны ва Украіне
Фота з фейсбуку Дзяніса Марціновіча.

Я  жыў у мікрараёне Церамкі, вокны дома глядзелі на кальцавую. Ужо з раніцы на выезд з горада ішла няспынная плынь машын.

У паветры адчувалася разлітая трывога, вядомая з фільмаў і кніг пра вайну. Там і высветлілася, што ўсё, што апісвалі аўтары, праўда. Выбар быў у тым, куды ісці: у банкаматы і ў аптэкі стаялі чэргі. Выбраў аптэку, у чым потым не пашкадаваў. У чарзе стаяў паўтары гадзіны, але набыў усё, што трэба. У банкамаце да таго часу ўсе грошы ўжо скончыліся.

Вярнуўся дадому. Узяў усе рэчы і пайшоў на выхад – выбірацца з горада.

У тыя дні здавалася, што перажыў жах. Пасля зразумеў, што ў мяне яшчэ быў адносна лёгкі варыянт: не чуў ужывую выбухаў, размінуўся з бамбёжкамі (праязджаў праз месца, якое бамбілі за паўгадзіны да нашага праезду). Але гэтыя дні, вядома, засталіся ў памяці на ўсё жыццё.

Таму мне пашанцавала. У ноч з 25 на 26 лютага перасёк польскую мяжу.

«Краіна, якую я лічыў сваёй, стала лічыць мой народ ворагам»

Андрэй Стрыжак, заснавальнік фонда BySol:

"Гэты звон па табе": беларусы - пра год вайны ва Украіне
Андрэй Стрыжак. Фота з сацсетак.

— Год таму быў вечар серады.

Мы з сябрамі неяк абсалютна бязбожна накідаліся і гутарылі пра ўсялякую лухту. Гэта было падобна на нейкую пірушку перад канцом свету. Мы разышліся недзе а трэцяй, і калі я прачнуўся раніцай, ракеты і бомбы ўжо забівалі ўкраінцаў. Адбылося тое, чаго я чакаў і пра што ведаў, таму адзіная эмоцыя, якая панавала мной, была спакойная ўпэўненасць перад выкананнем вялікай і складанай задачы.

Я не здзіўлены тым, што ўварванне адбылося менавіта ў чацвер. На той час традыцыі ў гэтага дня былі ўжо такія сабе. Мы з камандай правялі брэйнсторм і выпрацавалі канцэпт працы ў новых умовах. Да канца дня ў нас ужо была эвакуацыйная гарачая лінія, а за наступныя два дні мы разгарнулі паўнавартасны новы кірунак — дапамогі Украіне.

Год прайшоў як адзін кароткі люты. У ім было больш ільду і холаду, у тым ліку і паміж беларусамі і ўкраінцамі. У ім было зашмат чорнага і горкага, зашмат імёнаў з другімі датамі. Зашмат разбураных ушчэнт гарадоў, якія не чужыя для майго лёсу.

Краіна, якую я лічыў сваёй, стала лічыць мой народ ворагам. На жаль, у чорна-белым, ці чорна-зялёным экране тэплавізійнага прыцэла ніхто не адшукае адценняў. Такі лёс — vae victis. Але ж, ты victis, толькі калі сам гэта прызнаеш.

Няўмольныя гадзіннік і час, які ён адлічвае для кожнага з нас. Зашмат тых, чый час спыніўся за гэты год. Тых, хто прыйшоў з вайной у чужы дом і, зашмальцаваны коламі грузавікоў, быў умяты ў тую зямлю, якой так хацеў. Зашмат тых, хто стаў на абарону свайго ганку, гатовы, ці не, да той долі, якую прынёс час.

Я сяджу за стойкай, у маіх руках чорнае і горкае, тое, што не ратуе ані ад чаго. Толькі на час дазваляе табе не памятаць таго, што ты не забудзеш ніколі. Не пытай, па кім звоніць званочак у кішэнным гадзінніку вайны.

Гэты звон па табе.

«На наступны дзень напісаў заяву на звальненне»

Аляксей Ластоўскі, сацыёлаг, даследчык гістарычнай памяці:

"Гэты звон па табе": беларусы - пра год вайны ва Украіне
Аляксей Ластоўскі. Фота з сацсетак сацыёлага.

— Год назад я знаходзіўся ў Наваполацку, якраз пачынаўся новы семестр. Раніцай чытаю навіны, агаламошаны, разумею, што ўвесь свет коціцца ў прорву. Асабліва было балюча, што Беларусь прымала ўдзел у агрэсіі. Паставіў украінскі сцяжок на аватарку, так год і стаіць.

Пайшоў ва ўніверсітэт, галава дурная, у студэнтаў вочы на лоб. Замест лекцый проста размаўляў са студэнтамі пра тое, што адбываецца і што нас чакае.

У гэты ж дзень мяне выклікалі на кафедру, дзе паведамілі, што мне змянілі расклад. На наступны дзень напісаў заяву на звальненне з ПДУ.

Па дарозе да Мінска атрымаў прапанову падпісаць зварот беларускай інтэлігенцыі супраць расійскай вайсковай агрэсіі. Сказаў, што мне не падабаецца слова інтэлігенцыя, але ў такой сітуацыі не да нюансаў. Падпісваю.

І адчуванне бездапаможнасці, калі молах вайны паглынае будучыню.

«Нам з гэтым жыць і працаваць»

Таццяна Нядбай, старшыня Беларуска ПЭНа, паэтка:

"Гэты звон па табе": беларусы - пра год вайны ва Украіне
Таццяна Нядбай. Фота: dirk-skiba-fotografie.de.

— Год таму я прачнулася ў гатэлі ў Вільні а пятай ранку, бо трэба было зрабіць працу. Прыйшла ў рэстаран, адкрыла навіны і — пагрузілася ў вайну.

Спачатку была заява: яна не спыняла вайны, але ясна артыкулявала пазіцыю. Праз пару дзён Беларускі ПЭН / PEN Belarus разам з Fundacja Open Culture / Otwarta Kultura ініцыявалі збор сродкаў для PEN Ukraine і ўкраінскіх аўтараў. За першыя тыдні і месяцы было сабрана:

95 038,92 PLN

48 340,42 EUR

1 761,99 USD

5 000,43 GBP

За гэты год мы перажывалі розныя стадыі супольнай віны і адказнасці, гублялі і знаходзілі сябе нанова ў вайне і рэпрэсіях (якія ні на хвіліну не спыняліся і не гублялі сваёй інтэнсіўнасці), страчвалі і набывалі сяброў і ворагаў, спрачаліся, адстойвалі сваё і працягвалі рабіць тое, што наблізіць перамогу над злом і дасць нам магчымасць вярнуць свой дом. Працягвалі рабіць сваю працу.

"Гэты звон па табе": беларусы - пра год вайны ва Украіне
Фота з фейсбуку Таццяны Нядбай.

Мяне захапляў гераізм украінскага народа, я перажывала боль Бучы, Ірпеня, Марыупаля, Ізюма і з жахам назіраю, як сёння інфармацыйная павестка няўхільна мяняецца і вайна саступае іншым тэмам і трагедыям. Непазбежна стамляюцца ад узроўню болю медыя і іх аўдыторыі, прыціраюцца эмоцыі, і ўсё цяжэй будзе дакрычацца да тых, хто ў 2020-м быў уражаны Беларуссю, а ў 2022-м Украінай.

І нам з гэтым жыць і працаваць.

«Расейскі ваенны карабель павольна, але ўпэўнена йдзе на дно»

Лявон Вольскі, музыка:

"Гэты звон па табе": беларусы - пра год вайны ва Украіне
Лявон Вольскі. Фота з сацсетак музыкі.

— Год — нібыта ў абсурдовым сьне. Калі да падзеяў 2020-га ўнутрана быў гатовы (ясна, не да канца, але ўсё адно), дык ў 2022-м здавалася, што ўсё ж-такі розум і здаровы сэнс перамогуць. Але не. Расея запусьціла гэтую мясарэзку. А разам зь ёй — працэс абнуленьня сваёй няўклюднай імпэрыі. І болей за ўсё зьдзіўляе, што ва ўсіх гэтых парлямантах-думах не знайшлося хоць некалькі дзясяткаў здаровых людзей. Не! Усеагульная мілітарысцкая істэрыя! Пад бяздарныя гукі фальшывых маршаў і ваяўнічыя воклічы расейскі ваенны карабель павольна, але ўпэўнена йдзе на дно. Каго ён пацягне за сабой?

Кіеў не захапілі за тры дні. Украіну не паставілі на калені. І беларускія рэйкавыя партызаны зрабілі сваю гераічную справу.

Слава Ўкраіне! Жыве Беларусь!

«Мяне трымае нянавісьць»

Святлана Курс, пісьменніца:

"Гэты звон па табе": беларусы - пра год вайны ва Украіне
Святлана Курс. Фота: Дзірк Скіба.

— Ад пачатку страшных рэпрэсій, якія здушылі мірную і прыгожую рэвалюцыю ў 2020-м, было мне ўсё горш і горш. Але ад 24 лютага 2022 году гэта псыхічнае пагружэньне ў змрок, маральная кляўстрафобія і асобасная дэзынтэграцыя.

Сёньня прачытала допіс украінскай снайперкі. Яна бачыла, як расейцы палілі чалавека жыўцом, як адразалі галаву палоннаму. Але дастаць не магла, толькі глядзець. Ёй яшчэ горш.

Што можа нас трымаць у такой сытуацыі? Мяне трымае нянавісьць. Іх краіна, іх супольнасьць, іх сьвядомасьць не павінны існаваць у такім выглядзе. Мы павінны кожны на сваім месцы зрабіць сваю работу, каб гэтага не існавала, не засталося ў такім выглядзе. Гэта горш за нямецкі фашызм. Глумлівае зло.

«Што мы зрабілі для таго, каб гэтая вайна не пачалася?»

Аляксандр Чарнуха, пісьменнік, музычны крытык:

"Гэты звон па табе": беларусы - пра год вайны ва Украіне
Аляксандр Чарнуха. Фота: сацсеткі пісьменніка.

— 365 — гэта толькі лічба. Лічба, якая правакуе рэфлексію. Окей, тады давайце разам паразважаем.

Што мы зрабілі для таго, каб гэтая вайна не пачалася?

Што мы робім для таго, каб яна хутчэй скончылася?

Што будзем рабіць, каб яна не паўтарылася?

Пытанні, на якія кожны мусіць адказаць сабе. Не публічна. А шчыра. Без цынізму сацсетак.

«Ведаю, што гэта ўсё скончыцца»

Улада Сянькова, кінарэжысёрка:

"Гэты звон па табе": беларусы - пра год вайны ва Украіне
Улада Сянькова. Фота: Аляксандра Канончанка.

— Год таму я сядзела на беразе мора ў Батумі, прыклееная да экрана телефона, і ўвесь дзень чытала навіны. Здавалася, што цемра перамагла і ніколі больш не будзе святла. І раптам у моры з’явіліся дэльфіны. Яны бадзёра скокалі па хвалях, як быццам перадаючы мне сігнал, што ўсё гэта скончыцца. З таго часу я кожны дзень жыву з дэльфінам унутры. І ведаю, што гэта ўсё скончыцца і Украіна пераможа. Няхай толькі гэта будзе хутчэй. Моцы ўкраінскаму народу, вечная памяць загінулым.

Слава Україні!

Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.by у Telegram

Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.

🔥 Поддержите Reform.news донатом!
REFORM.news (ранее REFORM.by)

Последние новости




Сообщить об опечатке

Текст, который будет отправлен нашим редакторам: